Віцэ-прэзыдэнтка Эўрапейскага парлямэнту Піна Пічэрна пачала галадоўку, каб прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да крытычнай сытуацыі ў акупаваным Расеяй горадзе Алешкі Херсонскай вобласьці.
Яна заклікала да неадкладнага гуманітарнага перамір’я, каб забясьпечыць дастаўку прадуктаў харчаваньня і мэдыкамэнтаў у Алешкі, а таксама бясьпечную эвакуацыю мірных жыхароў, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Пічэрна падкрэсьліла, што лёс жыхароў Алешак павінен быць прыярытэтам для кожнай эўрапейскай установы.
У паведамленьні ў сацыяльнай сетцы X Пічэрна адзначыла, што гэтай ініцыятывай яна імкнецца падтрымаць намаганьні Папы Рымскага, які заклікаў да спыненьня агню дзеля дапамогі жыхарам горада, дадаўшы: «Жыхароў Алешак нельга пакідаць сам-насам з іх лёсам».
16 кастрычніка Папа Рымскі правёў тэлефонную размову з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, заклікаўшы да спыненьня агню ў Алешках на фоне гуманітарнага крызісу і голаду ў гэтым акупаваным Расеяй горадзе Херсонскай вобласьці.
Камэнтуючы гэтую размову, у Крамлі заявілі, што Пуцін нібыта падтрымаў ініцыятыву Ватыкану па дастаўцы дапамогі мірнаму насельніцтву ў Алешках.
Спробы міжнародных арганізацый дасягнуць пагадненьня з расейскімі ўладамі наконт эвакуацыі мірных жыхароў з акупаванага гораду пакуль не далі ніякіх вынікаў.
Эвакуацыю людзей ускладняюць замінаваныя дарогі, атакі бесьпілётнікаў і праверкі на расейскіх блёкпастах.
Да вайны ў Алешках жыло 20 тысяч чалавек.
Раней камісар Рады Эўропы ў правах чалавека Майкл О’Флаэрці заклікаў да неадкладнага лякальнага спыненьня агню ў раёне часова акупаваных Алешак Хэрсонскай вобласьці, каб забясьпечыць гуманітарны доступ і эвакуацыю мірных жыхароў.
Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга 23 верасьня на паседжаньні Рады Бясьпекі ААН, заклікаў партнэраў патрабаваць ад Расеі адкрыць гуманітарныя калідоры.
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец заявіў, што вёў перамовы з расейскім бокам і была дасягнутая дамоўленасьць пра гуманітарны калідор, але Расея «ўжо працяглы час не пацьвярджае сваёй гатоўнасьці правесьці гуманітарную місію дзеля эвакуацыі людзей».
Акупацыя часткі Херсоншчыны
Горад Алешкі быў акупаваны Расеяй у першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня ў лютым 2022 году. Горад разьмешчаны на левым беразе ракі Дняпро, якая цяпер служыць натуральнай мяжой паміж свабоднай і акупаванай часткамі Херсонскай вобласьці Ўкраіны.
Абласны цэнтар Херсон украінскія войскі вызвалілі падчас контрнаступу восеньню 2022 году.
Паводле зьвестак Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі, у Алешках застаюцца каля дзьвюх тысяч чалавек, у тым ліку амаль 50 дзяцей. У адміністрацыі паведамляюць, што расейскія сілы перашкаджаюць дастаўцы дапамогі і фактычна не дазваляюць жыхарам пакінуць горад.