Каля 11-й гадзіны 25 верасьня беларус Леў Міхееў, які жыў у Тбілісі, паехаў у міграцыйны аддзел за 30 кілямэтраў ад грузінскай сталіцы. Там ён хацеў забраць рашэньне аб сваёй новай ID-карце (ідэнтыфікацыйны дакумэнт. — РС), расказвае Леў Свабодзе. За два тыдні да таго беларус, як штогод, падаў заяву на абнаўленьне дакумэнту, бо тэрмін дзеяньня ягонай актуальнай карты неўзабаве сканчаўся. Аднак у міграцыйным аддзеле замест таго, каб выдаць Міхееву рашэньне пра абноўлены дакумэнт, беларуса затрымалі. Прычынай назвалі тое, што ён нібыта знаходзіцца на тэрыторыі краіны незаконна.
«Я быў абсалютна ўпэўнены, што знаходжуся на тэрыторыі Грузіі легальна. У мяне не было ніякага намеру парушаць мясцовы закон», — адзначае суразмоўца.
Тэрмін дзеяньня ID-карты Льва Міхеева сканчаўся 9 кастрычніка 2026 году. Пасьля затрыманьня яго спачатку павезьлі ў дэпартамэнт міграцыі ў Тбілісі, як яму сказалі, на гутарку. Там беларусу паведамілі, што ён ня можа заставацца ў Грузіі і абавязаны ў той жа дзень выехаць. Выявілася, што за два месяцы перад гэтым суд прыняў канчатковае рашэньне — адмовіць Міхееву ў міжнароднай абароне. Аднак самога Льва на працэсе не было. Суразмоўца сьцьвярджае, што нічога ня ведаў пра гэтае рашэньне.
Гісторыя зь міжнароднай абаронай цягнулася ў Міхеева пяць гадоў. Ён называе сябе «старажылам» у гэтай справе. Першы ліст з просьбай пра міжнародную абарону Леў напісаў прэзыдэнтцы Грузіі Саламэ Зурабішвілі ў жніўні 2021 году.
Амаль адразу пасьля гэтага яго выклікалі на інтэрвію ў дэпартамэнт міграцыі. Першая размова, паводле суразмоўцы, была досыць прыязнай, яму абяцалі хутка разгледзець справу. Аднак праз паўтара году, у траўні 2023-га, яго выклікалі яшчэ на адно інтэрвію. Яно, з словаў Міхеева, было больш жорсткім і некамфортным. Урэшце, яшчэ праз паўтара году, у кастрычніку 2024-га, грузінскія ўлады адмовілі яму ў міжнароднай абароне, бо Льву нібыта не пагражае небясьпека ў Беларусі.
Леў кажа, што яму небясьпечна ехаць у Беларусь. Беларусь і Расея абвесьцілі яго ў вышук. За што менавіта, ён ня ведае. У расейскай базе вышуку пазначана, што ўлады Беларусі шукаюць яго зь сьнежня 2022 году.
Леў Міхееў расказвае, што да яго ў 2021 годзе прыйшлі сілавікі зь ператрусам. Ён родам зь Менску, але тады перабраўся жыць у вёску Бароўка Лепельскага раёну. Паводле суразмоўцы, міліцыянты прыйшлі з надуманай прычыны, у справе, да якой ён мог нібыта мець дачыненьне, а мог і ня мець.
«Паколькі я пісьменьнік, яны вырашылі, што я магу пісаць на сьценах — вядома, заклікі да зрынаньня ўлады», — іранічна камэнтуе Леў Міхееў.
Зь ягоных словаў, сілавікі падчас ператрусу тады нічога не знайшлі. Але гэта стала апошняй кропляй, пасьля якой ён сабраў рэчы, прадаў сваю кватэру і зьехаў за мяжу.
Леў расказвае, што ён быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Выходзіў на пратэсты супраць гвалту ў Лепелі ў жніўні 2020 году. Ужо ў Тбілісі браў удзел у акцыях салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і супраць вайны ва Ўкраіне. Усё гэта можа стаць падставай для арышту ў Беларусі.
Міхееў падаў у грузінскі суд апэляцыю на адмову ў міжнароднай абароне ў 2024 годзе. А вось разгляд сваёй апэляцыі сёлета ўлетку прапусьціў. Як і вынік суду. Ён кажа, што грузінскія ўлады мелі яго адрас і нумар тэлефону, на які яны ня раз яму званілі. Чаму яму не паведамілі такую лёсавызначальную для яго інфармацыю, ён ня ведае.
«Бо я беларус у Грузіі», — на думку Міхеева, у гэтым крыецца сапраўдная прычына таго, чаму грузінскія ўлады адмовілі яму ў міжнароднай абароне.
Выбар бяз выбару
Пасьля затрыманьня супрацоўнікі міграцыйнай службы прапанавалі Міхееву выбар: выслаць яго ў Беларусь, Расею, Турэччыну або Армэнію.
«Мне далі выбар бяз выбару», — камэнтуе гэта беларус.
Леў Міхееў шкадуе, што ён нават ня мог ні з кім параіцца пра такі адказны крок. Пасьля затрыманьня яму не дазволілі пазваніць адвакату, праваабаронцам ці нават уласьніку кватэры, якую ён здымаў. Ён здолеў толькі адправіць кароткае паведамленьне аб затрыманьні праваабаронцам. Беларус называе гэта «рэжымам інкамунікада». Міхееву прапановаўлі запрасіць беларускага консула. Але ён кажа, што катэгарычна адмовіўся размаўляць з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі.
Урэшце Леў выбраў Армэнію — самую бясьпечную краіну з прапанаваных, на ягоную думку.
Пасьля гэтага Міхееў нейкі час яшчэ правёў у міграцыйнай турме ў Тбілісі, дзе трымаюць іншаземцаў з розных краін, расказвае ён. Умовы параўновае зь бясплатным гостэлам. Людзі жывуць у асобных пакоях, паміж якімі могуць свабодна пераходзіць. Ім можна выходзіць на балькон. Сьпяць на ложках, ёсьць харчаваньне. Хоць самога Льва Міхеева за цэлы дзень нідзе так і не пакармілі.
«Я там знайшоў аднаго беларуса зь Менску, з раёну Чыжоўкі, ён там сядзіць зараз. Сэрб быў, расеец і швэд», — расказвае Леў.
Міхееў папрасіў супрацоўнікаў дазволіць яму паехаць сабраць свае рэчы перад дэпартацыяй, працягвае ён аповед. На кватэру Льва павезьлі пад канвоем. Суразмоўца кажа, што ўся ягоная маёмасьць зьмясьцілася ў дзьве торбы.
«Я не калекцыяную старыя рэчы. Галоўнае, што ў чалавека ў душы, у галаве», — камэнтуе ён свой багаж.
Агулам прадстаўнікі грузінскіх уладаў падчас усёй гэтай працэдуры, з словаў беларуса, ставіліся да яго лепш, чым беларускія сілавікі, не абражалі. Хоць перад дэпартацыяй Міхеева перавозілі ў кайданках. Разьдзявалі да майткоў падчас лекарскага агляду. Гутарка, калі яму паведамлялі пра немагчымасьць застацца ў Грузіі, таксама, на думку беларуса, была досыць жорсткай.
«З тымі, якія мяне дастаўлялі з Марткопі (мясцовасьць, дзе знаходзіцца цэнтар утрыманьня для мігрантаў. — РС) у Тбілісі, мы гаварылі дастаткова ляяльна. Яны распытвалі пра сытуацыю. У іх ёсьць такая асаблівасьць: „Бацька, бацька, як там ваш бацька?“ (Аляксандар Лукашэнка. — РС). Я кажу: „Ён мне ня бацька“. Расказваў, якая сытуацыя насамрэч, бо яны, відаць, глядзяць мясцовую тэлевізію, а там усё добра. Я б таксама хацеў жыць у той краіне, якую паказваюць у тэлевізары. Але гэта, на жаль, ня так», — расказвае Леў.
«Вы, напэўна, мяне зараз затрымаеце»
Пасьля збору рэчаў Міхеева вярнулі ў дэпартамэнт міграцыі. Адтуль яго на службовым мінівэне павезьлі ў бок армянскай мяжы. Калі Леў прайшоў кантроль на грузінскім баку мяжы, супрацоўнікі, якія яго суправаджалі, аддалі яму пашпарт, тэлефон і рахунак на 1000 лары (каля 340 эўра) штрафу за незаконнае знаходжаньне на тэрыторыі Грузіі. «Гэта сярэдні месячны заробак тут», — заўважае Леў.
«Сказалі ісьці ў бок Армэніі, роўненька, не сыходзіць у бок. Я пайшоў — а што рабіць? Скантактаваўся з праваабаронцамі і журналістамі, расказаў каротка сытуацыю. Зайшоў на тэрыторыю Армэніі, сказаў: „Добры дзень. Я такі і такі. Вы, напэўна, мяне зараз затрымаеце. У мяне такая вось сытуацыя, вось мой пашпарт. Калі ласка, разьбірайцеся. Я гатовы запрасіць міжнародную абарону“. Яны папрасілі пачакаць», — апісвае сустрэчу з памежнікамі на армянскім баку мяжы Міхееў.
Зь мяжы яго павезьлі ў паліцэйскі пастарунак бліжэйшага мястэчка Наембэр’ян. Зноў у кайданках. «Такая працэдура», — заўважае Леў. Ён папрасіў у памежнікаў папіць вады — яму далі. Прыкладна, а 23-й гадзіне Міхееў быў ужо ў Армэніі.
«Яны пяць гадоў разглядалі — і за адзін дзень разгледзелі маю справу», — іранізуе з імклівасьці дзеяньняў грузінскіх уладаў беларус.
Ноч ён правёў у камэры паліцэйскага пастарунку.
«Тут вельмі добрае стаўленьне. Пыталіся, ці штосьці патрэбна. Пакармілі мяне. Што асабліва кранула, ежу прынесьлі з дому, сваю. Смачна мяне пакармілі. Вельмі добра звараная грэчка зь мясцовым сырам і сьвежы-сьвежы гарачы хлеб», — расказвае Леў.
Удзень яго адпусьцілі. Яшчэ адну ноч беларус правёў у гатэлі Наембэр’яну, бо маршрутка на Ерэван ходзіць толькі раз на дзень — а восьмай ранку. Назаўтра рушыў у сталіцу Армэніі. Там праваабронцы знайшлі для яго часовае жытло. Леў хоча шукаць працу ў клінінгу. Гэтым жа ён займаўся ў Грузіі.
«Адчуваю сябе добра, бадзёра, весела. Пазытыўна гляджу на рэчы. Стараюся прымаць любое выпрабаваньне. Маркота тут не дапаможа, а ўсё, што адбываецца, можа быць, да лепшага. Зараз новае жыцьцё, новая краіна, новыя магчымасьці. Страшнага нічога няма. Ёсьць рэаліі, у якія трэба ўпісвацца: транспартная картка, банкаўская картка. Гэта побытавыя запыты. Усё вырашаецца. Самае галоўнае, калі ты можаш працаваць і існаваць на грошы, якія зарабіў, нармальна, годна», — разважае Леў.
Міхееў плянуе прасіць міжнародную абарону ў Армэніі і абскарджваць ягоную высылку з Грузіі. Яму забаранілі ўезд у Грузію на паўгоду. Беларус не выключае, што як тэрмін скончыццап, ён будзе спрабаваць вярнуцца туды. «Грузія мне „зайшла“», — апісвае ён сваё стаўленьне да гэтай краіны.
«Гэта псыхалягічна цяжка, калі цябе вырываюць з прывычнага жыцьця, адрываюць ад сяброў. У мяне з грузінскімі сябрамі добрыя адносіны завязаліся. Яны былі ў шоку, плакалі. Гатовыя зараз прыехаць да мяне ў госьці. Уласьнік кватэры таксама ляяльна паставіўся. Разуменьне, спачуваньне, салідарнасьць вельмі кранулі», — расказвае пра чарговы вымушаны пераезд беларус.
У Грузіі, паводле перапісу 2025 году, жылі 4473 грамадзяніны Беларусі. Свабода зьвярнулася ў дэпартамэнт міграцыі Грузіі з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю Льва Міхеева. Мы апублікуем адказ, як толькі яго атрымаем.
Форум