Выступаючы ў грэцкай сталіцы Атэнах, ён заявіў, што Злучаныя Штаты і Эўропа павінны вярнуць сабе ўпэўненасьць і рашучасьць, якія, паводле яго, некалі вызначалі заходнюю цывілізацыю.
Рубіё выступіў на старажытным атэнскім узгорку Пнікс, дзе зарадзілася атэнская дэмакратычная традыцыя. Ён выклаў сваё бачаньне Захаду як цывілізацыі, карані якой сягаюць Старажытнай Грэцыі, а гісторыя ахоплівае эўрапейскае хрысьціянства і заснаваньне Злучаных Штатаў.
Аднак галоўны пасыл ягонай прамовы тычыўся сучаснасьці. Паводле Рубіё, Захад апынуўся на «пераломным этапе», калі яму даводзіцца сутыкацца з войнамі, суперніцтвам вялікіх дзяржаваў, тэрарызмам, тэхналягічнай канкурэнцыяй і пагрозамі нацыянальнаму сувэрэнітэту.
Пры прэзыдэнту Дональду Трампу «Злучаныя Штаты зрабілі свой выбар», заявіў Рубіё. Паводле яго, Вашынгтон будзе нарошчваць «нацыянальную моц», аднаўляць абаронны патэнцыял, праводзіць рэіндустрыялізацыю эканомікі, забясьпечваць надзейнасьць крытычна важных ланцужкоў паставак і актыўна канкураваць у сфэры найноўшых тэхналёгіяў.
Дзяржаўны сакратар, які прыбыў у Грэцыю з Ісьляндыі ў рамках эўрапейскага турнэ, заклікаў Эўропу да падобных пераўтварэньняў.
«Мы верым, што Эўропа можа абудзіцца ад свайго доўгага сну і зноў распаліць агонь, які загарэўся тут тысячагодзьдзі таму», — заявіў Рубіё.
Ён назваў рост абаронных выдаткаў эўрапейскіх краінаў і новыя партнэрствы ў сфэры бясьпекі прыкметамі таго, што можа адбыцца «зрух, які вызначыць лёс цэлага пакаленьня».
Трансатлянтычная супраца і нацыянальны сувэрэнітэт
Рубіё паспрабаваў зьняпраўдзіць уяўленьне, што адміністрацыя Трампа робіць акцэнт на нацыянальным сувэрэнітэце за кошт трансатлянтычнага супрацоўніцтва.
«Хоць вялікія эмоцыі часам маглі аслабляць сувязі паміж Злучанымі Штатамі і Эўропай, нельга дапусьціць, каб яны іх разарвалі», — заявіў ён.
Рубіё назваў Грэцыю прыкладам хаўрусьніка, якому Вашынгтон хацеў бы даць больш значную ролю ў запэўненьні эўрапейскай бясьпекі.
Гэтая заява прагучала, калі Грэцыя застаецца дзяржавай NATO і Эўразьвязу на адным зь іх стратэгічна важных рубяжоў, а Вашынгтон адначасова імкнецца да больш шчыльных адносінаў з Анкарой. У Атэнах уважліва сочаць за тым, як ЗША спрабуюць захоўваць балянс паміж гэтымі двума кірункамі сваёй палітыкі.
Старшы навуковы супрацоўнік Грэцкага фонду эўрапейскай і замежнай палітыкі Ёргас Дзагопуляс адзначыў, што Грэцыя падзяляе асноўны амэрыканскі тэзіс пра неабходнасьць абараняць заходнюю цывілізацыю і яе дэмакратычныя традыцыі. Аднак ён папярэдзіў, што Атэны неканечне падзяляюць падыход Вашынгтону да спосабаў дасягнуць гэтага.
«Грэцыя разглядае моцныя трансатлянтычныя адносіны як аснову моцнага заходняга „фронту“», — сказаў Дзагопуляс Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Але пры гэтым, паводле яго, Атэны сумняваюцца, што такога адзінства можна дасягнуць, «сьлепа выконваючы патрабаваньні адміністрацыі Трампа».
Крытыка Ірану
Рубіё прывёў Іран як прыклад рэзкага кантрасту паміж тым, што ён назваў заходнімі традыцыямі гераізму і пачуцьця абавязку, і ідэалёгіяй ісламскай рэспублікі.
Ён раскрытыкаваў іранскіх «радыкальных мулаў» і іх услаўленьне пакутніцкай сьмерці. Рубіё абвінаваціў іранскае кіраўніцтва ў тым, што яно ўшаноўвае «дзяцей-тэрарыстаў-сьмяротнікаў як нацыянальных герояў» і разглядае сьмерць як самамэту.
Раней Рубіё заявіў, што Ірану ніколі не дазволяць атрымаць ядзерную зброю. Ён падкрэсьліў, што для Трампа недапушчэньне гэтага — чырвоная лінія.
Рубіё зьвязаў пагрозу ад Ірану з агульнай сытуацыяй, калі зноў абвастраюцца канфлікты, тэрарызм, геапалітычная канкурэнцыя і пагрозы бясьпецы Захаду.
У сваёй прамове Рубіё ня раз вяртаўся да думкі, што альянсы павінны ўмацоўваць нацыянальны сувэрэнітэт, а не абмяжоўваць яго.
Ён заявіў, што міжнародныя інстытуты павінны не ліквідаваць сувэрэнітэт сваіх чальцоў, а дапамагаць яго абараняць. Паводле Рубіё, краінам ня трэба адмаўляцца ад уласнай ідэнтычнасьці, каб дасягаць супольных мэтаў.
Як прыклад такога падыходу ён назваў супрацу ЗША і Грэцыі ў галінах абароны, энэргетыкі, тэхналёгіяў і памежнай бясьпекі.
Гэты аргумэнт мае асаблівае значэньне для Грэцыі, якая падтрымлівае Ўкраіну, але адначасова надалей сутыкаецца з даўнімі праблемамі бясьпекі ў сваім рэгіёне.
Аналітык Дзагопуляс адзначыў, што Грэцыя ўжо робіць унёсак у абарону заходняга ладу — падтрымлівае Ўкраіну і супрацьстаіць рэвізіянізму ў сваім рэгіёне. Аднак у грэцкай пазыцыі таксама выяўляюцца патэнцыйныя разыходжаньні паміж бачаньнем Вашынгтону, які надае ўсё большую ўвагу сувэрэнітэту, і эўрапейскім разуменьнем міжнароднага парадку, заснаванага на правілах.
Прафэсар міжнародных адносінаў Нацыянальнага ўнівэрсытэту Атэнаў імя Кападыстрыі Панаётыс Цаканас сказаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што для Грэцыі абарона заходняга ладу азначае абарону «міжнароднага права, тэрытарыяльнага сувэрэнітэту і парадку, заснаванага на правілах, ад рэвізіянізму, гібрыдных пагрозаў і прымусу».
Форум