Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зноў атакавала Ўкраіну. Польшча падымала ў паветра баявую авіяцыю. Украінскія дроны даляцелі да Чувашыі

абноўлена
У ноч на 9 чэрвеня ўва ўсіх вобласьцях Украіны праз расейскі абстрэл абвяшчалі паветраную трывогу. Ілюстрацыйнае фота
У ноч на 9 чэрвеня ўва ўсіх вобласьцях Украіны праз расейскі абстрэл абвяшчалі паветраную трывогу. Ілюстрацыйнае фота

Расейскія войскі ў ноч на 9 чэрвеня атакавалі Ўкраіну ракетамі і дронамі.

Кіраўнік Ровенскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Коваль заявіў аб «магутным паветраным удары» Расеі па рэгіёне, у выніку якога адзін чалавек атрымаў раненьні.

«Вельмі цяжкая ноч для Ровеншчыны... Велічэзная ўдзячнасьць за прафэсіяналізм нашым сілам СПА, якія зьнішчылі вялікую колькасьць варожых цэляў. На месцы працуюць прадстаўнікі сілаў абароны і іншых службаў», — паведаміў Аляксандар Коваль у сваім Telegram-канале.

У Кіеве ў выніку расейскага абстрэлу пашкоджаны офіс. Улады пакуль не паведамляюць, ці ёсьць пацярпелыя.

Расейскія войскі не спыняюць удары па Харкаве. У ноч на 9 чэрвеня горад зноў абстралялі кіраванымі авіябомбамі.

У Польшчы ўначы СПА пераводзілі ў баявую гатоўнасьць

У Польшчы праз расейскую атаку для гарантаваньня бясьпекі краіны падымалі ў паветра баявую авіяцыю.

«Дзяжурныя пары зьнішчальнікаў паднялі ў паветра, а наземныя службы супрацьпаветранай абароны і радыёлякацыйнай выведкі былі пераведзеныя ў найвышэйшы стан гатоўнасьці. Гэтыя дзеяньні маюць прэвэнтыўны характар і выкарыстоўваюцца ў мэтах бясьпекі і маніторынгу сытуацыі ў непасрэднай блізкасьці ад мяжы Польшчы», — паведамілі ў Апэратыўным камандаваньні Ўзброеных сілаў Польшчы.

Пазьней удакладнілі, што парушэньня паветранай прасторы Польшчы не зафіксавана.

Украінскія дроны даляцелі да Чувашыі і Ніжагародзкай вобласьці

Кіраўнік Чувашыі Алег Нікалаеў заявіў аб удары дронамі па прадпрыемстве «ВНИИР-ПРОГРЕСС», якое вырабляе электроніку для расейскай арміі.

«Два БПЛА ўпалі на тэрыторыі „ВНИИР“, праз што ўхвалілі адказнае рашэньне аб часовым прыпыненьні вытворчасьці для гарантаваньня бясьпекі супрацоўнікаў. Яшчэ па адным бесьпілётніку ўпалі ў палях Чэбаксарскай і Краснаармейскай муніцыпальных акругаў. Пагрозы для людзей няма», — заявіў кіраўнік рэгіёну.

Паводле яго, пацярпелых таксама няма.

У Генэральным штабе Ўзброеных сілаў Украіны пацьвердзілі ўдар па вайсковым прадпрыемстве ў Чэбаксарах.

«Гэта аб’ект вайскова-прамысловага комплексу Расеі, вытворца навігацыйнага абсталяваньня, якое забясьпечвае вытворчасьць адаптыўных антэнаў „Камэта“, што выкарыстоўваюцца, у тым ліку, ва ўдарных БПЛА тыпу „Шахед“, уніфікаваных модулях плянаваньня і карэкцыі (УМПК) для кіраваных авіябомбаў (КАБ), ды ў іншым высокадакладным узбраеньні», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскага Генэральнага штабу.

Паводле зьвестак украінскага боку, сама меней два бесьпілётнікі пацэлілі ў прадпрыемства, у выніку чаго пачаўся маштабны пажар.

«Удары па аб’ектах, якія забясьпечваюць узброеную агрэсію Расейскай Фэдэрацыі, будуць працягвацца да поўнага яе спыненьня», — заявілі ў Генэральным штабе.

Пазьней у Генштабе Ўкраіны паведамілі аб сваёй атацы на вайсковы аэрадром «Савасьлейка» у Ніжагародзкай вобласьці. У выніку яе, папярэдне, удалося зьнішчыць два вайсковыя самалёты — імаверна, МіГ-31 та Су-30/34.

Расейскія войскі актывізавалі наступы на некалькіх кірунках

Пасьля адноснага зацішша на фронце, якое працягвалася некалькі месяцаў, расейскія войскі перашлі да актыўных наступальных дзеяньняў.

Калі зь лютага да красавіка расейская армія захоплівала ў сярэднім 170 квадратных мэтраў на месяц, то ў траўні тэмпы расейскага наступу павялічыліся больш, чым у два з паловай разы — да 457 квадратных кілямэтраў акупаванай тэрыторыі кожны месяц. Гэта, як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, адпавядае паказьнікам канца 2024 году.

Пад канец траўня расейскі наступ яшчэ больш паскорыўся: толькі за апошні тыдзень месяца Ўзброеныя сілы Расеі захапілі 18 украінскіх населеных пунктаў і прыблізна 200 квадратных кілямэтраў.

Асноўным кірункам расейскага наступу застаецца Данецкая вобласьць. Апроч таго, расейская армія актывізавалася ў Сумскай вобласьці, дзе за некалькі месяцаў захапіла 9 памежных населеных пунктаў, і канцэнтруе сілы на мяжы з Харкаўскай вобласьцю.

Расейскія войскі таксама наблізіліся да адміністрацыйнай мяжы Днепрапятроўскай вобласьці і, паводле галоўнага камандуючага Узброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандра Сырскага, актывізаваліся ў Запароскай вобласьці, дзе сытуацыя становіцца ўсё больш пагрозьлівай.

Дзьмітрый Мядзьведзеў, намесьнік старшыні Савету бясьпекі Расеі, які займаў пасаду прэзыдэнта РФ з 2008 па 2012 год, заявіў у сваім Telegram-канале аб пачатку наступу расейскіх войскаў у Днепрапятроўскай вобласьці. Аднак у Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны гэтую інфармацыю зьняпраўдзілі.

Паветраную трывогу ўначы абвяшчалі ўва ўсіх вобласьцях Украіны праз пагрозу ад расейскіх ударных дронаў і ракет. Польшча рэгулярна падымае ў паветра свае самалёты, калі Расея абстрэльвае заходнія рэгіёны Ўкраіны.

Расейскія войскі рэгулярна абстрэльваюць Украіну з розных відаў узбраеньня — ударнымі дронамі, ракетамі, кіраванымі авіябомбамі.

Кіраўніцтва Расеі зьняпраўджвае тое, што расейская армія наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры і мірным насельніцтве.

Украінская ўлада і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і пераконваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG