Гэтыя заклікі ўзмацніліся, калі старшыня КНР Сі Дзіньпін 24 верасьня наведаў Белы дом для сустрэчы з Трампам. Пасьля яе адбыўся ўрачысты дзяржаўны банкет, што падкрэсьліла неабходнасьць захоўваць далікатны балянс у адносінах паміж дзьвюма найбуйнейшымі эканомікамі сьвету.
У сваіх публічных заявах разам зь Сі Трамп наўпрост не згадаў Ірану, нягледзячы на ўсё большы ціск ад заканадаўцаў. Яны папярэджваюць, што, калі Вашынгтон не прымусіць Пэкін заплаціць цану за такія дзеяньні, гэта можа заахвоціць да яшчэ шчыльнейшага супрацоўніцтва паміж Кітаем і Іранам.
«Гэтым летам уся прэса пісала, што Кітай перадаў Ірану спадарожнікавыя выведныя зьвесткі і што гэтыя зьвесткі прывялі да гібелі амэрыканскіх вайскоўцаў, — сказаў у Сэнаце напярэдадні прыезду Сі старшыня камітэту ў справах узброеных сілаў, рэспубліканец ад штату Місысыпі Роджэр Уікер. — Таму я, безумоўна, прапанаваў бы прэзыдэнту паспрабаваць атрымаць адказ на гэтае пытаньне».
Джын Шагін ад штату Нью-Гэмпшыр, вядучая прадстаўніца дэмакратаў у камітэце міжнародных адносінаў Сэнату, і яшчэ 18 сэнатараў-дэмакратаў абвінавацілі Трампа ў тым, што ён не прыцягнуў Сі да адказнасьці за меркаваную падтрымку Ірану кітайскімі кампаніямі.
Белы дом публічна не паведаміў, ці ставіў Трамп перад Сі пытаньне гэтых абвінавачаньняў на іхных закрытых перамовах.
Трамп заявіў, што 24 верасьня ў іх была «выдатная сустрэча», дадаўшы, што яны з Сі «дасягнулі велізарнага прагрэсу ў пытаньнях, якія стаяць перад нашымі дзьвюма краінамі».
Аднак падрабязнасьцяў ён амаль не прывёў.
Кітайскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «Сіньхуа» паведаміла, што на сустрэчы Сі заклікаў Іран і Злучаныя Штаты як мага хутчэй урэгуляваць праблемы шляхам дыялёгу.
Два лідэры зноў сустрэнуцца 25 верасьня, пасьля чаго Сі вернецца ў Кітай.
Раней Шагін заклікала Трампа прыняць жорсткія захады ў сувязі з трыма кірункамі меркаванай падтрымкі Ірану Кітаем: перадачай спадарожнікавых здымкаў і дапамогай у вызначэньні цэляў, пастаўкамі кампанэнтаў для іранскіх ракет і бесьпілётнікаў, а таксама закупкамі іранскай нафты, якая знаходзіцца пад санкцыямі.
Пэкін — найважнейшы пакупнік іранскай нафты, ён мае значныя эканамічныя вагары ўплыву на Іран.
Але на Іран прыпадае толькі невялікая частка агульнага гандлю Кітаю, што дае Пэкіну значна большую свабоду манэўру, чым Тэгерану.
Аднак для некаторых амэрыканскіх экспэртаў праблема выходзіць па-за межы адносінаў Кітаю з Іранам і ставіць шырэйшае пытаньне пра тое, як Вашынгтон павінен рэагаваць на дзеяньні Пэкіну, калі кітайскія структуры абвінавачваюць у падтрымцы краінаў, варожых Злучаным Штатам.
Мэры Кісэл, старшая навуковая супрацоўніца Інстытуту Гадсана і генэральная дырэктарка The Kissel Group, заявіла, што Вашынгтон павінен прыцягваць да адказнасьці кітайскія структуры, датычныя да падтрымкі Ірану.
«Адной з найвялікшых памылак апошніх некалькіх дзесяцігодзьдзяў была гатоўнасьць амэрыканскіх адміністрацыяў абедзьвюх партыяў заплюшчваць вочы на шкодную дзейнасьць Кітаю ў эканамічнай, вайсковай і дыпляматычнай сфэрах, — сказала Кісэл у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. — Калі мы хочам, каб Кітай абмежаваў сваю падтрымку Ісламскай Рэспублікі Іран, а гэта вартая мэта, нам трэба прыцягваць да адказнасьці за іхныя дзеяньні кітайскія банкі, кампаніі й асобаў, якія маюць дзяржаўную падтрымку».
У адваротным выпадку, кажа яна, Вашынгтон пашле сыгнал, што Кітаю «дазволена гуляць паводле іншага набору правілаў», і гэта будзе мець наступствы і для партнэраў Пэкіну ў Маскве, Тэгеране і Пхэньяне.
Асаблівую занепакоенасьць у гэтым кантэксьце выклікаюць абвінавачаньні ў тым, што кітайскія структуры перадалі Ірану спадарожнікавыя здымкі, якія маглі быць выкарыстаныя для нападаў на амэрыканскія сілы.
Крыстафэр Уокер, віцэ-прэзыдэнт Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі, заявіў, што такія паведамленьні трэба разглядаць як частку шырэйшага стратэгічнага выкліку.
«Зважаючы на тое, што амэрыканская выведка зьвязала кітайскія спадарожнікавыя здымкі з нападамі на амэрыканскіх вайскоўцаў у рэгіёне Блізкага Ўсходу, Злучаным Штатам надзвычай важна дзейнічаць больш жорстка ў дачыненьні да Пэкіну, які будзе выкарыстоўваць кожную магчымасьць скарыстацца ўразьлівасьцямі ЗША», — сказаў Уокер РСЭ/РС.
Ён ахарактарызаваў падтрымку Ірану Кітаем як частку шырэйшых намаганьняў Пэкіну дзеля дапамогі блізкім яму сваімі поглядамі ўрадам, якія фармуюць тое, што ён назваў няшчыльнай, але небясьпечнай «восьсю аўтакратыяў».
Аднак абвінавачаньні ў перадачы спадарожнікавых здымкаў застаюцца спрэчнымі.
The Wall Street Journal з спасылкай на амэрыканскіх службоўцаў паведаміла, што кітайскія структуры перадалі Ірану спадарожнікавыя здымкі з высокім разрозьненьнем амэрыканскай базы ў Ярданіі перад іранскім ударам, у выніку якога загінулі трое амэрыканскіх вайскоўцаў і яшчэ чацьвёра параненыя.
Пэкін адмаўляе, што аказваў Ірану вайсковую або выведную падтрымку.
Гаўдат Багат, прафэсар у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ў Цэнтры стратэгічных дасьледаваньняў Блізкага Ўсходу і Паўднёвай Азіі пры Нацыянальным унівэрсытэце абароны, заклікаў асьцярожна ставіцца да гэтых абвінавачаньняў і не падаваць іх як устаноўлены факт.
«Ні Кітай, ні Іран не пацьвердзілі перадачы спадарожнікавых здымкаў [або] кампанэнтаў узбраеньняў», — сказаў Багат РСЭ/РС.
Разам з тым, паводле Багата, Пэкін мае відавочны эканамічны інтарэс захоўваць адносіны з Тэгеранам, у прыватнасьці дзякуючы закупкам іранскай нафты са зьніжкай.
«Я сумняюся, што Кітай перастане купляць іранскую нафту», — сказаў ён.
Спасылаючыся на Міністэрства фінансаў ЗША, Джын Шагін заявіла, што 90 працэнтаў іранскага экспарту нафты ідзе ў Кітай, прыносячы Тэгерану мільярды даляраў, нягледзячы на амэрыканскія санкцыі. Паводле яе, значная частка гэтага гандлю ажыцьцяўляецца празь ценевы флёт, падстаўныя кампаніі і кітайскія нафтаперапрацоўчыя заводы.
У інтэрвію РСЭ/РС на мінулым тыдні Шагін таксама заявіла, што Іран атрымліваў ад Кітаю і Расеі інфармацыю для вызначэньня цэляў, каб наносіць удары па амэрыканскіх аб’ектах.
Сэнатар-рэспубліканец Джон Кенэдзі 24 верасьня выказаў падобную думку, заявіўшы журналістам, што Сі мог бы скарыстаць уплыў Пэкіну, каб дапамагчы аднавіць навігацыю цераз Армускую пратоку.
Сі «мог бы адкрыць гэтую пратоку адным тэлефонным званком», — сказаў Кенэдзі, адначасова абвінаваціўшы Кітай у дапамозе Ірану вайсковым абсталяваньнем і выведнымі зьвесткамі.
Ціск заканадаўцаў адбываецца пры глыбокіх партыйных рознагалосьсях што да шырэйшай вайны ЗША з Іранам.
У Белым доме 24 верасьня асноўны акцэнт рабіўся на дыялёгу і стратэгічнай стабільнасьці.
Сі заявіў, што яны з Трампам правялі «шчыры і паглыблены абмен думкамі» і дасягнулі «агульнага разуменьня ў многіх пытаньнях», але не ўдакладніў, ці было сярод іх пытаньне Ірану.
Паводле кітайскага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «Сіньхуа», Сі сказаў Трампу, што Пэкін падтрымлівае вяртаньне Вашынгтону і Тэгерану да ранейшага пагадненьня, накіраванага на спыненьне вайны і аднаўленьне мараплаўства цераз Армускую пратоку.
Трамп тым часам ужо даў зразумець, што не імкнецца публічна ўступаць у канфрантацыю з Сі з прычыны абвінавачаньняў у адрас Кітаю за выведную падтрымку Ірану.
Форум