Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Беларусі аб’явіла аб чатырохдзённых вучэньнях на мяжы зь Літвой і Польшчай

Намётавы лягер падчас вучэньняў беларускага войска. Архіўнае фота
Намётавы лягер падчас вучэньняў беларускага войска. Архіўнае фота

Тым часам ужо ідуць камандна-штабных вучэньні на тэрыторыі Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў Менскай вобласьці.

Як паведамляе Міністэрства абароны Беларусі, камандна-штабныя вучэньні (КШВ) з Заходнім апэратыўным камандаваньнем праходзяць 15-18 верасьня пад кіраўніцтвам начальніка Генэральнага штабу Узброеных сіл — першага намесьніка міністра абароны Паўла Муравейкі.

Мінабароны паведамляе, што «практычныя дзеяньні войскаў апэратыўнага аб’яднаньня» будуць адпрацаваныя на Госкім палігоне ў Горадзенскай вобласьці (непасрэдна каля мяжы зь Літвой), а таксама на Берасьцейскім і Ружанскім палігонах — каля 15 і каля 60 км ад мяжы з Польшчай адпаведна і каля 150 і 40 кілямэтраў ад мяжы з Украінай.

Заяўлена, што «колькасьць удзельнікаў вучэньняў, а таксама колькасьць асноўных сыстэм узбраеньня не перавышаюць парамэтры, вызначаныя Венскім дакумэнтам 2011 году і падлягаюць апавяшчэньню».

Паводле інфармацыі Мінабароны, тэма вучэньняў — «Упраўленьне войскамі апэратыўнага камандаваньня падчас стратэгічнай апэрацыі Ўзброеных сіл». Іх галоўная мэта заключаецца ў навучаньні органаў кіраваньня, злучэньняў і воінскіх часьцей апэратыўнага камандаваньня «сумеснаму вырашэньню задач у ходзе падрыхтоўкі і вядзеньня стратэгічнай апэрацыі».

Паводле ведамства, на вучэньнях створаная абстаноўка з «улікам аналізу досьведу сучасных ваенных канфліктаў».

Таксама прадугледжваецца адпрацоўка прымяненьня бесьпілётных авіяцыйных комплексаў.

Мінабароны заявіла, што вучэньні «носяць выключна абарончы характар і накіраваныя ў тым ліку на павышэньне здольнасьці войскаў абараніць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць дзяржавы».

Вучэньні праводзяцца на фоне маштабнай праверкі баявой гатоўнасьці сілавых структур Беларусі. Аляксандр Лукашэнка 11 верасьня наведаў Абуз-Лясноўскі вайсковы палігон (Баранавіцкі раён), дзе заявіў, што стаіць задача праверыць увесь сілавы блёк:

«Я ўжо гаварыў па-народнаму: армію трэба ўзварушыць, прыйшоў час. Усё войска. Усіх праверым. Аж да мабілізацыі. Робім усё, як будзе ў вайне. Рыхтуемся да вайны, каб яе не было», — заявіў Лукашэнка.

У Міністэрстве абароны Беларусі раней паведамілі аб правядзеньні 14-16 верасьня камандна-штабных вучэньняў тэрытарыяльных войскаў Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў Менскай вобласьці.

Чаму гэта важна

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.

Раней расьсьледнікі заяўлялі, што больш за 100 беларускіх прадпрыемстваў выконваюць вайсковыя замовы Расеі.

Апроч таго, з 2022 году на тэрыторыі амаль без перапынку праводзяць вайссковыя вучэньні.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG