Юрыдычная навацыя не закране турыстычных, працоўных і іншых тыпаў візаў, якія беларусы па-ранейшаму могуць атрымаць у Вільні і Варшаве. Прыпыняюць толькі выдачу іміграцыйных візаў для грамадзян вялікай колькасьці азіяцкіх, афрыканскіх, лацінаамэрыканскіх дзяржаваў: Афганістану, Бразыліі, Гвінэі, Ірану, Іраку, Калюмбіі, Кубы, Нігерыі, Самалі, Уганды, Эгіпту ды іншых. Сярод іх і постсавецкія краіны: Расея, Беларусь, Армэнія, Азэрбайджан, Малдова, Грузія. Паводле афіцыйных паведамленьняў, прыпыняюць выдачу іміграцыйных візаў на нявызначаны тэрмін, пакуль ЗША ня змогуць гарантаваць, што «новыя імігранты» не апынуцца «на дзяржаўным забесьпячэньні» і «ня будуць эксплюатаваць шчодрасьць амэрыканскага народу».
«Нам зноў затрымалі ўзьяднаньне»
Новае рашэньне ўжо выклікала рэакцыю тых, каго яно закранае. Беларускі драматург, сцэнарыст і рэжысэр Андрэй Курэйчык, які выкладае беларускую культуру ў Ейльскм ўнівэрсытэце ў ЗША, напісаў днямі на сваёй старонцы ў Instagram: «Мая любімая дачка Марта ўсё яшчэ ў Менску. Дзякуючы новай забароне Трампа на візы нам зноў затрымалі ўзьяднаньне. Але мы працягваем верыць у гуманізм».
Заснавальнік валянтэрскай ініцыятывы byaction.org, якая дапамагае беларускім палітычным уцекачам у ЗША, сябра галоўнай управы Асацыяцыі беларусаў Амэрыкі Глеб Івашкевіч у размове з Свабодай выказаў думку, што Беларусь трапіла ў сьпіс праз абмежаваньне працы амэрыканскай амбасады ў Менску.
«Што да ўключэньня Беларусі ў той сьпіс, то, мне здаецца, амэрыканскія ўлады ня могуць праверыць чалавека, які падае дакумэнты на іміграцыйную візу ў краіне яго паходжаньня. Бо насамрэч у ЗША ўжо пачалася сэгрэгацыя (гэта заўважна ў падзеях ў Мінесоце): стаўленьне да самалійцаў з абвінавачаньнямі іх у махлярстве, або калі на жыхароў азіяцкіх краінаў зь недаверам глядзяць з прычыны існаваньня Ісламскай дзяржавы. Ад беларусаў ці расейцаў наўрад ці можна чакаць тэрарыстычнай пагрозы. Гэта ўведзена цяперашняй адміністрацыяй для абароны міграцыйнай сыстэмы ад выпадковых людзей — я б так гэта патлумачыў», — мяркуе суразмоўца.
Івашкевіч схільны акцэнтаваць увагу на тым, навошта гэта зроблена і чаму Беларусь апынулася ў сьпісе краін, дзе і ўзровень злачыннасьці вышэйшы, і сацыяльна-эканамічнае становішча значна горшае.
«Дзяржаўны дэпартамэнт чамусьці прыраўняў Беларусь да самых адсталых краін Азіі і Афрыкі. Для мяне прычына ў адсутнасьці сувязяў з уладамі Беларусі для праверкі. Бо і дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё, і DHS (Department of Homeland Security, Дэпартамэнт унутранай бясьпекі) падкрэсьліваюць, што будуць больш пільна правяраць усе запыты на візы, запыты на палітычны прытулак», — разважае Глеб Івашкевіч.
1453 іміграцыйныя візы за год
Паводле афіцыйнай статыстыкі Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, у мінулым фінансавым годзе (з кастрычніка 2024 па верасень 2025-га) розныя віды іміграцыйных візаў ЗША атрымалі 1453 чалавекі з грамадзянствам Беларусі. Траціна — выпадкі эміграцыі для ўз’яднаньня з роднымі, іншыя атрымальнікі іміграцыйных візаў пераехалі ў ЗША пасьля выйгрышу ў лятарэі Greencard, з прычыны працоўнай неабходнасьці або іншых абставінаў.
1453 іміграцыйныя візы за мінулы год — ненашмат больш, чым дзесяць гадоў таму. Тады іх атрымалі 1332 чалавекі зь беларускім грамадзянствам. Значны спад быў толькі ў пандэмійным 2020 годзе, калі іміграцыйныя візы ў ЗША атрымалі 511 беларускіх грамадзян. Агулам за мінулы год грамадзяне Беларусі атрымалі больш за 10 тысяч візаў ЗША неэміграцыйных катэгорыяў, пераважна турыстычных. Адмаўлялі беларусам амэрыканскія ўлады прыкладна ў траціне выпадкаў. Пры абмежаваньні працы амбасады ЗША ў Менску беларусы атрымліваюць амэрыканскія візы ў суседніх Варшаве і Вільні.
Колькі беларусаў на гэты момант падалі дакумэнты на атрыманьне іміграцыйных візаў або чакаюць узьяднаньня сем’яў, падлічыць цяжка, кажа Глеб Івашкевіч.
«Дагэтуль у судах зьяўляюцца справы беларусаў, якія чакаюць легалізацыі па 8–9 гадоў, дакладных лічбаў я ня маю. Многія зьехалі зь Беларусі з палітычных матываў і трапілі ў бюракратычную пастку ў чаканьні прытулку. Разгляд такіх справаў доўжыцца гадамі», — гаворыць суразмоўца.
Арышты і зьверка дакумэнтаў
Пасьля таго, як год таму былі пашыраныя паўнамоцтвы Дэпартамэнту ўнутранай бясьпекі ЗША ў пытаньнях паскоранай дэпартацыі, беларусаў, як і грамадзян іншых краін, нярэдка затрымліваюць афіцэры ІСЕ (Міграцыйнай і мытнай службы). Пасьля затрыманьня людзей зьмяшчаюць у так званыя «дэтэншэны» (detention center — месца часовага ўтрыманьня), пакуль ня будзе вырашаны лёс імігранта: даваць яму палітычны прытулак ці не. Часьцяком беларусаў затрымліваюць падчас выкліку на зьверку дакумэнтаў. Такі выпадак адбыўся 15 жніўня 2025 году з Артурам Сянько, які прыйшоў у Дэпартамэнт унутранай бясьпекі з адвакатам.
Свабода апавядала пра пасьпяховыя гісторыі, калі супольнымі намаганьнямі дэмакратычных сілаў і дыяспары ўдавалася выцягнуць з амэрыканскіх іміграцыйных турмаў беларускіх актывістаў — таго ж Артура Сянько, аднаго зь лідэраў страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна ды іншых. Паводле Глеба Івашкевіча, за апошні час такім чынам з «дэтэншэнаў» удалося вызваліць 12 беларускіх грамадзян.
«Мы ведаем яшчэ каля 20 чалавек, якія зараз знаходзяцца ў іміграцыйных турмах. Калі мы сазвоньваемся зь людзьмі ў „дэтэншэнах“, яны апавядаюць, што колькасьць затрыманых моцна расьце. Іміграцыйная сыстэма перагружаная і „тармозіць“, але яе ўзмацняюць ня офіснымі супрацоўнікамі, якія апэратыўна прымаюць рашэньні і разглядаюць справы, а павялічваюць колькасьць афіцэраў ІСЕ, якія ловяць людзей і дастаўляюць іх у „дэтэншэны“. А там людзі чакаюць, пакуль офісныя супрацоўнікі вырашаць іхны лёс», — кажа Глеб Івашкевіч.
Форум