Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прасіла прытулку ў ЗША — правяла 106 дзён за кратамі. Гісторыя Кацярыны Бартко

Кацярына Бартко. Каляж
Кацярына Бартко. Каляж

За восем месяцаў 2026 году ў іміграцыйныя турмы ЗША трапілі ня менш як 89 беларусаў. Адна зь іх — 33-гадовая Кацярына Бартко, якая раней перажыла рак. Яна правяла пад вартай 106 дзён, чатыры разы трапляла ў шпіталь і кажа, што пэўны час не атрымлівала неабходных лекаў.


Як Кацярына апынулася ў ЗША?

«На нагах і руках у цябе кайданкі. Пакуль ідзеш, ногі проста сьціраюцца ў кроў. А яшчэ — ланцуг вакол таліі», — так беларуска Кацярына Бартко згадвае ў інтэрвію Свабодзе іміграцыйную турму ў ЗША.

Кацярына нарадзілася ў Глыбокім. У Беларусі яна атрымала дзьве вышэйшыя адукацыі — інжынэрную і юрыдычную, выкладала ў Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце, пазьней працавала ў Менску.

У Злучаныя Штаты яна прыехала ў 2022 годзе па студэнцкай візе. Паводле Кацярыны, першапачаткова яна ня мела намеру заставацца там назаўсёды, плянавала палепшыць ангельскую мову і працягнуць адукацыю.

«Але ў Беларусі супраць мяне адкрылі справу, вяртацца ўжо было небясьпечна», — кажа Кацярына.

Беларуска тлумачыць, што ўдзельнічала ў пратэстах 2020 году і выступала супраць расейскай вайны ва Ўкраіне. У лютым 2023 году яна падала заяву на палітычны прытулак у ЗША.

Свабода ня можа незалежным чынам пацьвердзіць наяўнасьць палітычна матываванага перасьледу Кацярыны Бартко ў Беларусі.

Іміграцыйная турма

У траўні 2026-га сытуацыя рэзка зьмянілася. На вечарыне ў Флорыдзе, дзе была Кацярына, паміж гасьцямі адбылася сварка. Сама яна кажа, што канфлікт быў выключна вэрбальным. Беларуска кажа, што сышла яшчэ да прыезду паліцыі, а пазьней яе затрымалі.

Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША (DHS) у камэнтары Радыё Свабода паведаміла, што Кацярыну затрымлівалі ў сувязі з падазрэньнем у нанясеньні пабояў падчас побытавага канфлікту.

Аднак пракуратура ня стала працягваць крымінальны перасьлед. У судовым запісе вынік справы пазначаны як No Action. Крымінальнага прысуду Кацярына не атрымала.

Тым ня менш на волю яна ня выйшла. Яе перадалі Іміграцыйнай службе ЗША — ICE. Падставай для гэтага затрыманьня ўжо была ня справа ў Флорыдзе, а іміграцыйны статус беларускі.

«6 траўня 2026 году Іміграцыйная і мытная служба ЗША (ICE) выдала запыт на яе затрыманьне для іміграцыйных органаў. Паколькі штат Флорыда супрацоўнічае з ICE, Бартко перадалі гэтай службе. 13 верасьня ICE перавяла Бартко ў шпіталь у Канзас-Сіці ў сувязі з гіпэркальцыэміяй. 16 верасьня ICE вызваліла яе з-пад варты, прызначыўшы нашэньне электроннага бранзалета як альтэрнатыву ўтрыманьню пад вартай на час разгляду яе справы», — адказаў на запыт Радыё Свабода прадстаўнік Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША.

Прадстаўнік Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША пацьвердзіў Свабодзе, што Кацярына легальна ўехала ў ЗША ў 2022 годзе, але яе студэнцкі статус быў спынены ў сакавіку 2023-га. Ведамства асобна падкрэсьліла: «заява, якая знаходзіцца на разглядзе, НЕ надае законнага статусу ў Злучаных Штатах».

«Бартко была законна дапушчаная ў Злучаныя Штаты 5 сакавіка 2022 году ў Нью-Ёрку. Тэрмін яе законнага статусу скончыўся 2 сакавіка 2023 году. Яна вырашыла застацца ў краіне пасьля заканчэньня дазволенага тэрміну, парушыўшы законы нашай краіны», — ідзецца ў пісьмовым адказе прадстаўніка Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША на запыт Свабоды.

Гэта можа падавацца супярэчнасьцю. Пакуль просьба аб прытулку разглядаецца, чалавек можа заставацца ў ЗША і дамагацца абароны. Але такая заява сама па сабе не працягвае ранейшы студэнцкі статус і не надае новага іміграцыйнага статусу. Таму пасьля спыненьня студэнцкага статусу ICE магла пачаць працэдуру выдаленьня і ўзяць Кацярыну пад варту, хоць яе просьба аб прытулку працягвала разглядацца.

Так Кацярына апынулася ў іміграцыйнай турме.

Чатыры шпіталізацыі і праблемы зь лекамі

11 гадоў таму Кацярына Бартко перанесла рак. Падчас лячэньня ёй выдалілі шчытападобную і парашчытападобныя залозы. Цяпер яе арганізм ня можа самастойна выпрацоўваць неабходную колькасьць гармонаў і нармальна рэгуляваць кальцый. Штодня беларуска мусіць прымаць лекі, каб забясьпечыць нармальную працу арганізму.

За час утрыманьня Кацярыну шпіталізавалі чатыры разы. Яна кажа, што цягам дзесяці дзён не атрымлівала ні леватыраксыну, які замяняе ёй гармоны выдаленай шчытападобнай залозы, ні кальцыю. Унутраны журнал выдачы лекаў пацьвярджае сур’ёзны перабой з леватыраксынам: з 23 чэрвеня па 2 ліпеня прэпарат дзесяць дзён запар пазначаны як Pending, а адзнакі Administered — «выдадзена» — няма.

Але прадстаўнік DHS у камэнтары Свабодзе кажа, што Кацярына «атрымала належную мэдычную дапамогу ад Гіпатэрыёз — гэта клінічны сындром, які ўзьнікае з прычыны ўстойлівага дэфіцыту гармонаў шчытападобнай залозы або зьніжэньня іх эфэкту на тканкавым узроўні. і Гіпакальцыэмія — гэта паталягічны стан, які характарызуецца крытычным зьніжэньнем узроўню агульнага кальцыю ў сыроватцы крыві. Кальцый мае крытычна важнае значэньне для трываласьці касьцей, правядзеньня нэрвовых імпульсаў, скарачэньня цягліц і працы сэрца.».

«ICE аплачвае ўсю мэдычную дапамогу і паслугі, якія аказваюцца іншаземцам, што незаконна знаходзяцца ў краіне, падчас іх утрыманьня пад вартай. ICE супрацоўнічала са шпіталем, каб забясьпечыць пакрыцьцё выдаткаў на лячэньне Бартко, — заявіў Свабодзе прадстаўнік Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША. — Даўняй практыкай зьяўляецца аказаньне комплекснай мэдычнай дапамогі з моманту, калі іншаземец трапляе пад варту ICE. Яна ўключае першасны агляд фізычнага і псыхічнага здароўя, а таксама стану зубоў на працягу 12 гадзін пасьля прыбыцьця ў кожную ўстанову ўтрыманьня; поўнае мэдычнае абсьледаваньне на працягу 14 дзён пасьля пападаньня пад варту ICE або прыбыцьця ва ўстанову; а таксама доступ да мэдычных кансультацый і кругласутачнай неадкладнай дапамогі. Для многіх іншаземцаў гэта найлепшая мэдычная дапамога, якую яны атрымлівалі за ўсё сваё жыцьцё».

У той жа час мэдычныя дакумэнты, якія вывучалі незалежныя лекары і якія таксама маюцца ў распараджэньні Радыё Свабода, паказвалі рэзкае пагаршэньне аналізаў.

«У душ — таксама ў кайданах»

Адсутнасьць лекаў была галоўнай, але не адзінай праблемай для беларускі.

Кацярына расказвае, што падчас любых перамяшчэньняў у іміграцыйнай турме ёй апраналі кайданкі на ногі і рукі, а вакол пояса — ланцуг. Паводле яе, іх зашпільвалі даволі шчыльна і не дазвалялі здымаць нават у судзе. Аднойчы Кацярына правяла ў судовай залі каля шасьці гадзінаў. Калі ёй стала дрэнна, адвакатка папрасіла ахову зьняць кайданкі, але ёй адмовілі.

Нават у шпіталі, кажа Кацярына, яе ўтрымалі прыкаванай да ложка за руку і нагу.

«На наступны дзень пасьля шпіталізацыі я папрасіла пусьціць мяне ў душ. Ахоўнікі адказалі, што і ў душ я таксама пайду ў кайданах — на нагах і руках. Спытала ў іх, як жа мне мыцца?» — распавядае Кацярына.

Крытычны стан і нечаканае вызваленьне

У сярэдзіне верасьня стан Кацярыны рэзка пагоршыўся. Паводле мэдычных дакумэнтаў, узровень кальцыю ў крыві перавысіў 15 mg/dL — лябараторыя пазначыла гэты вынік як крытычна высокі. Пагоршыліся і паказьнікі працы нырак.

«Я адчувала сябе вельмі дрэнна, арганізм ужо пачынаў даваць збой. У мяне пачаліся праблемы з ныркамі», — кажа Кацярына.

Яна дадае, што некалькі першых дзён у шпіталі амаль бесьперапынна была пад кропельніцамі.

А потым адбылося тое, чаго сама Кацярына не чакала. 16 верасьня, на 106-ы дзень знаходжаньня пад вартай ICE, яе вызвалілі.

Кацярына кажа, што сама даведалася пра гэта толькі тады, калі зь яе зьнялі кайданкі і замест іх апранулі GPS-бранзалет.

Цяпер беларуска застаецца пад наглядам іміграцыйнай службы. GPS-прылада адсочвае яе месцазнаходжаньне, пакуль Кацярына чакае далейшага рашэньня па сваёй просьбе аб прытулку. Судовае паседжаньне, якое мелася адбыцца ў канцы верасьня, перанесенае на больш позьні час.

«Я хачу жыць і проста адчуваць сябе хаця б дзесьці ў бясьпецы. У Беларусі цяпер для мяне гэта немагчыма. Я вельмі спадзяюся, што ў будучыні змагу адчуваць сябе ў бясьпецы тут», — кажа Кацярына Бартко.

Фонд BYSOL адкрыў збор, каб дапамагчы Кацярыне пакрыць выдаткі на аплату працы адвакатаў, мэдычных паслугаў і мэдыкамэнтаў.

Выпадак Кацярыны не адзінкавы

Паводле маніторынгу валянтэрскай ініцыятывы ByAction, яшчэ ў 2024 годзе было вядома пра 13 беларусаў, якіх зьмясьцілі ў іміграцыйныя турмы ЗША. У 2025-м — ужо як мінімум пра 78. А толькі са студзеня па жнівень 2026 году ByAction зафіксавала ня менш за 89 беларусаў, якіх падчас чаканьня іміграцыйнага суду зьмясьцілі за краты.

Такую тэндэнцыю пракамэнтавала прафэсарка ўнівэрсытэту Паўднёвай Флярыды, дасьледчыца аўтарытарызмаў Тацьцяна Кулакевіч.

«Няма падставаў казаць пра нейкую асобную палітыку Злучаных Штатаў менавіта супраць беларусаў. Беларусы трапілі пад значна шырэйшую зьмену амэрыканскай іміграцыйнай практыкі і палітыкі. Іміграцыйная служба ЗША стала больш актыўна затрымліваць людзей, якія ўжо знаходзяцца ў краіне і чакаюць разгляду сваіх справаў», — кажа паліталягіня.

У некаторых выпадках, кажа Кулакевіч, людзей затрымліваюць, калі яны самі прыходзяць на абавязковую сустрэчу з іміграцыйнымі службамі. У іншых — пасьля кантакту зь мясцовай паліцыяй ці праверкі дакумэнтаў.

«Гэта значыць, што яны не хаваюцца ад уладаў, а, наадварот, выконваюць патрабаваньні і зьяўляюцца ў прызначаны час», — адзначае дасьледчыца і дадае: «Тут можна дабіцца праўды. Амэрыка — дэмакратычная краіна. Але ніхто не застрахаваны ад чалавечых памылак».

Адначасова зьмяняецца і статыстыка рашэньняў іміграцыйных судоў.

У 2022 фінансавым годзе прытулак атрымалі каля 96% беларусаў, чые справы былі разгледжаныя амэрыканскімі іміграцыйнымі судамі па сутнасьці. У 2025-м доля станоўчых рашэньняў складала ўжо 85%.За няпоўны 2026 фінансавы год, па дадзеных за 11 месяцаў, яна зьнізілася да 63%.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG