Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Руслан Варанкоў агучыў заяву МЗС аб тым, што Менск «рашуча асуджае заявы галоўнакамандуючага аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO у Эўропе генэрала Алексуса Грынкевіча, які выклаў так званую „тэорыю перамогі“».
«Гэтая канцэпцыя NATO прадугледжвае нанясеньне прэвэнтыўных удараў па тэрыторыі Беларусі з выкарыстаньнем дронаў і наземных рабатызаваных сыстэмаў», — сказана ў заяве.
Паводле МЗС, «агрэсіўная рыторыка Паўночнаатлянтычнага альянсу набывае ўсё больш сыстэмны характар».
«Безь якіх-небудзь пагрозаў з боку Беларусі, без рэальных перадумоваў для канфлікту NATO будуе пляны нарошчваньня вайсковай прысутнасьці каля межаў і нанясеньня ўдараў па тэрыторыі сувэрэннай дзяржавы. Пад прыкрыцьцём абарончых фармуляваньняў блёк фактычна рыхтуе глебу для ваеннай эскаляцыі і агрэсіі», — сьцьвярджаецца ў заяве.
У ёй падкрэсьлена, што Беларусь ніколі і нікому не пагражала.
«Наша вайсковая дактрына мае выключна абарончы характар. Мы пасьлядоўна выступаем за адкрытасьць, дээскаляцыю і раўнапраўны дыялёг. Заклікаем заходніх калег кіравацца здаровым глуздам і пачаць супольную працу над аднаўленьнем узаемнага даверу», — агучыў прэсавы сакратар МЗС выснову заявы.
Што папярэднічала
Галоўны вайскавод Аб’яднаных узброеных сілаў NATO ў Эўропе генэрал Алексус Грынкевіч прэзэнтаваў на канфэрэнцыі ў бясьпецы ў Варшаве новы ваенны плян альянсу дзеля перадухіленьня патэнцыйнай расейскай агрэсіі на ўсходнім флянгу.
Паводле амэрыканскага выданьня The Wall Street Journal, якое прыводзіць дэталі агучанай Грынкевічам «тэорыі перамогі», расейскія камандныя пункты і аб’екты СПА ў Калінінградзкай вобласьці, у раёне Санкт-Пецярбургу і ў Беларусі могуць стаць цэлямі для ўдараў ракет вялікай далёкасьці NATO.
Мэта гэтага пляну, ухваленага тры месяцы назад, — спыніць расейскае ўварваньне на самым пачатку, а ў выпадку працягу агрэсіі пазбавіць праціўніка магчымасьці кіраваць сваімі сіламі і забясьпечваць іх.
«Я не лічу, што канфлікт непазьбежны або неўзабаве пачнецца. Гэта ня так. Але, улічваючы маштаб дзейнасьці, зьвязанай з дывэрсіямі і падпаламі, думаю, што насельніцтва краінаў нашага альянсу крыху нэрвуецца. І я хачу запэўніць мільярд грамадзянаў нашага альянсу: мы дамо рады», — заявіў Грынкевіч на форуме бясьпекі ў Варшаве.
Агучаная стратэгія прадугледжвае стварэньне шырокай «аўтаномнай зоны», у якой бесьпілётнікі і наземныя робаты маглі б стрымліваць расейскі наступ, унікаючы тым самым значных стратаў сярод вайскоўцаў.
Адначасова, паводле амэрыканскага выданьня, ракеты вялікай далёкасьці павінны нанесьці ўдары па расейскіх камандных пунктах і аб’ектах супрацьпаветранай абароны ў Калінінградзкай вобласьці, у раёне Санкт-Пецярбургу і ў Беларусі.
Акрамя таго, вайскова-паветраныя сілы NATO апэратыўна нанясуць удары па расейскіх падмацаваньнях, што накіруюцца на фронт, а таксама па іншых цэлях у тыле.
Гэты падыход атрымаў назву «Ініцыятыва стрымліваньня на ўсходнім флянгу», піша The Wall Street Journal. Паводле амэрыканскіх вайскоўцаў, ягоная галоўная мэта — прымусіць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ацаніць здольнасьць NATO да абароны і адмовіцца ад нападу, калі ён разглядае такую магчымасьць. У рамках гэтай стратэгіі NATO рэгулярна праводзіць вучэньні, каб прадэманстраваць сваю гатоўнасьць.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.
Форум