Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дазволяць тых, якія даўно памерлі». Навошта ў Купалаўскім тэатры прэм’ера паводле Івана Шамякіна

Фрагмэнт афішы. Ілюстрацыя
Фрагмэнт афішы. Ілюстрацыя
Слухаць
13 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

У Купалаўскім тэатры паказалі прэм’еру новага тэатральнага сэзону — «Сэрца на далоні» паводле раману Івана Шамякіна, напісанага ў пачатку 1960-х. Мы запыталіся ў былога «купалаўца» і галоўнага рэжысэра РТБД Аляксандра Гарцуева, наколькі гэта сучасна і актуальна.

У 1960-я гады спэктаклі паводле раману Івана Шамякіна «Сэрца на далоні» ставілі амаль ўсе тэатры Беларусі: Коласаўскі ў Віцебску, горадзенскі, берасьцейскі. У 90-я гады гэтая практыка зьнікла. І вось праз 60 гадоў «Сэрца на далоні» зьявілася на афішах Купалаўскага.

«Выбіраў паміж „Сэрцам на далоні“ і „Злой зоркай“»

Паставіў спэктакль Дзьмітрый Акімаў, які быў прызначаны на пасаду мастацкага кіраўніка галоўнага тэатру Беларусі — Нацыянальнага акадэмічнага — у сакавіку 2026 году. Акімаў — грамадзянін Расеі, скончыў факультэт рэжысуры тэатральнага інстытуту імя Шчукіна ў Маскве ў 2018 годзе. Раней працаваў рэжысэрам у правінцыйных сібірскіх тэатрах — у Томску, Чарамхове і Матыгіне. Два гады таму паставіў на сцэне Купалаўскага «А зоры тут ціхія» паводле Барыса Васільева і «Дзядзечкаў сон» па матывах Фёдара Дастаеўскага.


Што да сёлетняй прэм’еры, прымеркаванай да 105-годзьдзя Шамякіна, Акімаў раней казаў ў СМІ, што «выбіраў паміж „Сэрцам на далоні“ і „Злой зоркай“ (творам пра Чарнобыль. — РС). Першая гісторыя „аказалася бліжэй да сэрца“».

Афіша прэм'еры паводле раману Івана Шамякіна “Сэрца на далоні” ў Купалаўскім тэатры
Афіша прэм'еры паводле раману Івана Шамякіна “Сэрца на далоні” ў Купалаўскім тэатры

Расейскі рэжысэр таксама падкрэсьліў, што менавіта з гэтага спэктаклю пачынаецца рэпэртуарная трансфармацыя тэатру:

«Рэпэртуарная палітыка будзе арыентаваная пераважна на нацыянальную культуру і літаратуру. Тым самым будзем фармаваць культурны і нацыянальны код», — абяцае Акімаў.

У галоўнай ролі доктара Сьцяпана Савіча заслужаны артыст БССР, 83-гадовы Ўладзімер Рагаўцоў. У шараговых ролях — шмат актораў, што прыехалі ў Купалаўскі з расейскіх правінцыйных тэатраў.

Барыс Цяцёркін з Тулы выконвае адразу некалькі роляў: супрацоўніка КДБ Сербаноўскага, а таксама доктара і падпольніка. Крысьціна Андрэева з Іркуцку грае паліцыянтку Муру, масквічка Ганна Мешчаракова — апэрацыйную мэдсястру Машу.

«Традиция русского психологического театра»

На прэм’еру спэктаклю 7 кастрычніка запрасілі беларускіх блогераў, якія пасьля яе напісалі справаздачы.

«Туды запрасілі блогераў, і зараз увесь Threads у іхных допісах пра тое, як усё шыкоўна. Прычым ніводнага ўцямнага аргумэнту няма, проста набор патасных словаў. Я нават магу тэарэтычна дапусьціць, што спэктакль удаўся. Але ж дакажыце, патлумачце — чаму. Зрэшты, такімі тлумачэньнямі і займаецца тэатральная крытыка, а яе цяпер амаль няма», — напісаў пра гэта тэатральны крытык і журналіст Дзяніс Марціновіч.

Сярод тых блогераў, якіх вырашылі далучыць да прамоцыі новага спэктаклю Купалаўскага тэатру, быў нават спэцыяліст у аглядах рэстаранаў і кавярняў, кулінарны блогер «Кокобай» (ён жа Павал Крамар. — РС). Яго рэцэнзія на пастаноўку была адной з самых ляканічных: «До слёз, если честно»

Блогерка і прапагандыстка Аляксандра Кулакова напісала таксама даволі сьцісла (таксама па-расейску): «Классический белорусский роман встречается с традицией русского психологического театра».

А вось глядачка Ганна (anechka.pavlovna) свае уражаньні апісала крыху больш абгрунтавана: «Упершыню ў жыцьці пайшлі з спэктаклю, дачакаліся заканчэньня першага акту… Ішла на прэм’еру зь вялікімі чаканьнямі, бо напярэдадні перачытала раман Івана Шамякіна. Але ўбачанае, на жаль, моцна расчаравала. Зразумела, што рэжысэр шукаў „новае прачытаньне“ клясыкі, але ў выніку спэктакль страціў лёгіку і жывыя эмоцыі. Пастаноўка перагружана змрочнай, містычнай музыкай, часам не да месца. Прычым яна пранізьліва гучная і рэзка спыняецца».

«Актуальнае ніхто не дазволіць ставіць»

У новым сэзоне ў рэпэртуары галоўнага нацыянальнага тэатру краіны, акрамя «Сэрца на далоні», пазначаныя такія спэктаклі паводле твораў беларускіх аўтараў (у парадку часу пастановак): «Паўлінка» Янкі Купалы; «Вечар» і «Чорная панна Нясьвіжу» Аляксея Дударава; «Замак Альшанскі» Ўладзімера Караткевіча; «Брама неўміручасьці» Кандрата Крапівы; «Пісаравы імяніны» Ўладзіслава Галубка.

На афішах — ніводнага сучаснага беларускага аўтара. А таксама ніводнага сучаснага расейскага ці замежнага: толькі клясыкі Аляксандар Астроўскі, Фёдар Дастаеўскі, Юрый Бондараў, Шэксьпір.

Аляксандар Гарцуеў, які з 1980 году працаваў акторам і рэжысэрам у Купалаўскім, а з 2012 і да канца 2021 году быў мастацкім кіраўніком Рэспублікананскага тэатру беларускай драматургіі, у размове з Свабодай узгадвае, што ў 1960-я раман Шамякіна быў надзвычай папулярны.

«Я памятаю тыя часы, у маім дзяцінстве гэта быў вельмі папулярны аўтар, усе насіліся з гэтым „Сэрцам на далоні“. І мае бацькі ў тым ліку. Я сам Шамякіна памятаю жывым, за ручку знаёміліся», — кажа Гарцуеў.

І дадае, што абсалютна ня зьдзіўлены таму, чаму зараз новае кіраўніцтва Купалаўскага тэатру палічыла актуальным менавіта гэты твор.

«Я яшчэ папрацаваў у 2020, 2021 гадах і ведаю сытуацыю знутры. А што ім яшчэ ставіць? Тое, што актуальнае, ніхто не дазволіць. Ёсьць „чорны сьпіс“ аўтараў, якіх нельга ставіць.

Шамякіна дазволяць, Мележа дазволяць, можа быць, дазволяць Якуба Коласа, Янку Купалу — тых людзей, якія даўно памерлі. Але ўжо нават Караткевіча ня ўсё можна ставіць. Вы пытаецеся, ці гэта цікава, патрэбна беларусам? Вядома, што непатрэбна, гэта ўжо мінулае стагодзьдзе. Але ім жа трэба штосьці ставіць! Пушкіна ў РТБД — па-расейску. Дырэктарку і рэжысэрку РТБД Сьвятлану Навуменку я добра ведаю, працавалі ў адным тэатры, яна рускі чалавек, ёй гэта блізка… Ня ведаю, што сказаць… Як кажуць, адсекшы галаву, па валасах ня плачуць. Плакаць пра тэатар, які стаў ня той, для мяне трошку сьмешна. Дзяржава стала ня той, ну, а тэатар — само сабой. Як і літаратура…», — разважае Аляксандар Гарцуеў.

Аляксандар Лукашэнка ў абноўленым Купалаўскім тэатры, 2021 год
Аляксандар Лукашэнка ў абноўленым Купалаўскім тэатры, 2021 год

І скрушна дадае: «У Беларусі цяпер няма цікавых аўтараў»: «Абвінавачваць людзей, якія штосьці ставяць у Беларусі, я не магу»

Спадар Гарцуеў тлумачыць, як ішло плянаваньне рэпэртуару тэатраў раней і працягваецца дагэтуль. У Міністэрства культуры трэба было падаваць прапановы на год наперад.

«Тэатар у Беларусі не выбірае зараз, што ставіць. Тэатар падае заяўку ў Мінкульт, а там кажуць „так“ або „не“. Я сам праз гэта прайшоў. У 2020 годзе я падаў „Сфагнум“ Віктара Марціновіча („Сфагнум“ — крымінальна-сатырычны раман, які выйшаў у 2013 годзе. — РС). Крыху спазьніўся, пачаў рэпэтыцыі, а потым падаў. Мне адказалі: „Не“. Я пярэчу: у нас жа рэпэтыцыі! І „добрыя“ чыноўнікі дазволілі зрабіць яшчэ адну рэпэтыцыю. Я зрабіў спэктакль. Поўная заля сабралася, і мы паказалі. І ўсё: „Да пабачэньня!“ А што там у гэтым „Сфагнуме“ Марціновіча? Але гэта было непажадана» — узгадвае Гарцуеў.

Пасьля звальненьня з пасады галоўнага рэжысэра РТБД і вымушанага ад’езду зь Беларусі Аляксандар Гарцуеў усё ж паставіў «Сфагнум» з «Вольнымі Купалаўцамі» у Польшчы — «спэктакль пра абсурд, якім агорнутая Беларусь». Прэм’ера адбылася 22 сьнежня 2022 году ў Варшаве. Аляксандар Гарцуеў узгадвае, як яшчэ ў Беларусі ён падаваў у Міністэрства культуры заяўку на пастаноўку новых спэктакляў у 2021 годзе.

«Я ж яшчэ не падазраваў, што мяне зьбіраюцца звальняць. Але падаць трэба было такое, каб зацьвердзілі. І я падаў на 2021 год (не паверыце!) — „Новую зямлю“ Якуба Коласа. І гэта зацьвердзілі! Праўда, на мяне так хітра паглядзеў тагачасны міністар Анатоль Маркевіч (недурны чалавек, адукаваны, усё разумеў). Пытаецца па-расейску: „Скажите, а чего вам не хватало?“ Я і „завіс“ — ён пра Якуба Коласа ці пра мяне? І тут знайшлася Ірына Дрыга: „Ну, наверное, свободы“. Калі паседжаньне скончылася, я зрабіў выснову, што гэта мае апошнія дні. Таму абвінавачваць людзей, якія штосьці ставяць у Беларусі, я не магу. Альтэрнатыва — не працаваць, а гэта ня кожны зможа», — падсумоўвае Аляксандар Гарцуеў.

Уваход у Купалаўскі тэатр, 19 жніўня 2020 году
Уваход у Купалаўскі тэатр, 19 жніўня 2020 году

Што да беларускай клясыкі, яе Аляксандар Гарцуеў ставіў шмат: «Залёты» Дунін-Марцінкевіча, «Раскіданае гняздо» і «Прымакоў» Янкі Купалы, «Хама» Элізы Ажэшкі.

«Я і „Людзей на балоце“ Івана Мележа некалі ставіў. Я больш скажу як прафэсіянал: і „Сэрца на далоні“ можна паставіць, і „Раскіданае гняздо“ я ставіў», — кажа рэжысэр.

Аляксандар Гарцуеў прызнаецца, што ня любіць размоваў пра тое, што ў Купалаўскі пасьля таго, як у 2020-м звольнілася большая частка трупы, прыехала шмат расейцаў. Рэагуе на гэта эмацыйна.

«Не люблю гэтую тэму: „Рускіх нагналі!“ А пры савецкай уладзе іх не наганялі? Колькі было беларускамоўных тэатраў у Менску? Адкуль такое: „Рускіх нагналі“? Ды яны заўсёды былі! Палова Купалаўскага тэатру ў маёй маладосьці была расейцы, якія вывучалі беларускую мову і гралі па-беларуску. А то зараз Менск не гаворыць па-расейску! У Гомлі я паставіў адзін спэктакль на беларускай мове, і мне сказалі, што ў тэатар ніхто ня хоча ісьці, квіткі немагчыма прадаць… Я ведаю, што „панаехалі рускія“. Але ад гэтага горай ня стала. Стала так, як і было. Беларусь русыфікаваная з 1795 году, калі зьнікла Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая. А ў тэатрах херова было ўсё жыцьцё. Цяпер формы дурныя: раней ніколі б не паўстала пытаньне ні ў РТБД, ні ў ТЮГу — ставіць спэктаклі на расейскай мове!» — абураецца Гарцуеў.

Што да згоды расейца Акімава ачоліць галоўны нацыянальны тэатар Беларусі, Аляксандар Гарцуеў кажа, што, мабыць адмыслова чакалі такога чалавека менавіта з расейскай глыбінкі, з правінцыі.

«Вядомы маскоўскі рэжысэр сюды не паедзе, не пагодзіцца — каб потым атрымаць рэпутацыю штрайкбрэхера? Гэта ж пажыцьцёва! А калі ты з Матыгіна, то можна быць і штрайкбрэхерам, бо сядзіш там у гаў-е. А прыехаў — табе кватэру ў сталіцы даюць, цудоўны, прыгожы горад, Эўропа. Чаму б не паехаць? Прыехаў у „Раскіданае гняздо“ — на папялішча — і пачаў тут працаваць» — кажа былы рэжысэр Купалаўскага.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG