Ва Ўкраіне ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі дзясяткі мірных жыхароў. У Расеі пад атакай застаюцца нафтабазы

Наступствы ўдару расейскіх дронаў па Кіеве, 27 верасьня 2026 году
Наступствы ўдару расейскіх дронаў па Кіеве, 27 верасьня 2026 году

У ноч на 28 верасьня расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 165 ударнымі дронамі, 112 зь іх змагла абясшкодзіць супрацьпаветраная абарона.

Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны, зафіксавалі пацэльваньні дронаў па 14 лякацыях, яшчэ ў 7 месцах нанесеная шкода ў выніку падзеньня аскепкаў зьбітых бесьпілётнікаў.

У Кіеўскай вобласьці пашкоджаныя больш за 20 аб’ектаў

Улады Кіеўскай вобласьці заявілі, што ўначы пад расейскімі ўдарамі былі выключна цывільныя аб’екты. Тры чалавекі загінулі (сярод іх адзін грамадзянін Азэрбайджану) і 8 атрымалі раненьні.

У Браварскім раёне пацярпелі 2 склады і два адміністрацыйныя памяшканьні, у Бучанскім — базар, прыватны сэктар і аўтамабілі, у Фастаўскім — вытворчасьць і аўтамабілі, у Белацаркоўскім раёне — сельскагаспадарчае прадпрыемства і шматкватэрны дом. Усяго, паводле ўладаў, пацярпеў 21 аб’ект.

У Кіеве чатыры чалавекі параненыя. Пашкоджаныя жылыя і нежылыя памяшканьні, офісы, аўтазапраўка. https://t.me/dsns_telegram/75950

У Харкаўскай вобласьці раненьні атрымалі 9 дзяцей

Улады Харкаўскай вобласьці паведамілі, што ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 13 населеных пунктаў, у тым ліку горад Харкаў.

Адзін чалавек загінуў, 25 чалавек пацярпелі, у тым ліку 9 дзяцей. Расейскае войска наносіла ўдары авіяцыяй, артылерыяй і дронамі.

Геаграфію абстрэлаў пашырылі на большую частку краіны

Ад расейскіх абстрэлаў таксама пацярпелі Жытомірская, Ровенская, Віньніцкая, Запароская, Днепрапятроўская, Хмяльніцкая, Сумская і Адэская вобласьці.

«У Адэскай вобласьці ўдарылі па караблі пад сьцягам дзяржавы Палаў. У Жытомірскай вобласьці пашкодзілі звычайны завод марозіва. Былі ўдары па жылых дамах на Сумшчыне, Ровеншыне, Харкаўшчыне і Адэшчыне. Атакавалі крытычна важную інфраструктуру на Віньнічыне, Днепрапятроўшчыне, Хмяльніччыне і Запарожжы. Паўсюль, дзе патрэбна, працуюць тэрміновыя службы», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

У Расеі традыцыйна сьцьвярджаюць, што білі па вайсковых аб’ектах.

У Краснадарскім краі гарыць нафтабаза

Украінскія маніторынгавыя каналы паведамілі, што ў станіцы Новацітараўская Краснадарскага краю гарыць нафтабаза «Эдельвейс-95», якая гандлюе палівам.

На ёй можа захоўвацца да 4500 кубамэтраў паліва. Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, «Эдельвейс» працуе больш за 30 гадоў і набывае паліва наўпрост у найбуйнейшых вытворцаў Расеі.

Пазьней у апэратыўным штабе Краснадарскага краю заявілі аб узгараньнях на трох прадпрыемствах цывільнай інфраструктуры яшчэ ў трох раёнах рэгіёну. Ніхто не пацярпеў.

Паводле Міністэрства абароны Расеі, у ноч на 28 верасьня над 15 расейскімі рэгіёнамі, анэксаваным Крымам і над акваторыяй Чорнага мора расейцы абясшкодзілі 254 украінскія бесьпілётнікі.

Ва ўмовах вайны пацьвердзіць або зьняпраўдзіць інфармацыю, якую распаўсюджваюць абодва бакі вайны, у незалежных крыніцах немагчыма.


​
XS
SM
MD
LG