Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Малдове абвясьцілі надзвычайнае становішча ў энэргетыцы. У чым прычына

Парлямэнт Малдовы абмяркоўвае пытаньне аб увядзеньні надзвычайнага становішча, 22 верасьня 2026 году
Парлямэнт Малдовы абмяркоўвае пытаньне аб увядзеньні надзвычайнага становішча, 22 верасьня 2026 году

Парлямэнт Малдовы ўхваліў рашэньне аб увядзеньні на 60 дзён надзвычайнага становішча ў энэргетычным і водным сэктарах.

Як паведаміла Малдоўская служба Радыё Свабода, гэтае рашэньне мусіць дазволіць уладам апэратыўна рэагаваць пры перабоях у пастаўках энэргіі, паліва і вады.

Да 25 верасьня ў Малдове дзейнічае рэжым павышанай гатоўнасьці — мэханізм рэагаваньня на сур’ёзную крызісную сытуацыю, які абвяшчае ўрад. Надзвычайнае становішча — гэта выключная мера, якую абвяшчае парлямэнт і дазваляе прымаць шырэйшыя захады.

Прэмʼер-міністар Васіле Тофан, выступаючы ў парлямэнце, назваў чатыры асноўныя рызыкі для Рэспублікі Малдова: рост цэнаў на газ, праблемы на рынку паліва, сытуацыя, выкліканая нізкім узроўнем вады ў рэках Прут і Днестар, а таксама праблемы, зьвязаныя з уразьлівасьцю энэргетычнай сыстэмы Ўкраіны, да якой падключана энэргасыстэма Малдовы.

Урад прагназуе складаны зімовы пэрыяд з прычыны выдаткаў на энэргію. Прэм’ер дапусьціў часовае зьніжэньне акцызаў і ПДВ на паліва, каб палегчыць цяжар для грамадзян і эканомікі.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызіснымі сытуацыямі Сяргей Дыякону заявіў, што пачатак халоднага сэзону ўзмоцніць нагрузку на энэргетычную сыстэму, якая застаецца «ўразьлівай». Паводле яго, у гэты пэрыяд спатрэбіцца імпартаваць прыкладна 60% электраэнэргіі, а больш за 90% патрэбнага абʼёму газу ўжо забясьпечана кантрактамі; аднак захоўваюцца «фінансавыя рызыкі» праз рост рынкавых цэнаў.

Паводле яго, Малдова цяпер мае запасы паліва прыблізна на 10 дзён.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Цэны паліва на міжнародных рынках растуць праз блякаваньне Армускай пратокі і атакі на нафтаперапрацоўчыя заводы.

Аб паліўным крызісе заявілі ўжо некалькі краін — Расея, а таксама краіны Цэнтральнай Азіі. У эўрапейскіх краінах істотна вырасьлі цэны на аўтамабільнае паліва, але дэфіцыту няма.

Адначасова летам значна зьнізіўся ўзровень вады адразу некалькіх вялікіх эўрапейскіх рэк, што адбілася на энэргетычным рынку. Праз абмяленьне Днястра Ўкраіна і Малдова сёлета абмяжоўвалі водакарыстаньне для 92 спажыўцоў у басэйне гэтай ракі.

Апошнім часам расейскія войскі ўзмацнілі абстрэлы энэргетычных і нафтавых прадпрыемстваў Украіны. З гэтай прычыны ў краіне пэрыядычна адключаюць электраэнэргію.

Украіна, у сваю чаргу, актыўна атакуе нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы Расеі, што забясьпечваюць дызэльным і авіяцыйным палівам расейскую армію, якая вядзе вайну супраць Украіны.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG