Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі затрымалі беларуса, якому ўжо пяць гадоў не даюць палітычнага прытулку ў краіне

Раман Кісьляк, які бароніць правы іншых беларусаў, што жывуць у Грузіі, і чакае палітычнага прытулку ў ёй сам
Раман Кісьляк, які бароніць правы іншых беларусаў, што жывуць у Грузіі, і чакае палітычнага прытулку ў ёй сам

Атрыманьня адпаведнага статусу ў Грузіі чакаюць многія іншыя беларусы.

У Грузіі затрымалі беларуса Льва Міхеева, які чакае на палітычны прытулак з 2021 году, паведаміў агенцтву «Позірк» праваабаронца Раман Кісьляк, які таксама жыве ў гэтай краіне і змагаецца за атрыманьне такога ж статусу.

Паводле Кісляка, на прытулак Міхееў чакае ці не даўжэй за ўсіх іншых землякоў. У Грузіі ён браў удзел у розных акцыях і атрымліваў пагрозы ад беларускага КДБ.

Раніцай 25 верасьня Міхееў зьвярнуўся ў аддзел міжнароднай абароны Дэпартамэнту міграцыі МУС Грузіі ў вёсцы Марткопі, каб падоўжыць часовае пасьведчаньне асобы. Там яго затрымалі і павезьлі ў аддзел у Тбілісі на сумоўе, пра што ён паспеў паведаміць Кісьляку.

Але пасьля той размовы сувязь перарвалася, і дзе Леў Міхееў цяпер невядома.

«Справа Льва разглядалася каля трох год. На сёньня, меркавана, ён у стасусе просьбіта прытулку, справа знаходзіцца ў Тбіліскім апэляцыйным судзе. Але, магчыма, яе ўжо разглядзелі і яму не паведамілі. Тады яго могуць затрымаць для дэпартацыі», — патлумачыў Кісьляк.

Паводле праваабаронцы, дэпартаваць Міхеева могуць як у краіну паходжаньня — Беларусь, гэтак і ў іншыя краіны.

Цяжкасьці беларусаў у Грузіі

Грузія, якой з 2012 году кіруе партыя «Грузінская мара» прарасейскага алігарха Бідзіны Іванішвілі, не задаволіла ніводнага хадайніцтва грамадзян Беларусі аб наданьні прытулку.

У першай палове 2026 году з краіны выслалі 24 беларусаў. Меркаваныя прычыны: перавышэньне тэрміну знаходжаньня (ня больш за 365 дзён запар), пратэрмінаваны пашпарт (немагчыма абмяняць у амбасадзе з прычыны скасаваньня ўладамі Беларусі такой магчымасьці ў верасьні 2023 году), зьдзяйсьненьне злачынства.

Сёлета ў чэрвені беларус — былы палітвязень, імя якога не называюць, быў упершыню дэпартаваны з Грузіі ў Армэнію.

Дэпартамэнт міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі 14 верасьня 2026 году прызнаў часовую забарону Камітэту ААН у правах чалавека на дэпартацыю ў Беларусь беларускага праваабаронцы, палітычнага ўцекача Рамана Кісьляка і ў сувязі з гэтым не праводзіць адпаведную працэдуру датычна яго.

Кісьляк летась атрымаў часовыя меры абароны Камітэту правоў чалавека ААН, паводле якіх яго нельга дэпартаваць у Беларусь, бо там праваабаронцу пагражае палітычны перасьлед. Дакумэнты ААН дзейсныя да жніўня гэтага году. Раман падаў заяву на новы дазвол на жыхарства ў Грузіі летась у кастрычніку. Адказу на ягоны запыт пакуль няма.

16 ліпеня ў тбіліскую кватэру, дзе жыве Раман, прыйшлі трое супрацоўнікаў памежнай паліцыі і склалі на яго пратакол за нелегальнае знаходжаньне ў краіне.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG