Абвастрэньне на мяжы
На тле заяваў міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова пра гатоўнасьць афіцыйнага Менску ў адносінах з краінамі NATO вярнуцца да мэханізмаў вэрыфікацыі, раньняга папярэджаньня і іншых захадаў транспарэнтнасьці ў ваеннай сфэры рэзка абвастраецца сытуацыя на мяжы Беларусі з Латвіяй. Міграцыйны ціск зь беларускага боку набыў новыя формы.
Як паведамілі Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі, на гэтым тыдні група як найменей з 20 мігрантаў пад кіраўніцтвам людзей у масках спрабавала незаконна перасекчы дзяржаўную беларуска-латвійскую мяжу. Гэтым разам правакацыя мела асабліва дэманстратыўны і агрэсіўны характар. Паводле латвійскага боку, мігрантаў суправаджалі ўзброеныя людзі, якія пагражалі латвійскім вайскоўцам, а таксама актыўна падганялі мігрантаў у бок Латвіі. Паводле міністра ўнутраных спраў Латвіі Яніса Домбравы, празь некалькі гадзінаў людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі разьмеркавальную шафу і скралі камэры назіраньня, пасьля чаго вярнуліся на тэрыторыю Беларусі.
Новым элемэнтам стала зьяўленьне на мяжы ўзброеных людзей у масках, якія, паводле латвійскага боку, суправаджалі мігрантаў і пагражалі латвійскім вайскоўцам.
Яшчэ ў верасьні ўлады Латвіі паведамілі пра «наўмыснае пашкоджаньне абсталяваньня і кабэляў відэаназіраньня» на мяжы. Раней паведамлялася, што для нелегальнага пераходу мяжы беларуска-латвійскай мяжы пачалі будаваць падземныя тунэлі. Латвійскія памежнікі знайшлі прынамсі два такія тунэлі (а ў Літве — ужо 12).
Цяжка ўявіць, што і зьяўленьне ўзброеных людзей, і будаўніцтва падземных тунэляў магло адбыцца бязь ведама, а можа і падтрымкі ўладаў Беларусі. Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Латвіі Гунціс Пуяцс у жніўні заявіў, што абодва выяўленыя на беларуска-латвійскай мяжы тунэлі, на яго перакананьне, былі выкапаныя з ведама беларускіх службаў.
Латвія — галоўны кірунак правакацый зь Беларусі
Варта акцэнтаваць увагу на тым, што раней галоўнымі кірункамі міграцыйных атак была мяжа Беларусі з Польшчай і Літвой. А вось сёлета ўсё памянялася — Латвія стала галоўным кірункам атак незаконных мігрантаў з Беларусі.
Як паказаў праведзены рэсурсам «Позірк» аналіз дадзеных памежных ведамстваў эўрапейскіх дзяржаў, з пачатку года суседнія зь Беларусьсю краіны ЭЗ спынілі 14,1 тысячы спроб мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Больш за ўсё спроб зафіксавалі на латвійскім участку мяжы — 11,9 тысячы; на літоўскай — 1,7 тысячы, польскай — каля паўтысячы.
Перамяшчэньне асноўнай міграцыйнай плыні з польскага на латвійскі ўчастак мяжы дае дадатковыя падставы казаць пра арганізаваны характар гэтага працэсу. Латвійскія ўлады адкрыта называюць выкарыстаньне Беларусьсю нелегальнай міграцыі інструмэнтам гібрыднага ціску.
Розны падыход да суседзяў
Чаму перамясьцілася вастрыё атак на мяжу з Латвіяй?
З Польшчай афіцыйны Менск пачаў намацваць крокі да кампрамісу. Падчас 81-й сэсіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку кіраўнік МЗС Беларусі сустрэўся з польскім міністрам замежных спраў Радославам Сікорскім. Вядомы журналіст і актывіст польскай меншасьці Анджэй Пачобут змог бесьперашкодна прыехаць і выехаць з Беларусі, беларускія ўлады яго не чапалі. Паводле інфармацыйных крыніц Польшчы, афіцыйны Менск намякае, што гатовы ў нейкай форме прызнаць Саюз палякаў Беларусі.
І зь Літвой цяпер улады Беларусі не хацелі б моцна псаваць адносіны. У перамовах са Злучанымі Штатамі актуалізавалася тэма паставак туды калійных угнаеньняў. ЗША зьвярнулася да суседніх зь Беларусьсю краін з прапановай дапусьціць праз свае тэрыторыі экспартныя пастаўкі беларускага калію. Літоўскі порт Клайпеда — ключавы маршрут транзыту, якім Беларусь карысталася да спыненьня паставак у 2022 годзе.
У такі момант рэжым Аляксандра Лукашэнкі імаверна лічыць, што ня варта дражніць суседзяў дадатковымі непрыемнымі захадамі. Да таго ж у Літве створаны новы ўрад, кіраўнік якога Міндаўгас Сінкявічус не выключаў пэўнай нармалізацыі адносін зь Беларусьсю пры пэўных умовах.
Абвастраючы ж дачыненьні з Латвіяй, афіцыйны Менск нічым асабліва не рызыкуе. Тым больш, што латвійскія ўлады апошнім часам прымалі новыя захады, абцяжарваючы кантакты зь Беларусьсю і Расеяй і ўскладняючы легалізацыю ў сваёй краіне расейскіх і беларускіх грамадзян. Таму нельга выключаць, што ўзмацненьне міграцыйнага ціску на латвійскім кірунку ў Менску разглядаюць і як спосаб адказаць на палітыку Рыгі.
Ці можа гвалт на мяжы стаць падставай для вайны?
Нельга выключаць і шырэйшага расейскага кантэксту. Эўрапейскія краіны неаднаразова абвінавачвалі Расею ў выкарыстаньні гібрыдных мэтадаў ціску супраць ЭЗ і NATO. Аднак публічных доказаў непасрэднага ўдзелу Масквы ў апошніх інцыдэнтах на беларуска-латвійскай мяжы няма.
У любым разе, згаданыя інцыдэнты на мяжы вельмі небясьпечныя. Зьяўленьне ўзброеных людзей, пагрозы латвійскім вайскоўцам і пранікненьне людзей у масках на тэрыторыю Латвіі павялічваюць рызыку ўзброенага сутыкненьня. Калі падобны інцыдэнт скончыцца стралянінай і ахвярамі, гэта можа выклікаць значна больш сур’ёзны крызіс у адносінах паміж Беларусьсю і Латвіяй, якая зьяўляецца чальцом NATO.
Гледзячы па ўсім, латвійскія ўлады не імкнуцца да распальваньня жарсьцяў вакол гэтых інцыдэнтаў. Пакуль сытуацыю камэнтуюць кіраўнікі сілавых структураў. Няма публічнай рэакцыі з боку прэзыдэнта, прэм’ер-міністра ці нават МЗС.
Але тут узьнікае пытаньне: чаму ў афіцыйнага Менску левая рука ня ведае, што робіць правая? З аднаго боку агучаная дэманстрацыя гатоўнасьці да задзейнічаньня мэханізмаў вэрыфікацыі, раньняга папярэджаньня і іншых захадаў транспарэнтнасьці ў ваеннай сфэры ў адносінах з суседзямі. А зь іншага боку, адбываюцца такія гвалтоўныя правакацыі на мяжы.
Форум