Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі больш не агучваюць патрэбы рынку працы ў замежнай працоўнай сіле, хоць сьпісы вакансіяў яшчэ публікуюць

Працоўныя мігранты з Узбэкістану ў Беларусі. Скрыншот зь відэа t.me/migrantlar
Працоўныя мігранты з Узбэкістану ў Беларусі. Скрыншот зь відэа t.me/migrantlar

На партале дзяржаўнай службы занятасьці Беларусі больш не публікуюць зьвесткі аб колькасьці даступных іншаземцам працоўных вакансіяў.

Як заўважыла выданьне «Позірк», цяпер публікуюць толькі іх пералік, але агульную колькасьць не называюць.

Паводле апошніх публікацыяў, на 4 кастрычніка для іншаземцаў былі адкрытыя 16 596 вакансіяў, 27 верасьня — 16 264, 20 верасьня — 15 981, 13 верасьня — 15 420, 7 верасьня — 14 715, 23 жніўня — 14 576, 16 жніўня — 13 912, 31 ліпеня — 4344.

Пры гэтым 20 лютага вакансіяў было 22 338, 21 студзеня — 19 132, 8 студзеня — 18 522, 28 сьнежня 2025 году — 15 675, 7 сьнежня — 15 205.

Чаму гэта важна

Беларусь усё часьцей шукае працаўнікоў за мяжой — ад Пакістану і Нэпалу да краін Цэнтральнай Азіі. Замежная працоўная міграцыя становіцца адным з спосабаў закрываць дэфіцыт кадраў.

Гэта адбываецца падчас адтоку ўласнага насельніцтва. Паводле ацэнкі сацыёляга Генадзя Коршунава, у 2020–2024 гадах Беларусь маглі пакінуць 500–600 тысяч чалавек. Улады называлі меншыя лічбы: у кастрычніку 2023 году намесьнік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў ацэньваў колькасьць беларусаў, якія зьехалі за мяжу, у 350 тысяч. Дакладна сказаць, колькі беларусаў насамрэч выехала пасьля 2020 году, складана: афіцыйны ўлік не ахоплівае ўсіх, хто жыве за мяжой.

Раней асаблівую стаўку рабілі на працоўную сілу з Пакістану. У красавіку 2025 году Аляксандар Лукашэнка сказаў пра магчымасьць прыняць 100–150 тысяч пакістанцаў. Але за ўвесь 2025 год на працу прыехаў 561 грамадзянін Пакістану — паводле статыстыкі МУС.

Нядаўна ў Нью-Ёрку міністры замежных справаў Беларусі і Нэпалу Максім Рыжанкоў і Шышыр Ханаль дамовіліся аб прыцягненьні на беларускі рынак працы грамадзян Нэпалу.

У 2025 годзе ў краіну прыехалі 48 160 замежных працоўных мігрантаў. Найбольш — з Туркмэністану: 23 050 чалавек. З Узбэкістану — 3618, з Кітаю — 3438, з Расеі — 4677, з Украіны — 4389. Гэтыя лічбы агучыў кіраўнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Іван Новікаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG