Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковую выведку ачоліў палкоўнік, падазраваны ў гвалце супраць пратэстоўцаў у 2020 годзе. Што кажуць экспэрты

абноўлена
Начальнік галоўнага выведнага ўпраўленьня, намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі Аляксей Хузяхметаў (зьлева). Фота Міністэрства абароны Беларусі
Начальнік галоўнага выведнага ўпраўленьня, намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі Аляксей Хузяхметаў (зьлева). Фота Міністэрства абароны Беларусі

Аляксандар Лукашэнка правёў кадравыя перастаноўкі ў вайсковым кіраўніцтве Беларусі.

Кіраўніка галоўнага выведнага ўпраўленьня 54-гадовага Ўладзімера Купрыянюка ён перамясьціў на пасаду першага намесьніка начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл і падоўжыў яму да ліпеня 2032 году вайсковую службу звыш гранічнага ўзросту.

За падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны дзяржавы Эўразьвязу, Швайцарыя, Канада і Вялікая Брытанія ўвялі супраць Купрыянюка пэрсанальныя санкцыі.

На ягонае месца ў выведку Лукашэнка прызначыў Аляксея Хузяхметава, якога праваабаронцы падазраюць у датычнасьці да жорсткага разгону акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і датычнасьці ягоных падначаленых да гібелі Генадзя Шутава — яго паранілі 11 жніўня 2020-га ў Берасьці, а 19 жніўня ён памёр у шпіталі.

У сьнежні 2020 году Аляксей Хузяхметаў стаў камандзірам 5-й асобнай брыгадай спэцыяльнага прызначэньня вайсковай часткі 89417, якая базуецца ў Мар’інай Горцы і зьяўляецца часткаю Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Узброеных сілаў Беларусі. Байцы гэтай брыгады датычныя да гібелі Генадзя Шутава. Апроч таго, яны сьведчылі ў судзе супраць сьведкі гэтага забойства і сябра Шутава Аляксандра Кардзюкова. Яму за «спробу забойства сілавікоў» прысудзілі 10 гадоў калёніі, а байцоў 5-й брыгады капітана Рамана Гаўрылава і прапаршчыка Арсенія Галіцына прызналі пацярпелымі.

Да 5-й асобнай брыгады ён служыў намесьнікам камандзіра 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады, якая таксама ўдзельнічала ў жорсткіх разгонах акцыяў у Віцебску, Менску і Горадні.

За ўдзел у разгонах акцыяў пратэсту Эўразьвяз і іншыя заходнія краіны ўвялі пэрсанальныя санкцыі супраць Аляксея Хузяхметава.

Каго яшчэ прызначыў Лукашэнка

Вадзім Сураў, які камандаваў войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня, стаў намесьнікам міністра абароны Беларусі.

Сяргей Томчык, які быў намесьнікам начальніка ўзбраеньня Ўзброеных сілаў, стаў начальнікам галоўнай вайсковай інспэкцыі Ўзброеных сіл Беларусі. Лукашэнка прадоўжыў яму вайсковую службу звыш гранічнага ўзросту да красавіка 2032 году.

Экспэрт: новыя прызначэньні сьведчаць аб магчымым удзеле спэцыяльных сіл у кампаніях дэстабілізацыі

Палітычны аглядальнік Юры Дракахруст разглядае зьмены ў вайсковым кіраўніцтве як працяг тых пераўтварэньняў, што сьведчаць аб павелічэньні ўплыву дзяржаўнага сакратара Савета бясьпекі Аляксандра Вальфовіча.

«І тое прызначэньне намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, Паўла Муравейкі, які да таго быў кіраўніком Генштабу беларускай арміі. Так выглядае, што гэтыя людзі, так бы мовіць, у фаворы. Ну і магчыма міністар абароны Віктар Хрэнін у пэўнай апале, хаця пакуль ён пасаду сваю захоўвае», — сказаў Свабодзе Юры Дракахруст.

Паводле яго, новыя людзі ў складзе Міністэрства абароны і Ўзброеных сілаў могуць быць крэатурамі Вальфовіча і Муравейкі, якія прасоўваюць тых людзей, якія ім бліжэй, а самі прызначэньні неабавязкова могуць мець палітычную падаплёку.

«Калі казаць пра гэтыя прызначэньні, то хіба ці не самае цікавае прызначэньне — гэта Аляксей Хузяхметаў, які быў камандзірам пятай асобнай брыгады спэцпрызначэньня. Менавіта яго падначаленыя ўдзельнічалі ў падаўленьні пратэсту ў 2020 годзе і прынамсі ў забойстве Шутава. Але я б зьвярнуў увагу на тое, што яго — чалавека з досьведам у спэцапэрацыях, з вопытам дывэрсій, прызначаюць на пасаду галоўнага вайсковага разьведчыка», — адзначыў палітычны аглядальнік.

Юры Дракахруст лічыць гэта сымбалічным на тле спэцыяльных апэрацый, якія цяпер адбываюцца на тэрыторыі эўрапейскіх краін — выяўленьне дронаў, замахаў на апазыцыйных дзеячаў, напады на памежнікаў.

«Калі такія актыўныя апэрацыі праводзяцца, то прызначэньне галоўным разьведчыкам Беларусі спэцыяліста, прафэсіянала ў такіх апэрацыях можа азначаць, што і беларускія, так бы мовіць, спэцыяльныя сілы, сілы спэцыяльных апэрацый, у якіх вось гэты спадар служыў, ну, магчыма, будуць задзейнічаныя ў кампаніях дэстабілізацыі», — мяркуе ён.

Чаму гэта важна

Кадравыя зьмены ў складзе Міністэрства абароны і Ўзброеных сілаў Беларусі адбываюцца падчас няспынных вайсковых вучэньняў, якія адбываюцца ў Беларусі з 2022 году пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.

Нядаўна амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal апублікавала дэталі «тэорыі перамогі» NATO ў выпадку вайсковай агрэсіі супраць Польшчы і краін Балтыі, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Згодна з вэрсіяй журналістаў, паводле гэтага пляну расейскія камандныя пункты і аб’екты СПА ў Калінінградзкай вобласьці, у раёне Санкт-Пецярбургу і ў Беларусі могуць стаць цэлямі для ўдараў ракет вялікай далёкасьці NATO.

Галоўны вайскавод Аб’яднаных узброеных сілаў NATO ў Эўропе генэрал Алексус Грынкевіч прэзэнтаваў гэты плян на канфэрэнцыі ў бясьпецы ў Варшаве, але ён не дэталізаваў яго. Плян ухвалілі тры месяцы таму, каб спыніць расейскае ўварваньне на самым пачатку, а ў выпадку працягу агрэсіі пазбавіць праціўніка магчымасьці кіраваць сваімі сіламі і забясьпечваць іх.

Пасьля таго, як журналісты агучылі дэталі пляну, у Міністэрстве замежных спраў Беларусі выступілі з заявай, у якой яго асудзілі і адначасова заклікалі «заходніх калег» пачаць «супольную працу над аднаўленьнем узаемнага даверу».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG