Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры будаўніцтве «беларускага порта» ў расейскім Мурманску паўсталі цяжкасьці з чыгункай

Порт у Мурманску на архіўным здымку
Порт у Мурманску на архіўным здымку

Праект адкладаецца, портам не пачнуць карыстацца ў 2028-м, як плянавалася.

Першы намесьнік міністра разьвіцьця Арктыкі і эканомікі Мурманскай вобласьці Арцём Кукса расказаў, што ў першую чаргу будаўніцтва беларускага порта ў Кольскай затоцы і пашырэньне перавозак беларускіх тавараў празь цяперашнія магутнасьці порта Мурманску завязаныя на пашырэньні чыгуначных падыходаў да тэрміналаў. Пра гэта Кукса расказаў газэце «СБ».

Калі пачалі распрацоўваць будаўніцтва беларускага порта ў Мурманску, выявілася, што прапускных магчымасьцяў чыгуначных падыходаў да тэрміналаў у Мурманску ня хопіць. Таму цяпер мясцовыя ўлады вызначаюць аб’ём работ, каб пашырыць чыгуначную сетку транспартнага вузла. Думаюць над коштам і пасьлядоўнасьцю рэалізацыі праекту.

Каб павялічыць прапускную здольнасьць чыгункі інжынэрам трэба ведаць усё пра прагназаваныя грузавыя плыні.

Інфраструктуру плянуюць пашырыць коштам новага комплекснага праекту разьвіцьця Арктыкі. Гэта дазволіць нарасьціць перавозкі тавараў праз порт Мурманска, у тым ліку беларускіх.

Цяпер беларускі тэрмінал прыватнага інвэстара ўжо будуюць у Мурманску. Адбываецца гэта раўналежна з мадэрнізацыяй самога порта, і на гэтыя работы спатрэбіцца некалькі гадоў, адзначыў першы намесьнік міністра:

«Пакуль ён будзе будавацца, грузы ўсё роўна трэба перавальваць. Таму пакуль выкарыстоўваюць цяперашнія магутнасьці, каб гэтую лягістыку пачаць ужо адладжваць, пралічыць, каб яна стабільна працавала. А затым яе далучыць да новага шляху», — дадаў Кукса.

У тэхнічную і фінансавую часткі праекту ўжо закладаюць беларускія грузы, запэўніў расейскі чыноўнік. Але пашырэньне чыгункі і іншыя пытаньні з портам дакладна зоймуць некалькі гадоў.

Чакаюцца новыя тарыфы

Каб больш зацікавіць беларускіх грузаадпраўнікаў перавозкамі празь мясцовы порт, урад Мурманскай вобласьці спрабуе паўплываць на Маскву, каб зьмяніць тарыфную палітыку.

Сёньня транзыт тавараў у порты Балтыкі абыходзіцца таньней, чым у паўночным напрамку. Пры гэтым Кукса не абяцае хуткага разьвязаньня цяжкасьцяў, ён гаворыць, што такі працэс няхуткі.

Паўночны маршрут запатрабаваны ў беларускіх кампаній. Напрыклад, успамінае газэта адміністрацыі Лукашэнкі, у сакавіку сёлета Мурманскі балкерны тэрмінал у час складанага лядовага становішча ў Фінскай затоцы забясьпечыў перавалку і адпраўку ў Кітай беларускага калію, перанакіраванага з Балтыкі.

Як было на пачатку праекту

У выніку заходніх санкцый Беларусь моцна перарыентавала сваю гаспадарку на ўсход, перадусім на Расею. Некалькі разоў паўставала пытаньне пра порт, які б належаў ураду Беларусі і кіраваўся ім на тэрыторыі Расеі. Мурманск стаў адным з кірункаў.

Аб’ём укладаньняў у праект не раскрывалі. Плянавалася, што порт будзе мець шмат напрамкаў з магчымасьцю разьмяшчэньня кантэйнэрнага тэрміналу, які будзе апрацоўваць сыпкія грузы, а таксама мінэральныя ўгнаеньні і нафтапрадукты.

Чаканы аб’ём перавалкі грузаў быў да 25-30 млн тон у год. Аб’ект плянавалі запусьціць у 2028 годзе. Але цяпер, калі стаў зразумелым маштаб праблемаў і аб’ём патрэбных мадэрнізацыйных работаў, увасабленьне задуманага зойме больш часу.

Сёлета Мурманскі гандлёвы порт уключылі ў інфраструктуру Паўночнага марскога шляху. У беларускіх экспартэраў такім чынам узьнік новы канал дастаўкі тавараў у Кітай і Паўднёваўсходнюю Азію.

Асобна пра Мурманскі порт і беларускі тэрмінал у ім у сакавіку сёлета размаўлялі Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік Мурманскай вобласьці Андрэй Чыбіс.

Што з іншымі «беларускімі портамі» ў Расеі?

У траўні стала вядома, што Беларусь з пачатку 2026 году павялічыла перавалку грузаў праз расейскія порты на 11%. Але што зь «беларускімі тэрміналамі», пра якія сам Лукашэнка і ягоныя ўрады гавораць паўдзясятка гадоў?

У лютым 2023 году ў Маскве падпісалі пагадненьне пра адзіную прамысловую палітыку Расеі і Беларусі. Сярод іншага, дакумэнт забясьпечваў стварэньне альтэрнатыўных маршрутаў пастаўкі экспартнай прадукцыі. Перавозка грузаў у трэція краіны прадугледжвалася як праз марскія порты, так і праз наземную транспартную інфраструктуру. Ужо ў траўні таго году тагачасны прэм’ер Беларусі Раман Галоўчанка наведаў Расею і глядзеў месцы пад патэнцыйнае будаўніцтва порту. Тады ж паўстаў і «мурманскі» варыянт.

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белмытсэрвіс» у пачатку жніўня сёлета афіцыйна паведаміла пра новае пагадненьне з портам Бронка ў расейскім Санкт-Пецярбургу, якое адкрывае магчымасьці для паскоранай перавалкі і спрашчэньня транзытных працэдураў. «Белмытсэрвіс» атрымаў поўны доступ да інфраструктуры порту.

Некалькі гадоў улады Беларусі гаварылі і пра будаўніцтва расейска-беларуска-кітайскага порту ў Прымор’і, што на Далёкім Усходзе Расеі. У Менску сьцьвярджалі, што порт у Прыморʼі патрэбны беларускаму боку як важны пункт на транзытным шляху ў Кітай. У пачатку 2024 году ў Прыморʼі нават пабывала дэлегацыя адмыслоўцаў зь Беларусі, якія маюць досьвед рэалізацыі партовых праектаў.

Але ў сакавіку 2025 году, пасьля чарговай сустрэчы ў Менску кіраўнік Прыморскага краю Расеі Алег Кажамяка заявіў, што праект будаўніцтва порта адкладзены з прычыны «высокай ключавой стаўкі Цэнтрабанку Расеі», якая тады складала 21%. Нават яе істотнае зьніжэньне пазьней не дапамагло адрадзіць праект. Порт, у якім Лукашэнка разьлічваў пераладоўваць прадукцыю на Кітай, застаўся на паперы, пра аднаўленьне перамоў наконт будаўніцтва ніхто ўжо не гаворыць.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG