Як паведаміла расейскае дзелавое выданьне «Коммерсант», пастаўкі ў Расею паліва зь беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў (НПЗ) цяпер максымальныя, заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.
«Пастаўкі паліва ідуць, і ідуць на максымум. У гэтым выпадку беларускія сябры чуйна рэагуюць на патрэбы, за што мы ім удзячныя», — сказаў журналістам у нядзелю Пяскоў.
Так ён адказаў на пытаньне, ці абмяркоўвалі кіраўнікі Расеі і Беларусі на сустрэчы напярэдадні рост паставак бэнзіну зь беларускіх НПЗ.
Вядома, што на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Расеі Міхаілам Мішусьціным 28 жніўня Аляксандар Лукашэнка так акрэсьліў яе тэмы:
«Ад дробязяў з палівам — дызэлем, бэнзінамі рознымі і гэтак далей... — да сур’ёзных сыстэмных пытаньняў».
Уладзімір Пуцін 29 жніўня прыняў Аляксандра Лукашэнку ў сваёй загараднай рэзыдэнцыі ў Нова-Агарове на захад ад Масквы.
Папярэдні раз Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з Уладзімірам Пуціным 26 чэрвеня на Валдаі ў Расеі. Гэта была пятая сустрэча Лукашэнкі з Пуціным сёлета.
У Расеі цяпер дэфіцыт паліва праз удары Ўкраіны па расейскіх НПЗ. Толькі ў жніўні Ўкраіна атакавала больш за 20 такіх заводаў.
Чаму гэта важна
Украіна за апошнія два гады ўзмацніла атакі на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй дронамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наагул прывяло да спыненьня продажу паліва людзям.
Расея працягвае абстрэльваць ракетамі энэргетычныя і абаронныя цэлі ва ўкраінскіх гарадах і вакол іх. Акрамя таго, расейцы актыўна атакуюць цывільную інфраструктуру і б’юць па жылых дамах.
Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі.
Пастаўкі нафтапрадуктаў зь Беларусі ў Расею ў чэрвені 2026 году дасягнулі гістарычнага максымуму — 141 тысяча тон за першыя 25 дзён месяца. Аднак ужо ў пачатку ліпеня продаж беларускіх нафтапрадуктаў рэзка скараціўся, бо заводы распрадалі ўсе ліпеньскія аб’ёмы, а экспарт празь біржу стаў нявыгадным праз цэнавую стэлю.
У Беларусі працуюць два нафтаперапрацоўчыя заводы — Мазырскі і Новаполацкі. Абодва прадпрыемствы перапрацоўваюць ад 12 да 24 мільёнаў тон нафты на год, але іх здольнасьці павялічваць аб’ём вытворчасьці абмежаваныя базай рэсурсаў.
Беларусь пастаўляла ў Расею нафтапрадукты, спачатку прызначаныя для экспарту ў краіны Цэнтральнай Азіі. Пасьля піку рэалізацыі аб’ёмы паліва зьнізіліся з больш чым 7 тысяч тон да сотняў тон на содні, што выклікала павелічэньне гуртовых цэнаў на бэнзін АІ-92 да 140–142 тысяч рублёў за тону.