Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 25 верасьня: на 3 гады калёніі за «садзейнічаньне экстрэмізму» асудзілі жыхара Берасьцейшчыны

абноўлена
Гомельскі абласны суд. Ілюстрацыйнае фота
Гомельскі абласны суд. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных прычын у Беларусі.

За садзейнічаньне «экстрэмізму» асудзілі больш за тысячу чалавек

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што Берасьцейскі абласны суд 18 жніўня асудзіў на тры гады калёніі 42-гадовага Віталя Галавача.

Паводле праваабаронцаў, яго абвінавацілі ў садзейнічаньні «экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу. Але ў чым дакладна абвінавацілі Віталя, невядома.

Віталя Галавача затрымалі сёлета 27 студзеня. У чаканьні суда ў сьледчым ізалятары мужчына правёў сем месяцаў. Віталь падаў апэляцыйную скаргу на прысуд. Яго да разгляду апэляцыі будуць утрымліваць у СІЗА.

Паводле інфармацыі «Вясны», у Беларусі паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) асудзілі 1108 чалавек.

27-гадовага авіятара асудзілі на 13 гадоў калёніі

Сёлета 1 верасьня Менскі гарадзкі суд асудзіў да 13 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму Сьвятаслава Падвашэцкага.

Яго прызналі вінаватым у незаконным абароце наркотыкаў (ч. 1 арт. 328), здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 ) і ў дадатак аштрафавалі на 22 500 рублёў (500 базавых велічыняў). Пра гэта сёньня паведамілі праваабаронцы «Вясны».

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, таму вядомы толькі вынік: 2 гады за «наркотыкі», 12 — за «здраду».

Сьвятаслаў Падвашэцкі нарадзіўся 15 верасьня 1998 году, скончыў лётнае вучылішча ва Ўкраіне, пасьля чаго вярнуўся ў Беларусь і праходзіў стажыроўку ў «Белавія».

Ён працягваў падтрымліваць сувязь з былымі аднакурсьнікамі. Частка зь іх пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне далучылася да Ўзброеных сілаў Украіны. Менавіта перапіска з гэтымі людзьмі магла стаць падставай для перасьледу, пішуць праваабаронцы. Незадоўга да затрыманьня мужчына даслаў знаёмаму фатаграфію самалёта, на якім праходзіў стажыроўку, з паведамленьнем пра тое, што будзе на ім лётаць. Пасьля чаго 10 чэрвеня 2025 году яго затрымалі.

Новае ў сьпісе экстрэміскіх матэрыялаў за два тыдні

  1. @belprogect (TikTok)
  2. Alexandr Boiko (Facebook)
  3. Daily World News (TikTok)
  4. DZIMITRY SEMCHANKA (Threads)
  5. grodnonovosti44 (Instagram)
  6. hutka news (Instagram)
  7. Ivan (Threads)
  8. laskatuchi (Threads)
  9. lukashisty_pidorasy (TikTok)
  10. mikita_suzuki (Instagram)
  11. Mikola Dziadok (Facebook)
  12. Pavetra (Instagram)
  13. Pulse News (TikTok)
  14. stepanovna4866 (Instagram)
  15. Vass-il (Instagram)
  16. Vitali Sodzel (Facebook)
  17. yana.latushka (Instagram)
  18. yauheniharkauchuk (Threads)
  19. Выборы 2020. Чат (Telegram)
  20. Глеб (Threads)
  21. Дурніца news (Telegram)
  22. Жизнь с нуля / Жизнь с нуля 2 (TikTok, TikTok)
  23. НОВОСТИ ГОМЕЛЯ И НЕ ТОЛЬКО / novosti home1 (TikTok, (пазначаная ў сьпісе старонка Instagram недаступная)
  24. Оля Токарчук (Instagram)
  25. Павел Свярдлоў (пазначаная ў сьпісе старонка Threads недаступная)

На гэтым тыдні ў сьпіс «экстрэмістаў» дадалі 13 чалавек

  1. Аляксандар Баброў, 39 гадоў
  2. Дзьмітры Бакей, 41 год
  3. Дзяніс Гуляшоў, 39 гадоў
  4. Уладзімір Кісялёў, 68 гадоў
  5. Тацьцяна Корсакава, 58 гадоў
  6. Пелагія Корсакава, 28 гадоў
  7. Дзьмітры Корсакаў, 59 гадоў
  8. Юльяна Малачкова, 22 гады
  9. Аксана Марыніна, 58 гадоў
  10. Валянцін Марчук, 41 год
  11. Ганна Муха, 54 гады
  12. Валянціна Навумава, 57 гадоў
  13. Жанна Яскулд, 60 гадоў

У сьпіс экстрэмістаў дадалі 13 чалавек. Зь іх трое — з адной сям’і

Выракі сямʼі Корсакавых Менскі гарадзкі суд вынес 10 чэрвеня.

Дзьмітрыя і Тацяну затрымалі 26 верасьня 2025 году. Ім ужо амаль 60 гадоў.

Іх абвінавацілі і асудзілі паводле ч. 1 арт. 356 («здрада дзяржаве»), ч. 4 арт. 295 («незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў») і ч. 3 арт. 333-1 КК («незаконнае перамяшчэньне праз мяжу атрутных рэчываў, зброі і боепрыпасаў»).

Дзмітры Корсакаў працаваў у дзіцячым садку № 518 рабочым, Тацьцяна Корсакава — выхавальніцай там жа.

Іх пакаралі 14 і 12 гадомі зьняволеньня.

Пелагею Корсакаву, якая жыла ва Ўкраіне, завочна асудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі.

Цяпер у сьпісе «экстрэмістаў» 6930 чалавек, паведаміла «Вясна».

У сьпіс «экстрэмістаў» уключылі супрацоўніка Мазырскага каледжу будаўнікоў

На мінулым тыдні ў сьпіс «экстрэмістаў» уключылі 53-гадовага Васіля Купрацэвіча пасьля таго, як вырак, вынесены Гомельскім абласным судом паводле ч. 1 і 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі, набыў юрыдычную моц.

Праваабаронцы пакуль ня ведаюць зьместу выраку, але мяркуюць, што Купрацэвіча пакаралі яго не зьняволеньнем. «Найбольш імаверна, што яму прысудзілі абмежаваньне волі без накіраваньня ў карную ўстанову», — паведамілі ў «Гомельскай Вясьне».

Паводле праваабаронцаў, Васіля Купрацэвіча маглі асудзіць у так званай «справе Гаюна».

Васіль Купрацэвіч працаваў намесьнікам дырэктара ў навучальна-вытворчай працы Мазырскага каледжу будаўнікоў.

Што вядома пра «справу Гаюна»

«Справа Беларускага Гаюна» — адна з самых маштабных палітычных рэпрэсіўных кампаніяў рэжыму Лукашэнкі. Сваім размахам яна саступае хіба толькі перасьледу за ўдзел у пратэстах 2020 году.

Праваабаронцы маюць інфармацыю пра 234 пацьверджаныя выпадкі асуджэньня менавіта ў «справе Гаюна». Агульная ж лічба фігурантаў гэтай справы значна большая.

Затрыманьні ідуць па ўсёй Беларусі дагэтуль. Суды ў «справе Гаюна» адбываюцца літаральна кожны дзень — з пачатку году ў сьпіс «экстрэмістаў» дадалі 526 чалавек, асуджаных за «садзейнічаньне экстрэмізму». Пераважная большасьць гэтых людзей праходзяць менавіта ў «справе Гаюна».

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў палітвязьнямі 882 незаконна асуджаных грамадзян, а паводле праваабарончай ініцыятывы dissidentby, такіх 935.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG