Берасьцеец Раман Кісьляк жыве ў Грузіі з 2021 году. Апошні раз ён выяжджаў за межы гэтай краіны чатыры гады таму і ўжо амаль год жыве там бязь дзейных дакумэнтаў. У Рамана заблякаваны банкаўскі рахунак, ён ня можа больш весьці ІП і ня ходзіць да лекараў. Нягледзячы на нязручнасьці ў побыце і нават патэнцыйную рызыку дэпартацыі ў Беларусь, Раман пакуль не зьяжджае з Грузіі. Кажа, што хоча прайсьці да канца ўвесь шлях, выкарыстаць усе спробы легалізацыі ў гэтай краіне. Калі гэта нейкім чынам атрымаецца, то Раман стане першым. Наколькі вядома, дагэтуль ніводзін беларус не атрымаў у Грузіі міжнародную абарону.
Паліцыя
Пасьля пераезду ў Грузію ў 2021 годзе Раман спачатку жыў у Батумі, цяпер у Тбілісі. Амаль год таму скончыўся тэрмін дзеяньня дазволу на жыхарства, які беларусу выдалі раней у Грузіі. Беларускі пашпарт стаў нядзейным яшчэ ў лютым 2024 году. Сёлета ў сакавіку Раману другі раз адмовілі ў статусе ўцекача ў Грузіі. А два гады таму яго прызналі «пагрозаю нацыянальнай бясьпецы» гэтай краіны.
Кісьляк летась атрымаў часовыя меры абароны Камітэту правоў чалавека ААН, паводле якіх яго нельга дэпартаваць у Беларусь, бо там праваабаронцу пагражае палітычны перасьлед. Дакумэнты ААН дзейсныя да жніўня гэтага году. Праваабаронца зьвяртае ўвагу, што грузінскія ўлады іх не прызнаюць. Раман падаў заяву на новы дазвол на жыхарства ў Грузіі летась у кастрычніку. Адказу на ягоны запыт пакуль няма.
16 ліпеня ў тбіліскую кватэру, дзе жыве Раман, пазванілі трое супрацоўнікаў памежнай паліцыі, расказвае ён Свабодзе. Беларус перакананы, што на яго службоўцы наткнуліся выпадкова.
«Яны шукалі не мяне, а іншых людзей, суседзяў. Пазванілі ў дзьверы, папыталі пра іх. У нейкі момант адзін з паліцыянтаў хацеў зайсьці ў кватэру. Гэта быў непрыемны момант. Я сказаў: „Я супраць“. Ён: „Ды ладна“ і ўвайшоў. Я сказаў: „Я супраць“ і паўтарыў яшчэ некалькі разоў. Ён спыніўся. Тады яны папрасілі паказаць дакумэнт. Я ім падаў, яны ўбачылі, што ён пратэрмінаваны, і сталі разьбірацца», — успамінае суразмоўца.
Раман тлумачыць, што паліцыянты шукалі людзей, якія жывуць у Грузіі незаконна. У іх былі сьпісы на сотні «праблемных» асобаў, там былі і беларусы. Але, з словаў праваахоўнікаў, незаконна жывуць у Грузіі больш за 15 тысяч чалавек — дакладную лічбу яны не назвалі.
«Мяне ў сьпісах няма. Яны сказалі: „Мы зараз паведамім у Дэпартамэнт міграцыі. Калі яны скажуць вас даставіць, мы надзенем на вас кайданкі і павязем туды“», — пераказвае размову беларус.
З словаў Кісьляка, памежныя паліцыянты былі ў цывільным з схаванымі пісталетамі. Размаўлялі спакойна, паводзілі сябе акуратна, зазначае Раман. Ён не пускаў іх у кватэру паўтары гадзіны, пакуль яго «прабівалі» па базах. Урэшце службоўцы сказалі, што Кісьляк паівнен прыйсьці 21 ліпеня ў Дэпартамэнт міграцыі, бо, на думку праваахоўнікаў, ён знаходзіцца ў краіне нелегальна. Раман з апошнім ня згодны, бо мае часовыя меры абароны Камітэту правоў чалавека ААН. Ён вырашыў ісьці ў Дэпартамэнт добраахвотна — не зьяжджаць і не хавацца.
Кісьляк адзначае, што калі ён раней хацеў трапіць у Дэпартамэнт міграцыі ў Тбілісі, яму не ўдавалася. Таму афіцыйны выклік — гэта яшчэ і шанец высьветліць, што зь ягоным зваротам па новы дазвол на жыхарства.
«Яны могуць ігнараваць нормы закону, часовыя меры. Адзін з варыянтаў разьвіцьця падзеяў: я прыйду, і яны пачнуць працэс дэпартацыі. Юрысты мне казалі, што ў такім выпадку яны чалавека не затрымліваюць. Тады ў чалавека зьяўляецца нейкі статус. Паглядзім, што будзе гэтым разам», — камэнтуе праваабаронца.
Кісьляк не выключае і варыянту з дэпартацыяй не ў Беларусь, а ў трэцюю краіну. Летась у Грузіі ўступіў у сілу новы закон пра міжнародную абарону, а таксама закон аб праўным становішчы іншаземцаў і людзей без грамадзянства.
«Яны скасавалі практыку выдачы дазволу на жыхарства. Што яны цяпер будуць рабіць, складана сказаць. Закон памяняўся і практыка мяняецца. Яны самі могуць ня ведаць, што рабіць. Мяне супрацоўнікі Дэпартамэнту нават у горадзе або ў маршрутцы сустракаюць і пытаюцца: „Ну што, вам выдалі права на жыхарства?“ — Кажу: „Не, ня выдалі“. Зьдзіўляюцца», — усьміхаецца Раман.
Пустэча ў законе
Кісьляк адзначае, што яшчэ да таго, як Камітэт правоў чалавека ААН выдаў яму часовыя меры абароны, грузінскія ўлады прызналі, што ягоная сытуацыя адпавядае крытэрам уцякацтва. Аднак статус уцекача Раману не далі, бо яго ў Грузіі лічаць «пагрозаю нацыянальнай бясьпецы».
«Далей у законе нічога няма. Пустэча. Гэта прабел у праве. На практыцы раней такіх людзей (сытуацыя якіх адпавядае ўцякацтву і якіх адначасова прызналі „пагрозаю нацыянальнай бясьпецы“. — РС) легалізоўвалі, давалі дазвол на жыхарства. Яны жылі гадамі, больш за дзесяць гадоў», — камэнтуе ён.
На той факт, што ў грузінскім заканадаўстве нічога не прапісана пра дакумэнт аб часовых мерах Камітэту правоў чалавека ААН, Кісьляк хоча падаваць скаргу ў Канстытуцыйны суд Грузіі.
Сытуацыю Кісьляка пагаршае нядзейсны беларускі пашпарт. Аналягу, падобнага да праязнога дакумэнту ў Польшчы і ў іншых краінах, Грузія не выдае. Зрабіць новы беларускі пашпарт па-за межамі Беларусі немагчыма з 2023 году. Паехаць на радзіму Раман ня можа праз пагрозу палітычнага перасьледу.
Пры гэтым суразмоўца мяркуе, што ў яго ня самая горшая сытуацыя — бо ён здолеў трапіць у працэдуру просьбіта ўцякацтва, хоць яму і адмаўляюць у ім. Праваабаронца ведае сем’і, якія просяць уцякацтва ў межах паскоранай працэдуры, аднак улады ня лічаць іх просьбітамі ўцякацтва — такіх людзей могуць у кожны момант затрымаць і выправадзіць з краіны. Кісьляк зьвяртае ўвагу на тое, што пакуль што Грузія не выдавала Беларусі палітычных уцекачоў, але дэпартавала на радзіму некаторых іншых беларусаў, якім не пагражае дома палітычны перасьлед.
«Магчыма, я буду першым. Але спадзяюся, што не», — разважае Кісьляк пра магчымасьць таго, што яго, палітычнага ўцекача, дэпартуюць у Беларусь.
Раман не хаваецца ад праваахоўнікаў, каб працягваць жыць у Грузіі патаемна. Наадварот — ён ня раз выходзіў на адзіночныя пікеты, каб зьвярнуць увагу на праблемы зь легалізацыяй беларусаў.
«У мяне правяраюць дакумэнты. Заўважае, што дакумэнт пратэрмінаваны, адзін зь дзесяці паліцыянтаў. Навошта мне хавацца? Я нешта парушыў? Яны зь мяне „нелегала“ зрабілі штучна. Яны павінны давесьці да ладу гэтае пытаньне. Я выконваў законы Грузіі. Іншая рэч, што цяпер не прадугледжана законаў для гэтай сытуацыі. Я не лічу сябе „нелегалам“. Гэта праблема Грузіі, што яна не рэглямэнтавала гэтае пытаньне», — мяркуе Раман.
Без рахунку, працы і мэдыцыны
Жыць у Грузіі без дакумэнтаў, якія прызнаюць мясцовыя ўлады, Раману нязручна. У яго ад жніўня мінулага году заблякаваныя банкаўскія рахункі, ён ня можа атрымліваць на іх грошы, сам рабіць грашовыя пераводы. Кісьляк мусіў спыніць дзеяньне свайго ІП. Суразмоўца кажа, што жыве цягам апошняга году за ашчаджэньні, бо працаваць афіцыйна ня можа.
«Мне трэба кагосьці прасіць (зрабіць перавод пры патрэбе. — РС). Гэта вельмі ўскладняе жыцьцё. Я думаў, што гэтае пытаньне хутка разьвяжацца, але яно зацягнулася. Тут жыць можна. У таксі, рэстарацыі ў мяне ніхто ня просіць дакумэнты», — адзначае ён.
Без дакумэнтаў Раман Кісьляк як праваабаронца ня здолеў трапіць у ізалятар да беларусаў — яму адмовілі. Аднак ён расказвае, што з сваім пратэрмінаваным грузінскім ID (часовы дакумэнт просьбіта ўцякацтва) ён лятаў на самалёце ў межах Грузіі.
За мяжу краіны Раман не выяжджаў чатыры апошнія гады. Выехаць ён ня можа, бо знаходзіцца ў працэдуры просьбы аб уцякацтве. Раней многіх беларусаў, якія выяжджалі з краіны на «візаран» — абнуліць тэрмін свайго знаходжаньня ў Грузіі — не пускалі назад без тлумачэньня прычын.
У шпіталі Раман у апошні час не зьвяртаецца. Кажа, што «проста не хварэе». Што будзе, калі яму раптам спатрэбіцца апэратыўная мэдычная дапамога, ён ня ведае, але спадзяецца, што яму дапамогуць, хоць невядома на якіх умовах.
«Думаю, яны ствараюць такія ўмовы, каб людзі зьяжджалі. Пражыць так месяц — гэта хай сабе, але год — нашмат горш. Пражыць так дзесяць гадоў немагчыма. Людзі самі зьяжджаюць. Навошта нам скандалы, дэпартацыі, экстрадыцыі? Мы створым такія ўмовы, што людзі самі зьедуць», — разважае ён пра магчымую лёгіку грузінскіх уладаў.
Францыя і Літва
Нягледзячы на побытавыя нязручнасьці і нават на пагрозу дэпартацыі, Раман застаецца жыць у Грузіі. Ён называе сябе «паддосьледным шчуром», які выпрабоўвае на сабе працэдуру легалізацыі.
«Хачу гэтыя працэсы (зь легалізацыяй. — РС) дакруціць. Ёсьць беларусы, якія хочуць тут застацца і хочуць разумець, як увогуле гэта тут працуе. Мне прасьцей як юрысту самому прайсьці гэты шлях. Я ўвайшоў у гэтую раку і іду па ёй. Да нейкага стану легалізацыі дайду — і яны мяне або легалізуюць, або магчымасьці заставацца ня будзе», — кажа ён.
Раман дадае, што Грузія як краіна яму вельмі падабаецца. Тры гады ён пражыў у Батумі, два ў Тбілісі, вандраваў па розных рэгіёнах. Праблемаў з тым, каб зьняць жытло без дакумэнтаў, у яго няма. Кажа, што ў Батумі ён два гады здымаў кватэру без дамовы арэнды.
«Клімат, атмасфэра. Людзі хочуць жыць там, дзе ім падабаецца. Гэта важны момант ідэнтычнасьці і свабоднага выбару чалавека. Некаторыя мае калегі кажуць: усе едзьце ў Польшчу. Прабачце, вы за людзей не вырашайце», — разважае суразмоўца.
Раман кажа, што ў самым пачатку ён не разумеў, як легалізавацца ў Грузіі, і хацеў адтуль пераяжджаць. Але цяпер ён верыць у станоўчае разьвязаньне свайго пытаньня і выпадкаў іншых беларусаў.
Калі ўсё ж яму давядзецца пакінуць Грузію Раман разглядае варыянты пераезду ў Літву або Францыю. Амбасады гэтых краінаў выдаюць дакумэнты на ўезд, аналягі даведкі на вяртаньне зь візай. Паехаць у Польшчу ён цяпер ня можа, бо скончыўся беларускі пашпарт, а дакумэнт на ўезд Польшча не выдае.
Раман ускладае надзею таксама на пашпарт Новай Беларусі, які, на ягоную думку, можа ў будучыні дапамагчы беларусам у легалізацыі. Але атрымаць яго ў Грузіі пакуль што немагчыма. Паехаць жыць у суседнюю Турэччыну або Армэнію Раман ня мае намеру, бо там праўная сытуацыя, на ягоную думку, горшая за грузінскую. У Турэччыне зьнік палітычны беларускі дзяяч Анатоль Котаў, у Армэніі былі спробы выкрасьці расейскіх дзеячоў.
Форум