Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пасьля няспынных удараў Украіны па нафтавых аб’ектах забараніў публікаваць паліўную статыстыку

Наступствы ўкраінскага ўдару па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Татарстане. Архіўнае фота
Наступствы ўкраінскага ўдару па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Татарстане. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін указам ад 28 верасьня зацьвердзіў пералік інфармацыі аб паліўна-энэргетычным комплексе, доступ да якой абмежавалі.

Як адзначаецца ў дакумэнце, засакрэчаныя зьвесткі пра аб’ёмы перапрацоўкі і вытворчасьці паліва на нафтаперапрацоўчых заводах, аб продажы бэнзіну і дызэльнага паліва, а таксама аб шляхах іх транспартаваньня.

Публічнае пашырэньне такой інфармацыі, у тым ліку праз СМІ і ў інтэрнэце, забаранілі. Указ не распаўсюджваецца толькі на справаздачы, якія кампаніі самі публікуюць у адкрытай прасторы.

Абмежаваньне доступу да такой інфармацыі ва ўказе патлумачылі «неабходнасьцю ўхваленьня неадкладных мераў у адказ на недружалюбныя і супярэчныя міжнароднаму праву дзеяньні Злучаных Штатаў Амэрыкі і замежных дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў, якія далучыліся да іх». Але нічога з гэтай нагоды не ўдакладняецца.

Што папярэднічала

Паводле Міжнароднага энэргетычнага агенцтва, на якое спасылаюцца журналісты Reuters, за першыя 8 месяцаў году ў сярэднім кожны трэці ўкраінскі ўдар быў пасьпяховым у нанясеньні шкоды расейскім прадпрыемствам.

У чэрвені аб’ём перапрацоўкі нафты ў Расеі зьнізіўся прыблізна на 30% у параўнаньні з чэрвенем 2025 году — да мінімальнага ўзроўню з 2004 году. Вытворчасьць бэнзіну скарацілася прыблізна на пятую частку.

Чаму гэта важна

Украіна атакуе расейскія тэрыторыі, наносячы ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах. Вайсковае камандаваньне заяўляе, што спрабуе пазбавіць Расею паліва, каб яго не маглі пастаўляць войскам на акупаваных тэрыторыях Украіны для працягу вайны.

Пасьпяховасьць і масавасьць украінскіх удараў па расейскіх прадпрыемствах стала прычынай глыбокага паліўнага крызісу ў Расеі, анэксаваным ёю Крыме і захопленых ёю іншых вобласьцях Украіны. У некаторых рэгіёнах увялі строгія забароны ці абмежаваньні на продаж паліва насельніцтву, чэргі па бэнзін і дызэль бачныя нават на спадарожнікавых здымках. Расейскія ўлады забаранілі экспарт аўтамабільнага і авіяцыйнага бэнзіну, а таксама дызэльнага паліва.

У пачатку ліпеня адразу некалькі краін Цэнтральнай Азіі заявілі аб паліўным крызісе праз скарачэньне паставак нафтапрадуктаў з Расеі й Ірану. У прыватнасьці, Таджыкістан, Кіргізстан і Ўзбэкістан пачалі тэрмінова шукаць магчымасьць кампэнсаваць страты ў пастаўках нафтапрадуктаў з Расеі.

Пэўную частку дэфіцыту паліва на рынку Расеі закрываюць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG