Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайскоўцы з Казахстану бяруць удзел у вучэньнях «Лясное братэрства» на мяжы Беларусі з Украінай. ФОТА

Цырымонія адкрыцьця супольных беларуска-казахстанскіх вайсковых вучэньняў «Лясное братэрства–2026», палігон «Берасьцейскі», 6 верасьня 2026
Цырымонія адкрыцьця супольных беларуска-казахстанскіх вайсковых вучэньняў «Лясное братэрства–2026», палігон «Берасьцейскі», 6 верасьня 2026

Гэта другія супольныя з казахстанскімі дэсантнікамі вучэньні. СМІ Казахстану расказваюць пра манэўры толькі з спасылкай на Міністэрства абароны Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што беларускія і казахстанскія вайскоўцы, якія бяруць удзел у супольных вучэньнях «Лясное братэрства—2026», перамясьціліся ў Берасьцейскі і Маларыцкі раён, дзе павіны пераадолець 40 кілямэтраў па лясіста-балоцістай мясцовасьці.

На поўдні Маларыцкі раён мяжуе з Ковельскім раёнам Валынскай вобласьці Ўкраіны.

У штабе супольных беларуска-казахстанскіх вайсковых вучэньняў «Лясное братэрства–2026», 10 верасьня 2026
У штабе супольных беларуска-казахстанскіх вайсковых вучэньняў «Лясное братэрства–2026», 10 верасьня 2026

«Цягам двух дзён выведнікі адпрацуюць арганізацыю засад, пошук схованак, выхад у раён выведкі і зьнішчэньне ўмоўных незаконных узброеных фарміраваньняў. У ролі праціўніка выступаюць рэальныя падразьдзелы Ўзброеных сіл, якія арганізуюць засады, вядуць назіраньне, маскіруюцца і мяняюць тактыку дзеяньняў», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Супольныя беларуска-казахстанскія вучэньні «Лясное братэрства» пачаліся ў Беларусі 6 верасьня. Колькасьць далучаных вайскоўцаў з абодвух бакоў не ўдакладняюць, але сьцьвярджаюць, што яна парытэтная. Першыя этапы манэўраў адбываліся на палігоне «Берасьцейскі».

На супольных беларуска-казахстанскіх вайсковых вучэньняў «Лясное братэрства–2026», 10 верасьня 2026
На супольных беларуска-казахстанскіх вайсковых вучэньняў «Лясное братэрства–2026», 10 верасьня 2026

Адметна, што сродкі масавай інфармацыі Казахстану паведамляюць аб вучэньнях толькі з спасылкай на Міністэрства абароны Беларусі. На сайце вайсковага ведамства Казахстану ўвогуле адсутнічае інфармацыя аб удзеле казахстанскіх вайскоўцаў у вучэньнях на тэрыторыі Беларусі. Пакуль што ў публічнай прасторы адсутнічаюць камэнтары прадстаўнікоў улады на гэтую тэму.

Дэсантнікі з Казахстану, якія ўдзельнічаюць у вучэньнях «Лясное братэрства–2026» у Беларусі, 6 верасьня 2026
Дэсантнікі з Казахстану, якія ўдзельнічаюць у вучэньнях «Лясное братэрства–2026» у Беларусі, 6 верасьня 2026

Як разьвівалася вайсковая супраца Беларусі і Казахстану

Двухбаковае вайсковае супрацоўніцтва Беларусі і Казахстану актывізавалася ў 2022 годзе, пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. Да гэтага часу беларускія і казахстанскія вайскоўцы ўдзельнічалі толькі ў вучэньнях, што праводзіліся ў межах Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).

У жніўні 2022 году адбыліся першыя двухбаковыя вайсковыя вучэньні — тады беларускія вайскоўцы вылецелі ў Казахстан на супольныя тактыка-спэцыяльныя вучэньні на палігон «Кактал». Тады вучэньні праходзілі таксама і ў гарах.

У 2023 годзе двухбаковых супольных вучэньняў не праводзілі ні на тэрыторыі Беларусі, ні на тэрыторыі Казахстану.

У 2024 годзе ўпершыню адбыліся вучэньні «Лясное-братэрства». Яны таксама праходзілі на палігоне «Берасьцейскі». Тады ад Казахстану ўдзельнічалі 50 дэсантнікаў.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG