Як паведаміў тэлеканал FOX4, гэта адбылося праз суткі пасьля таго, як тэлеканал расказаў пра яе справу, пагаршэньне стану яе здароўя і заклік яе партнэра Дзьмітрыя Шышова забясьпечыць ёй належны догляд.
Дзмітры Шышоў зьяўляецца таксама афіцыйным прадстаўніком Кацярыны Бартко ў судзе і ўпаўнаважанай асобай у пытаньнях мэдычнага абслугоўваньня на час яе ўтрыманьня ў цэнтры часовага ўтрыманьня Midwest Regional Reception Center кампаніі CoreCivic.
«Калі мне патэлефанаваў наш адвакат, я літаральна закрычаў ад эмоцый, бо немагчыма апісаць гэтае пачуцьцё, калі ты каля трох месяцаў змагаешся за чалавека, якога кахаеш. Нарэшце гэты кашмар заканчваецца», — сказаў Шышоў.
Ён падзякаваў усім, хто распаўсюджваў інфармацыю пра гісторыю Кацярыны, і тым, хто пісаў афіцыйным прадстаўнікам улады.
Тэлеканал FOX4 атрымаў доступ да мэдычных дакумэнтаў Бартко, якія сьведчылі пра пагаршэньне аналізаў падчас яе знаходжаньня пад вартай ICE. Бартко перанесла анкалягічнае захворваньне і апэрацыю па выдаленьні шчытападобнай залозы, таму ёй неабходны штодзённы прыём лекаў. У 2022 годзе яна прыехала ў ЗША зь Беларусі па студэнцкай візе. Да заканчэньня тэрміну дзеяньня візы яна падала заяву на атрыманьне прытулку, асьцерагаючыся перасьледу з боку беларускіх уладаў, супраць якіх яна адкрыта выступала. Справа Бартко аб прадастаўленьні прытулку знаходзіцца на стадыі разгляду і чакае слуханьня ў судзе.
Аднак, як паведаміла выданьне, у мінулыя выходныя стан яе здароўя настолькі пагоршыўся, што спатрэбілася шпіталізацыя. Паводле Шышова, цяпер яна праходзіць лячэньне ў мэдычным цэнтры The University of Kansas Health System.
Умовы вызваленьня дазваляюць Бартко вярнуцца ў Маямі пры ўмове выкарыстаньня GPS-маніторынгу. Наступнае іміграцыйнае слуханьне ў яе справе прызначылі на канец верасьня, аднак дату могуць зьмяніць, калі яна будзе заставацца ў лякарні.
Што папярэднічала
Іміграцыйная палітыка ЗША зьмянілася з прыходам да ўлады прэзыдэнта Дональда Трампа. Шэраг гуманітарных праграмаў, накіраваных на працу зь мігрантамі, быў прыпынены. Узмацніўся кантроль за выдачай амэрыканскіх візаў, пашырыліся патрабаваньні да працоўных мігрантаў, рэзка вырасла колькасьць праверак дакумэнтаў пры адмысловых рэйдах іміграцыйнай паліцыі.
Усё гэта адбываецца падчас рэзкага росту колькасьці беларусаў, якія спрабуюць атрымаць у ЗША палітычны прытулак. Паводле зьвестак грамадзкай арганізацыі OpenImmigration, якая зьбірае статыстыку разгляду іміграцыйных справаў з амэрыканскіх судоў у асобных штатах, пасьля 2020 году колькасьць ахвочых атрымаць прытулак у ЗША беларусаў вырасла ў разы. Калі ў 2020 годзе ўва ўсіх ЗША было разгледжана 98 справаў, то ў 2021 ужо 780, а ў 2022 — 939.
З 2000 па першую палову 2026 году ўлады ЗША дэпартавалі з краіны толькі 8 грамадзян Беларусі, якія спрабавалі атрымаць там прытулак. Каля траціны ўсіх «беларускіх» справаў за гэты ж час разьвязалася наданьнем прытулку, іншыя былі перакваліфікаваныя, або закрытыя без дэпартацыі, або заяўнікам адмовілі.
У траўні 2026 году атрымалі прытулак толькі 22,2% заяўнікаў, 77,8% — адмовы. Яшчэ паўтара году таму станоўчыя рашэньні атрымлівалі 92% тых, хто прасіў прытулак. Вядомыя выпадкі, калі беларусаў выправаджвалі з ЗША ў Бэліз і Ўганду.
Дакладная колькасьць затрыманых і зьмешчаных у іміграцыйныя турмы ЗША грамадзян Беларусі невядомая. У адказ на запыт Радыё Свабода Служба грамадзянства і іміграцыі ЗША (USCIS) паведаміла, што не вядзе асобнай статыстыкі аб грамадзянах Беларусі, і параіла карыстацца агульнадасяжнымі зьвесткамі Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША. У сваю чаргу Адміністрацыйная ўправа кантролю за іміграцыяй (EOIR) паведаміла, што не адсочвае ў сваёй базе зьвестак падставы, на якіх заяўнікі просяць прытулак.
Форум