Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму ён думаў, што я не пазна́ю яго?» Што інкамунікада робіць з чалавекам у беларускай турме

Кніга Ігара Карнея «Інкамунікада. Катаваньне адзінотай» на фэстывалі «Прадмова» ў Вільні
Кніга Ігара Карнея «Інкамунікада. Катаваньне адзінотай» на фэстывалі «Прадмова» ў Вільні

На фэстывалі беларускай кнігі «Прадмова» абмеркавалі праблему ізаляцыі палітвязьняў без магчымасьці сувязі з блізкімі.  Нагодай стала кніга Ігара Карнея кніга «Інкамунікада. Катаваньне адзінотай».

Сам аўтар пакуль ня можа выяжджаць за межы Партугаліі, дзе жыве пасьля вызваленьня ў 2025 годзе, бо тамтэйшыя ўлады дагэтуль не аформілі яму дакумэнтаў.

Але ў дыскусіі «Інкамунікада. Чалавек, якога няма» ўзяла ўдзел ягоная жонка Іна Карней, а таксама былы палітвязень, юрыст Максім Знак і адвакатка Натальля Мацкевіч.

Іна Карней
Іна Карней

Іна Карней прачытала ліст Ігара з ізаляванай камэры ў калёніі пра тое, як ён ратаваўся ад самоты размовамі з мухай, якой нават даў мянушку «Ніна». І як адчуў пачуцьцё страты, калі «Ніна» зьнікла пасьля чарговага «шмону» (ператрусу).

Паводле Іны Карней, інкамунікада — гэта ня проста больш жорсткі рэжым для вязьня, а рэальныя псыхалягічныя пакуты.

Яна згадала, як Ігару праз доўгі час ізаляцыі дазволілі пазваніць ёй, і ён пачаў размову словамі: «Гэта Ігар, твой муж».

«Чаму ён думаў, што я не пазнаю яго?» — Іна Карней лічыць, што гэта менавіта наступствы псыхалягічнага катаваньня. Чалавек траціць пачуцьцё ўласнай ідэнтычнасьці і пачынае сумнявацца ня толькі ў сабе.

Максім Знак
Максім Знак

«Варыянтаў катаваньня чалавека ў турме яны прыдумалі шмат. Гэты — самы-самы. Бо ён небясьпечны яшчэ і для сваякоў, якія знаходзяцца звонку», — кажа былы палітвязень Максім Знак, якога больш за два гады трымалі ў рэжыме інкамунікада.

Натальля Мацкевіч
Натальля Мацкевіч

Тэрмін «інкамунікада» прыйшоў да нас з Аргентыны, дзе падчас кіраваньня вайсковай хунты людзі пасьля арышту часта зьнікалі бязь сьледу, патлумачыла Натальля Мацкевіч:

«Гэта прымусовае зьнікненьне паводле міжнароднага права. Такая зьява стала, на жаль, нормай і для сучаснай Беларусі», — адзначыла яна.

Гэта парушэньне закону, за якое мусіць быць адказнасьць, адзначае Максім Знак.

«Таму яны не прызнаюць, што нехта ў іх у інкамунікада. Але трымаюць у такім рэжыме наўмысна. У тым ліку каб падняць кошт за вызваленьне гэтых людзей», — адзначыў Максім Знак.

Натальля Мацкевіч акрэсьліла праблему яшчэ больш жорстка. Адвакатка лічыць, што ў рэжыме інкамунікада ёсьць прыкметы злачынства супраць чалавечнасьці, за якое няма тэрміну даўнасьці.

Паставіў кампутар на пралку і два месяцы на ім працаваў

Іна Карней расказала, як Ігар Карней пісаў сваю кнігу.

«У нашай маленькай кватэры ён на пралку паставіў кампутар і два месяцы на ім працаваў. Добрая тэрапія для псыхікі пасьля такога выпрабаваньня. І добра, што гэта адбылося да таго, як ён пайшоў працаваць на будоўлю, дзе замест турмы яму пачалася сьніцца праца на даху. Бо, як думаю, Ігар пасьпеў злавіць хвалю натхненьня. Потым было б складаней», — расказала Іна Карней.

Ці можа быць кніга ў турэмных успамінаў доказам для суду?

Паводле Натальлі Мацкевіч, кнігі былых палітвязьняў могуць стаць сьведчаньнямі на будучых працэсах над тымі, хто датычны да рэпрэсіяў. «Калі яны ўтрымліваюць пэўныя дакумэнты», — дадала адвакатка і паведаміла, што дапамагала ў гэтай справе Ігару Карнею.

Ейны калега Максім Знак мяркуе, што кнігі былых палітвязьняў каштоўныя і як літаратура пра перажытае і пераадоленае.

«Гэта заўсёды цікава. Я ў турме чытаў кнігу альпініста пра ўзыходжаньне, хаця сам у горы не зьбіраўся. Пад’ём на вяршыню — вось што цікава», — мяркуе былы палітвязень.

Кнігі Ігара Карнея, Максіма Знака і шмат іншых можна замовіць на польскім маркетплэйсе Allegro.

Ігар Карней — былы журналіст Радыё Свабода, больш за 20 гадоў асьвятляў на нашых радыёхвалях і вэб-сайце жыцьцё і падзеі ў Беларусі.

Ігар таксама вядомы як трэвэл-блогер і аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі.

Карнея затрымалі ў Менску 17 ліпеня 2023 году. 22 сакавіка 2024 году Менскі гарадзкі суд прызнаў Ігара Карнея вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і пакараў 3 гадамі зьняволеньня і грашовым штрафам у памеры 20 тысяч рублёў. Рэпартэра пакаралі за супрацоўніцтва зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў, якую ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем. Вярхоўны суд пакінуў прысуд бяз зьмены.

13 сьнежня 2024 году Ігара Карнея пакаралі яшчэ 10 месяцамі зьняволеньня. Новы суд адбыўся ў Шклове. Карнея абвінавацілі паводле 411 артыкулу КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).

Праваабаронцы прызналі Ігара Карнея палітзьняволеным.
У чэрвені 2024 Ігара Карнея для адбыцьця пакараньня перавялі ў папраўчую калёнію № 17 у Шклове.

21 чэрвеня 2025 году ў выніку сустрэчы пасланьніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў, сярод якіх быў і Ігар Карней.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG