Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 6 кастрычніка: у Менску пасьля 200 дзён у СІЗА пачалі судзіць каталіцкага сьвятара

абноўлена
Суд Ленінскага раёну Магілёва. Ілюстрацыйнае фота
Суд Ленінскага раёну Магілёва. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных прычын у Беларусі.

У Менску на гэтым тыдні ў закрытым рэжыме пачалі судзіць пробашча парафіі ў Альковічах Вілейскага раёну ксяндза Анатоля Парахневіча.

Як паведаміла выданьне katolik.life з спасылкай на вернікаў, суд пачаўся толькі праз 200 дзён пасьля трыманьня сьвятара ў сьледчым ізалятары КДБ.

Афіцыйнай інфармацыі аб судовым працэсе няма. Анатоля Парахневіча затрымалі сёлета ў сярэдзіне сакавіка — у зьняволеньні ён знаходзіцца ўжо звыш 200 дзён. За гэты час ксёндз адзначыў сваё 66-годзьдзе і 31-ю гадавіну сьвятарскага пасьвячэньня.

Колішні палітвязень заявіў аб вярбоўцы ў КДБ

23-гадовы Вадзім Пашкоўскі, якога раней асудзілі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у дзеяньнях, што парушаюць грамадзкі парадак) за ўдзел у акцыі пратэсту ў Жлобіне ў 2020 годзе, паведаміў праваабаронцам «Гомельскай Вясны» пра вярбоўку ў КДБ.

Паводле яго, у КДБ яму пагражалі новай крымінальнай справай і паставілі перад выбарам: 15 гадоў зьняволеньня або супрацоўніцтва са спэцслужбай. Ён пагадзіўся, а пасьля гэтага яму сказалі выехаць у Польшчу, жыць там, кантактаваць з людзьмі і пэрыядычна паведамляць, з кім ён мае дачыненьні.

Цяпер былы палітзьняволены зрабіў публічную заяву, каб спыніць супрацу з КДБ.

У сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» улады дадалі тры журналісцкія старонкі

  • kirill.voloshin _ (Threads, старонка сузаснавальніка Tut.by Кірыла Валошына);
  • This Minsk Media (Threads, старонка незалежнага СМІ, аб’яўленага ўладамі Беларусі ў сакавіку 2024 году «экстрэмісцкім фармаваньнем» разам з сайтам і старонкамі ў іншых сацсетках);
  • Константин Каверин / Konstantin_kaverin (Instagram, адзін зь вядоўцаў YouTube-каналу «Обычное утро»).

49-гадовага праграміста з Бабруйску асудзілі ў палітычнай справе

Суд Ленінскага раёна горада Магілёва асудзіў 49-гадовага праграміста з Бабруйску Сяргея Сініцкага на «хатнюю хімію» паводле ч. 1 і 2 артыкулу 361‑4 Крымінальнага кодэксу Беларусі («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Як паведаміла выданьне «Наша ніва», вышэйшую адукацыю мужчына атрымаў у БДУІР на факультэце радыётэхнікі і электронікі. Пры канцы 1990‑х ён спрабаваў займацца бізнэсам і рэгістраваў ІП, але ў 2003 годзе яго зьліквідавалі. Доўгі час Сяргей працаваў праграмістам на ААТ «Беларусьгуматэхніка». Пасьля працаваў на той жа пасадзе ў буйным перапрацоўшчыку шын «Экавер».

Згодна з інфармацыяй праваабарончага цэнтру «Вясна», 18 верасьня 2026 году яго ўключылі ў пералік грамадзян Беларусі, іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасьці».

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 6 кастрычніка 2026 году прызнаў палітвязьнямі 886 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 937.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG