Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля інцыдэнту на беларуска-латвійскай мяжы ўрад Беларусі забараніў увоз шэрагу відаў прадукцыі з Латвіі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі дапоўніў пералік тавараў, імпарт якіх з Латвіі забаронены.

Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастановы Савету міністраў Беларусі, дадатковыя абмежаваньні пачнуць дзейнічаць з 15 сьнежня 2026 году.

У прыватнасьці, Менск адмовіўся ад паставак з Латвіі гатовых прадуктаў і кансэрваў з ласося, сардынэлы, кількі, траскі, сумесяў вітамінаў і мінэральных рэчываў для збалянсаванага харчаваньня.

З прамысловых тавараў забаранілі імпарт статуэтак, рамаў для карцін і фатаздымкаў, люстэрак, ваты з тэкстылю і вырабаў зь яе, коўдраў (апроч электрычных) і пледаў з воўны, сетак і агароджы з чорных мэталяў, шарнірных ланцугоў, палотнаў для цыркулярных піл, нажоў і лёзаў для драўніны, арматуры й іншых дэталяў для маторных транспартных сродкаў, рухавікоў, падвалкаў, антэнаў і іншай прадукцыі.

Што папярэднічала

6 кастрычніка Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі паведамілі аб інцыдэнце, калі група прынамсі з 20 мігрантаў пад кіраўніцтвам людзей у масках спрабавала незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу Латвіі.

Латвійскія вайскоўцы спынілі гэтую спробу, аднак, адрозна ад папярэдніх выпадкаў, гэтым разам правакацыя мела асабліва дэманстратыўны і агрэсіўны характар, адзначалася ў паведамленьні. Людзі, якія суправаджалі мігрантаў, былі ўзброеныя і пагражалі латвійскім вайскоўцам, а таксама актыўна падганялі мігрантаў у бок Латвіі.

Празь некалькі гадзін пасьля гэтага здарэньня людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі разьмеркавальную электрычную шафу і скралі камэры назіраньня.

13 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў улады Латвіі ў інсцэнізацыі нападу на латвійскіх памежнікаў з боку Беларусі.

«Мы цудоўна ведаем, пра гэта мне ўжо далажылі, што гэта было зроблена ўсё як інфармацыйная нагода, каб атрымаць грошы ад Эўрапейскага Зьвязу самімі латышамі. Мы да гэтага ня маем ніякага дачыненьня, што мы там праніклі на іхную тэрыторыю, — людзі ў масках, вайскоўцы некага схапілі, захапілі або заштурхнулі туды нейкую групу мігрантаў. Большага глупства не прыдумаеш», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Чаму гэта важна

Урад Беларусі пачаў уводзіць абмежаваньні для краін і інтэграцыйных аб’яднаньняў у 2022 годзе ў адказ на ўвядзеньне санкцыяў за саўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны.

У пералік «недружалюбных» краін уключылі Аўстралійскі Зьвяз, усе дзяржавы Эўразьвязу, Канаду, Ліхтэнштайн, Нарвэгію, Новую Зэляндыю, Альбанію, Ісьляндыю, Паўночную Македонію, Вялікую Брытанію, ЗША, Чарнагорыю і Швайцарыю.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG