Як паведаміла выданьне «Позірк» з спасылкай на новы агляд праваабарончай арганізацыі Lawtrend, на канец жніўня лік зьліквідаваных арганізацый складаў 2 072, ліпеня — 2 053, чэрвеня — 2 044, траўня — 2 033, красавіка — 2 022, сакавіка — 2 020, лютага — 2 012, студзеня — 1 995.
Паводле Lawtrend, з 2021 году ня менш за 1 267 некамэрцыйных арганізацый зьліквідавалі прымусова або знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ ня менш за 811 ухвалілі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі.
Адзначаецца, што ў жніўні зьліквідавалі «Рэлігійнае аб’яднаньне бахаі ў Рэспубліцы Беларусь». Адначасова ў аглядзе падкрэсьлілі, што лік прымусова зьліквідаваных у выніку працэсу перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый не ўваходзіць у статыстыку Lawtrend.
Праваабаронцы нагадалі, што ў верасьні датэрмінова вызвалілі 25 палітычных зьняволеных, сярод якіх былі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, грамадзкія і культурныя дзеячы, дасьледчыкі і журналісты. Усіх вызваленых прымусовы вывезьлі ў Літву, некаторых без дакумэнтаў, што засьвядчаюць асобу.
У аглядзе адзначаюць, што «вызваленьне асобных палітычных зьняволеных не суправаджаецца спыненьнем крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці».
«У месцах пазбаўленьня волі працягваюць знаходзіцца дзясяткі прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку ня менш за 20 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў і рабочага руху. Цягам маніторынгавага пэрыяду выносілі новыя выракі прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці», — заявілі праваабаронцы.
Асобна зьвярнулі ўвагу на падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 7 верасьня ўказ № 304 «Аб фондах і дабрачыннай дзейнасьці ў сфэры аховы здароўя». Паводле Lawtrend, зацьверджанае палажэньне аб стварэньні, дзейнасьці і ліквідацыі фондаў уводзіць дадатковы абмежаваньні і ўзмацняе дзяржаўнае ўмяшальніцтва ў асобныя аспэкты дзейнасьці такіх арганізацый.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
Паводле праваабаронцаў, нягледзячы на меншую інтэнсіўнасьць ліквідацыі ў параўнаньні зь пікавымі пэрыядамі 2021–2024 гадоў, наступствы кампаніі зьнішчэньня незалежнай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі захоўваюць сыстэмны характар.
Lawtrend — праваабарончая арганізацыя, якая рэгулярна праводзіць маніторынг сытуацыі з свабодай асацыяцыяў і стану грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.
Паводле яе высноваў, у 2026 годзе ў Беларусі надалей сыстэмна звужаецца прастора для дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, уключаючы зарэгістраваныя грамадзкія аб’яднаньні, фонды і ўстановы.
Паводле Міністэрства юстыцыі Беларусі, на 1 студзеня 2026 году ў Рэспубліцы Беларусь былі зарэгістраваныя 4 праўладныя палітычныя партыі і 1337 грамадзкіх арганізацыяў.
Форум