Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні адзначаюць 150-гадовы юбілей Цёткі, які служыць нагодай для беларуска-літоўскага дыялёгу

Аляіза Пашкевіч, Цётка (15.07.1876, фальварак Пешчын (цяпер Шчучынскі раён) — 17.02.1916, вёска Стары Двор (Шчучынскі раён)
Аляіза Пашкевіч, Цётка (15.07.1876, фальварак Пешчын (цяпер Шчучынскі раён) — 17.02.1916, вёска Стары Двор (Шчучынскі раён)

Канфэрэнцыя ў гонар 150-годзьдзя з дня нараджэньня Цёткі (Аляізы Пашкевічанкі) пройдзе 25 верасьня ў Вільні пад назвай «Спадчына Аляізы Пашкевіч-Цёткі — прастора беларуска-літоўскага дыялёгу».

Сёлета споўнілася 150 гадоў з дня нараджэньня Цёткі — выбітнай беларускай паэткі і дзяячкі беларускага Адраджэньня Аляізы Пашкевічанкі-Кейрысовай. На канфэрэнцыю, якая пройдзе ў музэі Марыі і Юргіса Шлапялісаў у цэнтры Вільні (Pilies g. / вул. Замкавая, 40), запрошаныя беларускія і літоўскія навукоўцы і дзеячы, якім неабыякавыя асоба і творчасьць Цёткі, а таксама дачыненьні двух суседніх народаў.

Канфэрэнцыю ладзіць Таварыства беларускай культуры ў Літве сумесна зь літоўскім фондам Сьцяпанаса Кайрыса на чале з эўрадэпутатам Віцянісам Повіласам Андрукайцісам. Фонд стаў асноўным спонсарам канфэрэнцыі. Сярод арганізатараў таксама намесьнік старшыні беларускай партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі.

Як адзначаюць юбілей Цёткі

Аляіза Пашкевічанка нарадзілася 15 ліпеня 1876 году ў фальварку Пешчыне Лідзкага павету (цяпер Шчучынскі раён), значную частку жыцьця правяла ў Вільні, дзе пісала вершы, выпускала кнігі, вяла падпольную беларускую палітычную дзейнасьць, спрычынілася да адкрыцьця першай у гісторыі беларускай пачатковай школы, працавала ў шпіталі, пабралася шлюбам зь літоўскім палітычным дзеячом.

Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве (ТБК), доктар гуманітарных навук Алесь Адамковіч расказаў Свабодзе, як беларусы Вільні адзначаюць 150 гадоў з дня нараджэньня Цёткі і чаму заўсёды вартая ўвагі яе літаратурная і грамадзка-палітычная спадчына.

«У ліпені на яе дзень нараджэньня мы наведалі Новую Вялейку (Naujoji Vilnia), раён гораду, дзе яна жыла і працавала і дзе ёсьць вуліца, названая ў яе гонар. 18 верасьня ў Сейме Літвы прайшла канфэрэнцыя, прысьвечаная Цётцы. Гэтая імпрэза была больш палітычна афарбаванаю, бо Цётка ня толькі літаратарка, але і заснавальніца беларускага сацыял-дэмакратычнага руху беларусаў. Дарэчы, Цётка — гэта спачатку яе палітычная мянушка. А ў пятніцу 25 верасьня пройдзе навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная літаратурнай і грамадзкай спадчыне Цёткі», — расказаў Алесь Адамковіч.

Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве (ТБК) Алесь Адамковіч
Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве (ТБК) Алесь Адамковіч

Паводле Адамковіча, месца правядзеньня канфэрэнцыі наўпрост зьвязанае з жыцьцём Аляізы Пашкевічанкі ў Вільні: у гэтым доме, цяперашнім музэі, яна бывала, бо сябравала з гаспадарамі, пагатоў побач была кнігарня, у якой прадавалі беларускія кнігі, ейныя творы таксама.

«Асноўная мэта канфэрэнцыі — зьвярнуць увагу на асобу Цёткі, на яе дзейнасьць найперш у Вільні. Бо беларускае Адраджэньне пачыналася менавіта тут, і Цётка была адной з галоўных і ўплывовых асобаў гэтага руху беларусаў за сваю адметнасьць і незалежнасьць. Яшчэ цікава, што яна была мэдычнай сястрой, працавала ў вайсковым шпіталі, шмат дапамагала людзям. І, натуральна, Цётка вельмі актыўна займалася грамадзка-палітычнай працай. Вядома, што ў 1916 годзе яна разам з аднадумцамі адкрыла ў Вільні першую беларускую пачатковую школу, выдавала кнігі, друкавалася ў першых беларускіх газэтах і часопісах. Ня толькі для беларусаў, але для Вільні гэта вельмі важная постаць. Таму на канфэрэнцыю запрошаныя літоўскія навукоўцы, якія займаюцца тым пэрыядам гісторыі, а таксама спадчынай Цёткі. Сярод запрошаных і перакладніца, навуковец Алма Лапінскене, якая пераклала на літоўскую мову шмат беларускіх твораў, у тым ліку раман „Крыж міласэрнасьці“ Валянціны Коўтун пра Цётку», — паведаміў Алесь Адамковіч.

Беларуска-літоўскі дыялёг, які згадваецца ў назьве канфэрэнцыі, трэба ўвесь час падтрымліваць, для чаго вельмі пасуе прыклад Цёткі, мяркуе Адамковіч:

«Важна паказаць добрасуседзкі дыялёг, які ішоў паміж беларусамі і літоўцамі ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Калі жылі разам, сябравалі, прыходзілі на сустрэчы і на дапамогу адзін аднаму. Сярод выступоўцаў на канфэрэнцыі будзе Ніёле Сурвілене, якая раскажа якраз пра добрасуседзкія адносіны. Такіх прыкладаў было шмат. Цётка была замужам за Сцяпанасам Кайрысам (Кейрысам), адным з сыгнатараў Акту незалежнасьці Літвы 16 лютага 1918 году. А, прыкладам, будучы дзяяч БНР Вацлаў Ластоўскі быў у шлюбе зь літоўскай пісьменьніцай Марыяй Іванаўскайце. Дарэчы, мы чакаем прыходу запрошанага на канфэрэнцыю іхнага ўнука Рымантаса Матуліса».

З часу жыцьця Цёткі ў Вільні мінула больш за 100 гадоў, а цяпер культурны дыялёг паміж беларусамі і літоўцамі перажывае складаны пэрыяд, канстатуе Алесь Адамковіч.

«На жаль, усё далей разыходзімся. Існуе і рэальная мяжа, якая нас разьдзяліла, і ў культурніцкім пляне сталі менш кантактаваць. Таму адна з мэтаў гэтай канфэрэнцыі — нагадаць і наколькі мага вярнуць нас да тых адносінаў, якія былі, калі тут жыла Аляіза Пашкевіч», — спадзяецца Алесь Адамковіч.

Цётка пісала: «Веру, братцы: людзьмі станем»

У 1905 годзе Цётка напісала рэвалюцыйна-рамантычны верш «Вера беларуса», які стаў хрэстаматыйным. Паэтка пісала і лірычныя творы, але найперш вядомая дзякуючы патасным вершам, якія сучасныя крытыкі лічаць прапагандысцкімі. Алесь Адамковіч мяркуе, што акурат яны — найважнейшае ў паэтычнай спадчыне Цёткі.

«Трэба разумець тую эпоху, у якой жыла і пісала вершы Цётка, той уздым нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў, які тады пачынаўся. Улічваць трэба і асаблівасьці сялянскай масы, якую трэба было весьці, абуджаць. Таму цалкам натуральна, што паэзія Цёткі вось такая. У яе было вялікае жаданьне ісьці наперад, несьці ў народ паходню Адраджэньня. Прыклад Цёткі адметны гэтым жаданьнем, ён важны для сёньняшніх беларусаў яе адданасьцю жыцьцёваму выбару», — мяркуе Адамковіч.

Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч адзначыў важнасьць і публіцыстычных твораў Цёткі, яе артыкулаў пра беларускую мову, яе ўнёсак у стварэньне першага беларускага лемантара.

«Зноў жа гэта вельмі важна найперш для нас цяперашніх. Бо неяк мы ішлі-ішлі, але ў выніку разышліся, заблукалі на гэтым шляху і цяпер павінны вяртацца ў пачатак ХХ стагодзьдзя. А для разуменьня важнасьці матчынай мовы трэба зьвярнуцца да нашых першых песьняроў і змагароў, трэба іх перачытаць, пераасэнсаваць. Іхная спадчына застаецца вельмі актуальнай», — мяркуе Алесь Адамковіч.

Што яшчэ робіць Таварыства беларускай культуры ў Літве

Шэсьць гадоў свайго веку Цётка мусіла правесьці ў эміграцыі: вучылася ў Львоўскім і Кракаўскім унівэрсытэтах, шмат вандравала па Эўропе, у тым ліку па Швэцыі, дзе пешкі прайшла 200 кілямэтраў ад Стакгольму да Гётэборгу. Цётка ня толькі пісала вершы і выкладала, але і грала ў самадзейным тэатры, займалася культурнай дзейнасьцю, зазначае Адамковіч і зноў праводзіць паралелі з сучаснасьцю.

«І ў гэтым сэнсе лёс Цёткі сугучны беларусам, якія апынуліся за мяжой, ён зноў варты вывучэньня і прыкладу», — мяркуе Алесь Адамковіч.

Як старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве ён ганарыцца імпрэзамі, якімі сёлета адзначылася ТБК.

«У студзені ў Сейме Літвы арганізавалі выставу партрэтаў беларускіх ваяроў, якія змагаюцца за незалежнасьць Украіны. Некаторыя карціны былі напісаныя на пленэры побач з фронтам. Там былі працы Алеся Пушкіна, Алеся Сушы, Андруся Танкінданга. Мы выставілі карціны да 13 студзеня, гістарычнага для Літвы дня», — зазначыў Адамковіч.

Таксама ён згадаў выставу малюнкаў беларускіх мастакоў у доме культуры ў Троках, якая прайшла сёлета ў ліпені—жніўні. Яшчэ адной цікавай падзеяй, паводле Адамковіча, стала краязнаўчая вандроўка па беларускіх мясьцінах на Беласточчыне ў Польшчы.

«Падчас вандроўкі наведалі і магілы беларускіх дзеячоў», — расказаў Алесь Адамковіч.

Паводле актывіста, важная і цікавая падзея з удзелам ТБК адбудзецца 10 кастрычніка ў доме культуры Новай Вялейкі (Naujoji Vilnia) — там пройдзе ўжо 7-ы беларускі фальклёрны фэстываль.

«На фэстываль запрасілі фальклёрныя калектывы, усяго каля дзесяці, зь Літвы, Польшчы і Латвіі. Толькі калектыў з Латвіі не выконвае беларускіх песень, але таксама нам вельмі блізкі духам. Адначасова там жа пройдзе выстава карцін беларускіх мастакоў», — паведаміў Алесь Адамковіч.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG