Як адзначаецца на плятформе Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы, у аўкцыёне ўдзельнічалі ўсяго два чалавекі. На ранейшым конкурсе 31 жніўня набыць будынак за 71,5 тысячы рублёў не было ахвочых. Новым уладальнікам сядзібы стаў прыватны інвэстар зь Менску.
Будынак пабудаваны ў 1849 годзе, аднак статусу гістарычнай каштоўнасьці ён ня мае. Згодна з умовамі конкурсу, новы ўласьнік можа пры жаданьні захаваць вонкавую архітэктуру сядзібы або цалкам яе зьнесьці і пабудаваць нешта новае.
Што папярэднічала
Шляхоцкая сядзіба ў Чэхаўшчыне Валожынскага раёну Менскай вобласьці засталася адзінай з усяго комплексу, пабудаванага ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя. Усе яго аб’екты — два жылыя будынкі і шэсьць гаспадарчых— зьнесьлі сёлета на падставе рашэньня Валожынскага райвыканкаму ад 30 траўня.
Паводле гісторыкаў, склад-лядоўня быў асаблівай каштоўнасьцю гэтае сядзібы. Ён, паводле дасьледаваньня Анатоля Федарука, быў збудаваны з бутавага каменю з чорным друзам на вапнавай росчыне. Над уваходам у лядоўню было аўтэнтычнае скляпеньне з датай будаўніцтва — Roku 1855.
Улады патлумачылі знос гістарычных гаспадарчых аб’ектаў патрэбай у бясьпецы. У Валожынскай раённай газэце паведамілі, што ў выніку эксплюатацыі стан аб’ектаў прызналі непрымальным. Паводле мясцовых уладаў, «фізычны знос будынкаў дасягнуў 100%, што зрабіла іх далейшую эксплюатацыю немагчымай і небясьпечнай».
У дакумэнтацыі аўкцыёну адзначалася, што драўляны будынак паставілі ў 1849 годзе, але яго называюць «гаспадарчым корпусам 1957 году будаўніцтва». Гісторыкі называюць гэта вынікам тыповай савецкай БТІ-пашпартызацыі.
Разам з будынкам новы ўласьнік атрымаў у арэнду на 50 гадоў зямельны надзел 0,5139 га.
Згодна з інфармацыяй біржы, апошнімі ўласьнікамі сядзібы быў шляхоцкі род Сялянкаў (Салянкаў). Апошнім гаспадаром быў Марыян Сялянка. Пасьля нацыяналізацыі ў 1939 годзе ў сядзібе разьмяшчалася Чэхаўшчынская школа-інтэрнат.
Чаму гэта важна
За апошнія некалькі гадоў улады Беларусі выставілі на продаж дзясяткі гістарычных аб’ектаў, на рэстаўрацыю якіх дзяржава не вылучае грошай. Некаторыя зь іх некалькі гадоў ня могуць знайсьці ўласьнікаў, а іх стартавую цану паніжаюць да адной базавай велічыні.
Новымі ўласьнікамі такіх аб’ектаў могуць стаць як грамадзяне і юрыдычныя асобы Беларусі, гэтак і іншаземцы. Вядома некалькі фактаў, калі беларускія гістарычныя аб’екты набывалі грамадзяне Расеі. Разам з тым некалькі разоў у новых інвэстараў набытую маёмасьць забіралі і зноў выстаўлялі на продаж.
Форум