Паводле зьвестак валянтэраў арганізацыі ByAction, у ЗША стала магчымай дэпартацыя беларусаў, якія чакаюць палітычнага прытулку. Краінаю магчымай дэпартацыі называюць Бэліз. Валянтэрам ініцыятывы вядома прынамсі пра два такія выпадкі, калі справы разглядаў адзін з іміграцыйных судзьдзяў у штаце Каліфорнія.
Як паведамляюць валянтэры ByAction, фігуранты гэтых справаў прыехалі ў ЗША больш за два гады таму, праходзілі легальны іміграцыйны працэс і чакалі разгляду сваіх справаў. Беларусаў затрымалі пры выпадковых праверках дакумэнтаў (спыніўшы аўтамабілі).
Бэліз — невялікая дзяржава ў Цэнтральнай Амэрыцы. Мяжуе з Мэксыкай і Гватэмалай, на ўсходзе абмываецца Карыбскім морам. Паводле сузаснавальніка ініцыятывы ByAction Яўгена Ждановіча, які робіць высновы з ускосных прыкметаў, суд ня стаў разглядаць зьмест заяваў просьбітаў прытулку і пастанавіў накіраваць іх у трэцюю краіну — у Бэліз.
«Мы пакуль не валодаем усімі матэрыяламі справы. Спрабуем знайсьці гэтых людзей і адвакатаў, якія прадстаўлялі справу ў судзе, каб даведацца пра ўсе акалічнасьці», — тлумачыць Яўген Ждановіч.
Паводле Ждановіча, ByAction распрацаваў аналітычную сыстэму, якая адсочвае ўсе справы грамадзянаў Беларусі ў іміграцыйных судах ЗША.
«Мы працуем толькі з матэрыяламі, дзе няма асабістых зьвестак, і бачым толькі даты працэсуальных падзеяў і прынятыя рашэньні. Паводле нашай інфармацыі, гэта першае такое рашэнне, хоць нельга выключаць, што асобныя выпадкі мы маглі проста прапусьціць. Імаверна, што цяпер фармуецца новая практыка — накіраваньне эмігрантаў, якія просяць палітычнага прытулку ў ЗША, у трэція краіны», — мяркуе сузаснавальнік ByAction Яўген Ждановіч.
У сьнежні 2025 году і ў студзені 2026-га былі спробы дамагчыся высылкі ва Ўганду некаторых беларусаў, якія прасілі прытулку ў штаце Філядэльфія, расказаў Свабодзе сябра працоўнай групы ў пытаньнях міграцыі, упаўнаважаны прадстаўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінэту ў сацыяльнай палітыцы, дэлегат Каардынацыйнай рады 4-га скліканьня ад фракцыі «Эўрапейскі выбар» Глеб Івашкевіч.
«Пракуроры зьвярталіся ў суд з асобнымі хадайніцтвамі. Праз тыдзень яны самастойна адмовіліся ад патрабаваньняў дэпартаваць людзей ва Ўганду, і справы надалей разглядаліся ў звычайным парадку», — кажа ён.
Івашкевіч дадае, што адзін зь фігурантаў гэтых справаў дачакаўся іміграцыйнага суду і ўсё ж атрымаў палітычны прытулак.
Іміграцыйная палітыка ЗША зьмянілася з прыходам да ўлады прэзидэнта Дональда Трампа. Шэраг гуманітарных праграмаў, накіраваных на працу зь мігрантамі, быў прыпынены. Узмацніўся кантроль за выдачай амэрыканскіх візаў, пашырыліся патрабаваньні да працоўных мігрантаў, рэзка вырасла колькасьць праверак дакумэнтаў пры адмысловых рэйдах іміграцыйнай паліцыі.
Усё гэта адбываецца падчас рэзкага росту колькасьці беларусаў, якія спрабуюць атрымаць у ЗША палітычны прытулак. Паводле зьвестак грамадзкай арганізацыі OpenImmigration, якая зьбірае статыстыку разгляду іміграцыйных справаў з амэрыканскіх судоў у асобных штатах, пасьля 2020 году колькасьць ахвочых атрымаць прытулак у ЗША беларусаў вырасла ў разы. Калі ў 2020 годзе ўва ўсіх ЗША было разгледжана 98 справаў, то ў 2021 ужо 780, а ў 2022 — 939.
Падобным чынам вырасла колькасьць справаў расейскіх грамадзян, аднак там пададзеных заявак значна больш — 7007 у 2022 годзе, 19 358 у 2023. Адмаўляюць расейцам у прытулку ў ЗША, паводле гэтай жа статыстыкі, амаль утрая часьцей, чым беларусам.
Паводле зьвестак OpenImmigration, за пэрыяд з 2000 па першую палову 2026 году улады ЗША дэпартавалі з краіны толькі 8 грамадзян Беларусі, якія спрабавалі атрымаць там прытулак. Каля траціны ўсіх «беларускіх» справаў за гэты ж час разьвязалася наданьнем прытулку, іншыя былі перакваліфікаваныя, або закрытыя без дэпартацыі, або заяўнікам адмовілі.
Агулам у іміграцыйных судах ЗША зараз на разглядзе больш за два мільёны справаў замежных грамадзян, якія падалі дакумэнты на атрыманьне прытулку ў ЗША.
Паводле аналітычнага маніторынгу ByAction, доля ўхваленых запытаў ад беларусаў на палітычны прытулак у іміграцыйных судах ЗША зьніжаецца. Экспэрты арганізацыі з спасылкай на ўласныя крыніцы гавораць, што станоўчых рашэньняў моцна паменела ў траўні, хоць яшчэ леташняй зімой адмовы былі хутчэй рэдкасьцю.
Аналітык ініцыятывы ByAction Ірына Аксёнчык у размове з Свабодай гаворыць, што за першую палову 2026 году валянтэры арганізацыі зафіксавалі ўжо больш адмоваў, чым за ўвесь 2025-ы. Паводле экспэрткі, іміграцыйныя суды ў справах грамадзянаў Беларусі, што просяць прытулку, сталі лічыць, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі палепшылася.
«Мы назіраем устойлівы трэнд на памяншэньне колькасьці станоўчых рашэньняў іміграцыйных судоў аб наданьні грамадзянам Беларусі статусу ўцекача ў ЗША», — гаворыць Ірына Аксёнчык.
Экспэртка дадае, што паводле яе інфармацыі, у 2025 годзе ў дэтэншэны (іміграцыйныя турмы ЗША. — РС) зьмясьцілі як мінімум 78 грамадзян Беларусі. Для параўнаньня: ў 2024 годзе ініцыятыве ByAction было вядома пра 13 такіх выпадкаў. За першыя два месяцы 2026 году вядома пра арышт 27 грамадзянаў Беларусі.
Фігуранты такіх выпадкаў не заўсёды хочуць публічнасьці, асьцерагаючыся праблемаў на радзіме. Што да публічных асобаў сярод іх, то вядома пра арышт і зьмяшчэньне ў іміграцыйную турму вядомага прафсаюзнага лідэра, былога супрацоўніка «Белкалію» Анатоля Бокуна, актывіста Артура Сянько, сям’і Лява і Вольгі Бабаеўскіх, Веранікі Казлоўскай.
У адказ на запыт Радыё Свабода Служба грамадзянства і іміграцыі ЗША (USCIS) паведаміла, што не вядзе асобнай статыстыкі аб грамадзянах Беларусі, і параіла карыстацца агульнадасяжнымі зьвесткамі Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША. У сваю чаргу Адміністрацыйная ўправа кантролю за іміграцыяй (EOIR) паведаміла, што не адсочвае ў сваёй базе зьвестак падставы, на якіх заяўнікі просяць прытулак.
Форум