Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску скасавалі забарону на шэраг работ у ахоўнай зоне Пішчалаўскага замку і ня толькі яго. Што вядома

Такім чынам, паводле праекту, мусіць выглядаць Пішчалаўскі замак пасьля рэканструкцыі. Ілюстрацыйнае фота
Такім чынам, паводле праекту, мусіць выглядаць Пішчалаўскі замак пасьля рэканструкцыі. Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства культуры Беларусі пастановай ад 21 верасьня скасавала сваё папярэдняе рашэньне, якім зацьвердзіла праект зонаў аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, разьмешчаных у Менску на вуліцы Валадарскага, дамы 2, 4, 6.

Як адзначаецца ў пастанове, юрыдычную моц новая пастанова набудзе 1 кастрычніка.

Якія будынкі ўваходзілі ў праект

Праект зонаў аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, разьмешчаных на вул. Валадарскага, 2, 4, 6, Міністэрства культуры Беларусі зацьвердзіла сваёй пастановай ад 19 чэрвеня 2025 году.

На Валадарскага, 2 знаходзіцца Пішчалаўскі замак — гістарычны помнік нэаготыкі, пабудаваны ў 1825 годзе, шырока вядомы як «Валадарка» — там знаходзіўся сьледчы ізалятар.

У будынку пад № 4 знаходзіцца разьлікова-касавы цэнтар «Тэхнабанку», а пад № 6 — шэраг дыпляматычных і міжнародных прадстаўніцтваў — амбасады Турэччыны, Славаччыны, Польшчы, Апостальская нунцыятура, прадстаўніцтва Міжнароднага валютнага фонду і Польскі інстытут у Менску.

Якія работы забаранялі рабіць у гэтай ахоўнай зоне

Дакумэнт вызначаў межы ахоўных зонаў і абмяжоўваў шэраг відаў дзейнасьці, у тым ліку:

  • выкананьне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на будынках гісторыка-культурнай каштоўнасьці, якімі прадугледжаны навукова неабгрунтаваныя зьмены іх аб’ёмна-прасторавага, архітэктурнага і канструктыўнага рашэньня, а таксама без навукова-праектнай дакумэнтацыі;
  • узьвядзеньне новых капітальных будынкаў і збудаваньняў, акрамя пракладаньня падземных інжынэрных камунікацыяў;
  • рамонт, рэканструкцыю каштоўнага гісторыка-архітэктурнага асяродзьдзя без захаваньня і аднаўленьня гістарычнага аблічча фасадаў;
  • рамонт, рэканструкцыю і мадэрнізацыю дысанансных будынкаў, прыбудоваў і надбудоваў, акрамя іх зносу;
  • выкананьне работ у добраўпарадкаваньні, разьмяшчэньне малых архітэктурных формаў, уладкаваньне вонкавага асьвятленьня і сродкаў вонкавай рэклямы, якія пагаршаюць успрыманьне аб’ёмна-прасторавых асаблівасьцяў будынкаў гісторыка-культурнай каштоўнасьці;
  • выкананьне будаўнічых і земляных работ без прыняцьця мераў аховы археалягічных аб’ектаў і археалягічных артэфактаў у адпаведнасьці з артыкуламі 129 і 130 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры.


Што папярэднічала

Сёлета ў сакавіку дзяржаўныя СМІ паведамілі, што ў Пішчалаўскім замку ўжо пачаліся работы, і паказалі, як ён будзе выглядаць пасьля рэканструкцыі.

Летась Пішчалаўскаму замку, больш вядомаму як СІЗА-1 (турма «Валадарка»), дзе трымалі многіх палітычных зьняволеных, споўнілася 200 гадоў. Толькі нядаўна будынак перастаў выконваць ролю турмы. У канцэпцыі рэканструкцыі — уключэньне абноўленага будынку ў турыстычныя маршруты па цэнтры беларускай сталіцы.

Перш чым узгадніць архітэктурна-плянавальную канцэпцыю, адмыслоўцы правялі комплексныя навуковыя дасьледаваньні. Рэканструкцыяў такіх значных для гораду аб’ектаў заўсёды апякаюцца навуковыя кіраўнікі.

«Спачатку распрацоўваецца архітэктурна-рэстаўрацыйнае заданьне — асноўны дакумэнт, які вызначае патрабаваньні, мэты і віды работ у захаваньні аб’екту культурнай спадчыны. Ён складаецца на аснове шматлікіх дасьледаваньняў і вызначае межы рэстаўрацыі, абмежаваньні і патрэбныя інжынэрныя рашэньні. Акрамя таго, гэта яшчэ і аснова для распрацоўкі навукова-праектнай дакумэнтацыі.

Калі ідзецца пра будынкі, якія маюць гістарычна-культурную каштоўнасьць, строга прытрымліваемся мэтодык правядзеньня рэстаўрацыйных работ. У выпадку зь Пішчалаўскім замкам перш выканалі патрэбныя фізыка-хімічныя і іншыя абсьледаваньні пабудоваў, ацанілі іх стан. Падкрэсьлю: усе аб’екты праходзяць праз дбайныя дасьледаваньні, дзе няма месца сьпешцы або выпадковым рашэньням. Адмыслоўцы кіруюцца прынцыпам „не нашкодзь“. Мы робім усё магчымае, каб максымальна зьберагчы ацалелае і аднавіць страчанае, выкарыстоўваючы даступныя матэрыялы і тэхналёгіі», — расказваў навуковы кіраўнік праекту Аляксандар Вашкевіч.

Пасьля рэканструкцыі на тэрыторыі замку на вуліцы Валадарскага пачне працаваць шматфункцыйны комплекс. Згодна з зацьверджанай канцэпцыяй, захаваюць чатыры будынкі, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасьць. У іх ліку замак, уваходная група, аднапавярховы будынак і былая стайня.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG