Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна атакавала ў Расеі абаронны завод, зь якім супрацоўнічаюць два беларускія прадпрыемствы. Што вядома

Наступствы пацэльваньня па абаронным заводзе ў Чэбаксарах, 10 чэрвеня 2026 году
Наступствы пацэльваньня па абаронным заводзе ў Чэбаксарах, 10 чэрвеня 2026 году

Сталіца расейскай Рэспублікі Чувашыя Чэбаксары раніцай 10 чэрвеня пацярпела ў выніку ракетнага ўдару.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода з спасылкай на мясцовыя маніторынгавыя каналы, «адбылося сама меней два прылёты на фоне абвешчанай ракетнай небясьпекі».

«Першы выбух жыхары гораду пачулі прыблізна а 05:44, другі — прыблізна а 06:22. Пасьля ўдараў у розных раёнах гораду адчувалася ўдарная хваля, назіраўся дым», — паведаміў адзін з Telegram-каналаў.

Кіраўнік Чэбаксараў Станіслаў Трафімаў заклікаў жыхароў «устрымацца ад прыводу дзяцей у школьныя лягеры і дзіцячыя садкі да асаблівага распараджэньня».

Украінскія Telegram-каналы Exilenova+ і Supernova+ сьцьвярджаюць, што ў Чэбаксарах гарыць абаронны завод «ВНИИР-Прогресс». Гэта пацьвердзіў і расейскі канал Astra. Згодна з паведамленьнямі, «істотна» пашкоджаны адміністрацыйны будынак прадпрыемства. Раней украінскія сілы ўжо атакавалі гэты завод — летась у чэрвені і сёлета ў лютым і пачатку траўня.

Украінскія Telegram-каналы сьцьвярджаюць, што ўдар па Чэбаксарах нанесьлі ўкраінскімі ракетамі «Флямінга».

Што вядома аб прадпрыемстве

«ВНИИР-Прогресс» уваходзіць у аб’яднаньне «АБС Электро» і вырабляе радыёэлектронную прадукцыю, у тым ліку для расейскай арміі: антэны «Комета», якія абараняюць дроны «Герань» ад сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, а таксама прымальнікі спадарожнікавага сыгналу для ракет «Калібр» і «Іскандэр». У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заяўлялі, што завод вырабляе таксама кампанэнты для спадарожнікавых сыстэмаў ГЛОНАСС, GPS і Galileo.

Прадпрыемства набывае праваднікі і электронную кампанэнтную базу на беларускіх прадпрыемствах — ААТ «Інтэграл» і ААТ «Планар». Абодва прадпрыемствы знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі за супрацу з вайскова-прамысловым комплексам Расеі.

Сёлета ў сакавіку, паводле аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol, у выніку ўкраінскага ўдару па расейскім заводзе мікраэлектронікі «Кремний Эл» у Бранску зьнішчана абсталяваньне, пастаўленае туды зь беларускага ААТ «Планар».

У студзені 2026 году на адкрыцьцё новага цэху на «Планары» прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка. Дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што гэты цэх змаглі стварыць і падрыхтаваць да працы ў рэкордна сьціслыя тэрміны і на 2 гады раней, чым плянавалася.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG