Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта частка шырэйшай стратэгіі. Сыбіга і Ціханоўская адрэагавалі на інцыдэнт на мяжы Латвіі і Беларусі

абноўлена
Андрэй Сыбіга. Архіўнае фота
Андрэй Сыбіга. Архіўнае фота

Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга выказаў салідарнасьць з Латвіяй у сувязі з правакацыяй на латвійска-беларускай мяжы.

«Украіна выказвае поўную салідарнасьць з Латвіяй у сувязі з інцыдэнтам на яе мяжы зь Беларусьсю, падчас якога ўзброеныя асобы пагражалі латвійскім вайскоўцам, суправаджаючы мігрантаў да мяжы. Не павінна быць сумневаў: за гэтым стаіць Масква. Пуцін сьвядома выкарыстоўвае міграцыю як зброю з дапамогай Лукашэнкі, каб дэстабілізаваць Эўропу», — напісаў Андрэй Сыбіга на сваёй старонцы ў Х.

Кіраўнік украінскай дыпляматыі перакананы, што гэты інцыдэнт ёсьць часткаю шырэйшай агрэсіўнай стратэгіі.

«Расея і беларускі рэжым працягваюць выпрабоўваць эўрапейскую бясьпеку, усё часьцей зьвяртаючыся да дывэрсійных актаў. Адказам павінны стаць мацнейшы ціск, мацнейшыя межы і мацнейшая падтрымка сілаў абароны Ўкраіны — магутнай сілы, якая бароніць Эўропу», — перакананы Андрэй Сыбіга.

Ціханоўская: «Дэмакратычная Беларусь мае вырашальнае значэньне для бясьпекі Эўропы»

Сьвятлана Ціханоўская таксама назвала інцыдэнт на беларуска-латвійскай мяжы «частай больш шырокай тэндэнцыі».

«Рэжым у Беларусі працягвае пагражаць Эўропе, выкарыстоўваючы міграцыю і іншыя гібрыдныя напады. Гэтыя пагрозы будуць захоўвацца да таго часу, пакуль ён застаецца пры ўладзе. Свабодная і дэмакратычная Беларусь мае вырашальнае значэньне для бясьпекі Эўропы», — напісала Сьвятлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў Х.

Што папярэднічала

Міністар унутраных справаў Латвіі Яніс Домбрава 6 кастрычніка паведаміў, што ўзброеныя людзі ў масках пагражалі латвійскім вайскоўцам зь беларускай тэрыторыі і падганялі мігрантаў у бок латвійскай мяжы.

«Беларусі варта разумець, што падобныя выпадкі могуць прывесьці да больш сур’ёзных наступстваў для самой Беларусі», — зазначыў ён.

Згодна з інфармацыяй Нацыянальных узброеных сілаў Латвіі, на гэтым тыдні група прынамсі з 20 мігрантаў пад кіраўніцтвам людзей у масках спрабавала незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу Латвіі.

Латвійскія вайскоўцы спынілі гэтую спробу, аднак, адрозна ад папярэдніх выпадкаў, гэтым разам правакацыя мела асабліва дэманстратыўны і агрэсіўны характар. Людзі, якія суправаджалі мігрантаў, былі ўзброеныя і пагражалі латвійскім вайскоўцам, а таксама актыўна падганялі мігрантаў у бок Латвіі.

Празь некалькі гадзінаў пасьля гэтага здарэньня людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі разьмеркавальную электрычную шафу і скралі камэры назіраньня. Яшчэ да прыбыцьця нараду памежнікаў яны вярнуліся на тэрыторыю Беларусі.

Перад гэтым улады Эстоніі заявілі аб істотным росьце на сваёй тэрыторыі колькасьці мігрантаў, якія да таго незаконна перасеклі беларуска-латвійскую мяжу.

У Эстоніі за апошнія месяцы затрымалі амаль 300 мігрантаў, якія незаконна трапілі туды зь Беларусі праз Латвію.

Чаму гэта важна

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў уважаюць яго за «гібрыдную атаку», арганізаваную рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Эўразьвяз празь Беларусь, бо тых туды нібыта «паклікалі», а сам ЭЗ «душыць» Менск санкцыямі.

Улады суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў Эўразьвязу разглядаюць нелегальную міграцыю церазь усходнюю мяжу як інструмэнт гібрыднага ціску.

Міністар унутраных справаў Латвіі Яніс Домбрава 11 жніўня заявіў, што арганізацыя плыняў нелегальнай міграцыі церазь беларуска-латвійскую мяжу — адна з формаў гібрыднай вайны. Ён таксама падкрэсьліў, што «Расея выкарыстоўвае Беларусь для гібрыдных атак».

У 2026 годзе Латвія стала найбольш актыўным кірункам мігранцкага крызісу.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG