Жыхары Менску заўважылі ў горадзе незвычайныя грузавікі з правым стырном. Выглядам яны падобныя да тэхнікі, якую вырабляе МАЗ, аднак маюць іншую шыльду — HAL. Карыстальнікі сацыяльных сетак з Беларусі актыўна абмяркоўваюць гэтыя машыны. Іх бачаць то на запраўцы, то непадалёк ад заводу МАЗ, то на трасе.
Гэтыя грузавікі падобныя да мадэлі МАЗ-5316 — поўнапрываднога буйнатанажнага грузавога аўтамабіля-шасі ці бартавога грузавіка з колавай формулай 4×4. Яго выкарыстоўваюць як у гаспадарчых мэтах, так і ў вайсковых. Напрыклад, у якасьці шасі для спэцыяльнай тэхнікі, перавозкі вайскоўцаў, буксіраваньня артылерыйскай зброі, прычэпаў і цяжкіх сыстэмаў узбраеньня.
Грузавікі для Інданэзіі?
Яшчэ ў траўні на МАЗ прыяжджала дэлегацыя з Інданэзіі. Там ёй дэманстравалі аўтобусную і грузавую тэхніку.
А ўжо ў ліпені Інданэзію наведаў Лукашэнка, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам гэтай краіны Прабова Субіянто. У гэтай паездцы Лукашэнку суправаджаў кіраўнік Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Дзьмітры Пантус.
«Асноўная ўвага падчас перамоваў старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту надавалася пытаньням двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва, рэалізацыі сумесных праектаў і паглыбленьню прамысловай каапэрацыі паміж Менскам і Джакартай», — паведамлялася ў афіцыйным рэлізе вайскова-прамысловага камітэту Беларусі пасьля паездкі.
21 жніўня відэа зь беларускімі грузавікамі ў Інданэзіі апублікавалі інданэзійскія СМІ — транспартныя рэсурсы Rasika USA і DUNIA Transportasi. На роліках можна пабачыць колавыя шасі МАЗ-5316.
Паводле спэцыялізаванага рэсурсу Rasika USA, грузавікі заўважылі 21 жніўня на трасе Пантуры ў раёне Дэмак. Выданьне піша, што тэхніка была імпартаваная Міністэрствам абароны Інданезіі з Беларусі і рухалася ў Кудус для ўсталяваньня кодабаў і дзяржаўных рэгістрацыйных нумароў.
«Пасьля Кудусу грузавікі вернуцца ў PT. Pindad для ўсталяваньня вайсковай тэхнікі і разьмеркаваньня па ўсёй Інданэзіі. Паведамляецца, што Міністэрства абароны імпартавала разам каля 1500 грузавікоў», — гаворыцца ў камэнтары да відэа.
PT. Pindad — гэта дзяржаўная вайскова-прамысловая кампанія Інданэзіі. Спэцыялізуецца на вытворчасьці прадукцыі вайсковага прызначэньня.
На відэа Rasika USA бачная тая ж шыльда HAL, што і на тэхніцы, якую заўважалі ў Менску. У Інданэзіі левабаковы рух, а стырно ў машын справа.
МАЗ пастаўляе свае грузавікі ў гэтую краіну не ўпершыню. Напрыклад, у 2021 годзе 8 такіх жа грузавікоў МАЗ-5316 ужо заўважалі мясцовыя блогеры.
Адкуль шыльда HAL і навошта яна: вэрсіі
У Інданэзіі ёсьць кампанія PT HAL Teknologi Indonesia, якая займаецца пастаўкамі спэцыялізаванага абсталяваньня і тэхналёгіяў для бясьпекі, абароны і спэцслужбаў. Гэтая кампанія працуе як дыстрыбутар: закупляе тэхніку і тэхналёгіі і пастаўляе іх на інданэзійскі рынак. Ці ёсьць яна дыстрыбутарам у пастаўках беларускіх грузавікоў, незразумела.
Беларускі вытворца грузавікоў МАЗ знаходзіцца пад санкцыямі ЭЗ і ЗША. Інданэзія санкцыяў супраць Беларусі ня ўводзіла, аднак для яе існуе рызыка трапіць пад другасныя санкцыі ЗША. Напрыклад, інданэзійскі банк з амэрыканскімі карэспандэнцкімі рахункамі рызыкуе, калі праводзіць плацеж наўпрост з падсанкцыйным прадпрыемствам.
Паводле прадстаўніка Belarus Monitoring Center BelPol Уладзімера Жыгара, падобныя схемы паставак беларускія суб’екты гаспадараньня выкарыстоўвалі і раней, бо падсанкцыйнае прадпрыемства «таксічнае» для многіх партнэраў.
«Беларуская падсанкцыйнае прадпрыемства прадае сваю прадукцыю нейкім краінам, і яны могуць трапіць пад другасныя санкцыі ЗША. Калі плацяжы будуць ісьці, напрыклад, праз эўрапейскія банкі, таксама будуць праблемы. Такім чынам спрабуюць нівэляваць магчымасьць трапіць пад гэтыя другасныя санкцыі. Гэта не зусім новая сытуацыя. Раней спрабавалі нешта падобнае арганізаваць з пастаўкамі БелАЗ у Польшчу. Прадавалі цэлыя вузлы самазвалаў без этыкетак, без краіны паходжаньня. А пасьля гэта ўсё зьбіралася, толькі самазвал называлі інакш», — прыводзіць прыклад суразмоўца.
Да таго ж дзяржаўная інданэзійская PT. Pindad супрацоўнічае з заходнімі і турэцкімі кампаніямі, а простая супраца зь беларускім падсанкцыйным МАЗам можа ствараць рэпутацыйныя рызыкі.
Таксама прадукт не зусім новага пакаленьня, які выпускаюць беларускія заводы, можа пасаваць той не зусім новай тэхніцы, якая выкарыстоўваецца ў пэўнай краіне, працягвае Жыгар.
«Калі мы гаворым пра МАЗ, пра МЗКЦ, — яны ўвогуле вырабляюць такі прадукт, які, я б сказаў, належыць да папярэдніх пакаленьняў. Але менавіта гэта і патрэбна такім краінам, бо тыя віды ўзбраеньня, якія там ёсьць, маюць патрэбу менавіта ў старых, яшчэ такіх паўсавецкіх узорах, ім не патрэбныя нейкія новыя высокатэхналягічныя ўзоры тэхнікі, бо яны проста не пасуюць», — кажа суразмоўца.
Пры пастаўках у іншыя краіны Беларусь сутыкаецца з праблемай пераводу грошай з прычыны санкцыяў, працягвае Жыгар. І гэта праблема разьвязваецца часам за кошт аплаты нейкай іншай тэхнікай, якая патрэбна Беларусі.
«Мы ведаем, што беларускія прадпрыемствы сутыкаліся з галоўнай праблемай — пераводам грашовых сродкаў, бо адна рэч — калі кампанія робіць гэта мэтанакіравана, яна гэта ведае, разумее і ўлічвае рызыкі, а іншая рэч — калі гэта робяць банкі. Вельмі часта такія плацяжы затрымліваюць, блякуюць, бо выдатна разумеюць, хто канчатковы бэнэфіцыяр. Таму беларускія прадпрыемствы вельмі часта проста рабілі такі ход: з аднаго боку, спачатку частку грошай канвэртавалі ў расейскія рублі і пераводзілі гэтыя грошы праз расейскія банкі, але тут таксама ўзьнікалі пэўныя праблемы.
Потым яны проста куплялі за грошы, якія нібыта мелі атрымаць, у той ці іншай краіне нейкі тавар, патрэбны рэжыму або менавіта гэтаму прадпрыемству, і ўжо потым ня грошы, а тавар ехаў у Беларусь», — прыводзіць прыклад Жыгар.
У справаздачы інданэзійскай службы статыстыкі за мінулы год няма інфармацыі аб пастаўках грузавікоў з Беларусі. Ёсьць зьвесткі аб невялікіх пастаўках дэталяў: тармазных сыстэмаў, счапленьняў ды інш.
Нацыянальны стытыстычны камітэт Беларусі з 2021 году не публікуе падрабязных зьвестак пра замежны гандаль. Вядома, што ў 2020 годзе Інданэзія набыла ў Беларусі 8 грузавікоў (у статыстыцы не канкрэтызуецца вытворца) за 449 100 даляраў. Кошт аднаго грузавіка — 56 138 даляраў.
Свабода зьвярнулася з запытам у Менскі аўтамабільны завод з просьбай пракамэнтаваць датычнасьць МАЗа да вытворчасьці вайсковых грузавікоў з лягатыпам HAL, альбо абвергнуць гэтую інфармацыю. Адказу на момант публікацыі мы не атрымалі.
Форум