Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыцьцё згарае ў нявольніцкім полымі». Палітвязьня з інваліднасьцю Ўладзімера Гундара перавялі з турмы ў калёнію

 Уладзімер Гундар зьбірае подпісы за бел-чырвона-белы сьцяг як культурную каштоўнасьць. Баранавічы, 2016 год. Ілюстрацыйнае фота
Уладзімер Гундар зьбірае подпісы за бел-чырвона-белы сьцяг як культурную каштоўнасьць. Баранавічы, 2016 год. Ілюстрацыйнае фота

Як стала вядома ад інфармаванай крыніцы, у пачатку кастрычніка палітвязьня Ўладзімера Гундара перавезьлі для адбыцьця далейшага пакараньня з магілёўскай турмы № 4 у бабруйскую калёнію № 2.

У гэтай калёніі Ўладзімер Гундар ужо адбываў пакараньне раней, але ў кастрычніку 2023 году суд прызначыў палітвязьню стражэйшы, турэмны рэжым, і яго адправілі ў магілёўскую вязьніцу. Цяпер трохгадовы тэрмін скончыўся. Але паводле прысуду за кратамі Гундару заставацца яшчэ 13 гадоў.

Актывіста і краязнаўцу з Баранавічаў Уладзімера Гундара затрымалі 30 сьнежня 2020 году ў «справе Аўтуховіча» — нібыта за рыхтаваньне тэрарыстычнага акту. У 2023 годзе ў выніку двух судоў паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу палітвязьня асудзілі агулам на 20 гадоў зьняволеньня.

У зьняволеньні Уладзімер Гундар пачаў пісаць вершы

Здольнасьць да паэзіі была і раней, але выявілася ў няволі праз асабліва складаныя абставіны, разважае суразмоўца Свабоды пра тое, што падштурхнула Гундара да паэтычнай творчасьці.

«Раней ён дапамагаў баранавіцкім паэтам публікаваць свае творы, рабіў макеты кніг, рыхтаваў іх да друку, але сам вершаў не пісаў, а вось у вязьніцах пачаў», — згадала крыніца. Вершы ад Гундара даходзілі на волю рэгулярна, аднак тры гады таму, калі палітвязень трапіў у магілёўскую турму, гэта спынілася.

Апошнімі месяцамі ў магілёўскай турме, паводле крыніцы, палітвязень шмат чытаў, запісваў свае ўражаньні пасьля турэмных прагулак, дзяліўся пачуцьцямі.

«У краі маёй няволі яскравай восені сонечнасьць зьмянілася халоднай хмурнасьцю. Неба завесілі хмары сівыя, ідуць халодныя дажджы, а жыцьцё гарыць у полымі часу. І маё жыцьцё ў няволі, пазбаўленае каляровай прыгажосьці, згарае ў нявольніцкім полымі», — нядаўна напісаў Уладзімер Гундар у лісьце з вязьніцы.

Чаму ў справе Гундара асабліва важны фактар — здароўе

Уладзімер Гундар мае інваліднасьць другой групы, у мужчыны ампутаваная нага вышэй калена. У вязьніцах Гундару забараняюць карыстацца пратэзам, ён перасоўваецца на мыліцах. Падчас зьняволеньня ў гарадзенскай турме № 1 Уладзімер Гундар займеў праблемы слыху, цяпер у яго трывала падвышаны ціск.

«Больш стала балець сьпіна, нават дазволілі даслаць абязбольныя іньекцыі», — таксама паведамляла крыніца пра стан здароўя Гундара.

Уладзімеру Гундару 66 гадоў. Праваабаронцы ўключылі Гундара ў сьпіс 170 палітвязьняў, асабліва ўразьлівых з прычыны стану здароўя, і дамагаюцца яго найранейшага вызваленьня.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG