Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Беларусь амаль у 5 разоў павялічыла свае інвэстыцыі ў эканоміку Расеі

Юры Селіверстаў. Архіўнае фота
Юры Селіверстаў. Архіўнае фота

Амбасадар Беларусі ў Расеі Юры Селіверстаў заявіў, што ўзаемныя інвэстыцыі Расеі і Беларусі сёлета зраўняліся і дасягнулі прыблізна па 5 мільярдаў даляраў.

«Аб’ём узаемных інвэстыцый — прыблізна 5 мільярдаў даляраў», — сказаў Юры Селіверстаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Першы інфармацыйны».

Паводле яго, аб’ём беларускіх інвэстыцый у расейскую эканоміку не саступае расейскім інвэстыцыям у беларускую эканоміку. «Прынамсі, па выніках за студзень—чэрвень мы парытэтныя. Нават недзе крыху апярэджваем унёсак расейцаў», — адзначыў ён.

«Як збалянсаваны ў нас тавараабарот, так і замежныя інвэстыцыі, асабліва на наўпроставай аснове, прыблізна адпавядаюць нашаму ўнёску. Калі мы ўклалі крыху больш за 5 мільярдаў даляраў у зборачныя вытворчасьці ў Расейскай Фэдэрацыі, то і калегі з Расеі таксама ўкладаюць гэтыя грошы ў разьвіцьцё вытворчасьці ў Беларусі», — паведаміў Юры Селіверстаў.

У той жа час, паводле яго, усё яшчэ ёсьць пытаньні наконт выкарыстаньня лічбавага подпісу, доступу для перавозчыкаў, а таксама лягістыкі па перамяшчэньні беларускіх грузаў праз расейскія марскія парты.

Што папярэднічала

Да расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году большая частка беларускіх інвэстыцый таксама ажыцьцяўлялася ў Расею. У канцы 2021 году 85,2 % усіх замежных інвэстыцый Беларусі накіроўваліся ў Расею.

Згодна з інфармацыяй вялікай англамоўнай дасьледчай анлайн-плятформы macrotrends.net, штогадовы аб’ём толькі прамых замежных інвэстыцый зь Беларусі па ўсім сьвеце перад 2022 годам знаходзўся ў дыяпазоне 1,2-1,4 мільярда даляраў (у 2020-м — 1,36 мільярда, у 2021-м — 1,23 мільярда), зь якіх прыблізна 1 мільярд даляраў штогод накіроўвалася наўпрост у расейскія рэгіёны.

Да 2022 году Беларусь укладала ў Расеі ў стварэньне таварных сетак, дылерскіх цэнтраў, зборачных вытворчасьцяў, а таксама ў транспартна-лягістычным сэктары і гуртовым гандлі.

Чаму гэта важна

Пасьля 2020 і 2022 году, калі ўлады Беларусі жорстка разагналі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, супраць Аляксандра Лукашэнкі, яго атачэньня і прадпрыемстваў, што іх фінансуюць, пачалі ўводзіць міжнародныя санкцыі.

Беларусь разам з Расеяй і Іранам апынулася ў поўнай ізаляцыі і цяпер усё больш актыўна актывізуюць сваю ўзаемную супрацу, найперш у вайсковай сфэры. Вядома, што сама меней 120 беларускіх прадпрыемстваў спрыяюць Расеі ў вайне супраць Украіны.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG