Пасьля пасяджэньняў на розных плятформах саміту ўдзельнікі выдалі дакумэнт з шасьці пунктаў. У ім дэкляруюць і працяг дапамогі Ўкраіне.
Пункты дэклярацыі сьцісла:
- Напад на аднаго — гэта напад на ўсіх. Наша адзінства, салідарнасьць і калектыўная сіла застаюцца падмуркам міру, бясьпекі і дабрабыту для мільярда грамадзян нашага Альянсу свабодных і дэмакратычных краін. Мы па-ранейшаму адданыя нашаму ўсебаковаму падыходу да стрымліваньня і абароны.
- Каб процістаяць доўгатэрміновай пагрозе, якую Расея нясе эўраатлянтычнай бясьпецы і стабільнасьці, а таксама пастаяннай пагрозе тэрарызму, хаўрусьнікі выконваюць абавязаньні ў абароне, дадзеныя ў Гаазе. У 2025 годзе эўрапейскія хаўрусьнікі і Канада павялічылі свае інвэстыцыі ў асноўныя абаронныя патрэбы больш чым на 139 мільярдаў даляраў. Сёньня ў Анкары мы абвяшчаем аб новых закупках на суму больш за 50 мільярдаў даляраў і абавязуемся пашыраць сукупныя вытворчыя магутнасьці і супрацоўнічаць з прамысловасьцю для паскарэньня інавацый.
- Эўрапейскія хаўрусьнікі і Канада ў супрацы са Злучанымі Штатамі, бяруць на сябе большую адказнасьць за абарону Альянсу. Стрымліваньне і абарона NATO грунтуюцца на адпаведным спалучэньні ядзерных, канвэнцыйных і супрацьракетных абарончых магчымасьцяў, дапоўненых касьмічнымі і кібэрнэтычнымі рэсурсамі. Мы распрацоўваем узаемадзеяньне трансатлянтычнага воблака для баявых дзеяньняў і ўкараняем магутныя мадэлі штучнага інтэлекту.
- Украіна робіць унёсак у трансатлянтычную бясьпеку, і хаўрусьнікі адзіныя ў нашай нязьменнай падтрымцы Ўкраіны ў абароне яе свабоды, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці. На 2026 год хаўрусьнікі абяцаюць выдзеліць Украіне 70 мільярдаў эўра на вайсковае абсталяваньне, дапамогу і падрыхтоўку кадраў і пацьвярджаюць свае сувэрэнныя абавязаньні ў падтрыманьні прынамсі эквівалентнага роўню ў 2027 годзе. З гэтай мэтай мы вітаем рашэньне Эўрапейскага зьвязу аб выдзяленьні Ўкраіне шматгадовага фінансаваньня праз Крэдыт на падтрымку Ўкраіны.
- Іран ніколі не павінен мець ядзернай зброі. Хаўрусьнікі заклікаюць Іран паважаць свабоду суднаходзтва ў Армускай пратоцы.
- Выказваем нашу ўдзячнасьць за шчодрую гасьціннасьць, аказаную нам Турэччынай.
Што папярэднічала
Новы саміт NATO прайшоў 7-8 ліпеня ў той час, калі Вашынгтон адкрыта рыхтуе эўрапейскіх хаўрусьнікаў да паступовага зруху ў вайсковай пазыцыі ЗША на эўрапейскім кантынэнце, цісьне на чальцоў альянсу з мэтай рэзкага павелічэньня іх выдаткаў на абарону і сыгналізуе, што бясьпека Эўропы павінна ўсё больш станавіцца адказнасьцю Эўропы.
Высокапастаўленыя амэрыканскія чыноўнікі пацьвердзілі напярэдадні саміту, што бягучы агляд Пэнтагону аб’ёму войскаў у Эўропе можа прывесьці да скарачэньня колькасьці амэрыканскіх войскаў, разьмешчаных на кантынэнце.
Адной з галоўных падзей мелася стаць сустрэча і перамовы прэзыдэнтаў Украіны і ЗША. Становішча Ўкраіны ў вайне і процістаяньне расейскай агрэсіі былі абазначаныя як адна з найгалоўнейшых тэмаў сустрэчаў у Анкары.
Форум