Расея і Ўкраіна дамовіліся часова спыніць баявыя дзеяньні ў горадзе Алешкі, каб даставіць гуманітарную дапамогу, паведаміў Белы дом. Інфармацыю адтуль пацьвердзілі як у Маскве, так і ў Кіеве.
У Вашынгтоне паведамілі, што рэжым спыненьня агню будзе дзейнічаць з 29 кастрычніка, пагадненьня дасягнулі пры пасярэдніцтве Мэланіі Трамп.
«Жыхары Алешак жывуць ва ўмовах абмежаванай электраэнэргіі, на замінаваных дарогах і рэгулярна зазнаюць ваенных атак. Было цалкам відавочна, што без майго ўмяшаньня дастаўка гуманітарнай дапамогі ў горад і эвакуацыя пажылых людзей былі б немагчымыя», — заявіла першая лэдзі ЗША.
Мэланія Трамп і яе прадстаўнік «працавалі наўпрост з расейскім і ўкраінскім кіраўніцтвам над вызначэньнем умоў лякальнага спыненьня агню», а Мэланія з уласнай волі пачала перамовы з абедзьвюма краінамі.
Да разьвязаньня пытаньня прыцягнулі незалежную амэрыканскую мэдыяарганізацыю для суправаджэньня і дакумэнтаваньня дзеяньняў расейскіх і ўкраінскіх групаў на месцах на працягу ўсяго працэсу.
Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расеі Валерый Герасімаў заявіў, што расейскія войскі ўводзяць «рэжым цішыні» на Херсонскім кірунку ў сувязі з гуманітарнай апэрацыяй у Алешках. Згодна зь ім, спыненьне агню павінна пачацца, а 4:00 раніцы маскоўскага часу 27 кастрычніка.
Заява Генштабу УСУ
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што Сілы абароны Ўкраіны забясьпечаць выкананьне рашэньняў Галоўнага камандзіра, прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага дзеля рэалізацыі гуманітарнай місіі ў Алешках.
Штаб адзначыў, што адпаведныя загады «давядуць да войскаў у адпаведнасьці з устаноўленым парадкам», цытуе яго ўкраінская служба Радыё Свабода.
Украінскія падразьдзелы неаднаразова выконвалі задачы ў дастаўцы гуманітарных грузаў бесьпілётнікамі жыхарам Алешак і навакольных вёсак, нагадвае Генэральны штаб і чакае, што «гуманітарны доступ да жыхароў Алешак будзе гарантаваны».
Блякада Алешак
Алешкі трапілі пад расейскую акупацыю яшчэ ў першыя дні яе паўнамаштабнага ўварваньня, у лютым 2022 году. Горад разьмешчаны на левым беразе Дняпра, і цяпер гэта натуральная мяжа паміж свабоднай і акупаванай часткамі Херсонскай вобласьці.
Паводле зьвестак Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі, у Алешках застаюцца каля 2 тысяч чалавек, у тым ліку амаль 50 дзяцей. Адміністрацыя гаворыць, што расейскія войскі перашкаджаюць дастаўцы дапамогі і фактычна пазбаўляюць жыхароў магчымасьці пакінуць горад.
Спробы міжнародных арганізацый дамовіцца з расейскімі ўладамі аб эвакуацыі мірных жыхароў з акупаванага гораду доўга не давалі вынікаў.
Форум