Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Дняпры ў Жлобіне і Сожы ў Гомлі захоўваецца небясьпечна нізкі ўзровень вады для рачнога транспарту

Сожы у Гомлі. Архіўнае фота
Сожы у Гомлі. Архіўнае фота

На большасьць беларускіх рэк захоўваюцца неспрыяльныя ўмовы для суднаходзтва.

У Цэнтры гідрамэтэаралёгіі, кантролю радыеактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольля (Белгідрамэт) паведамілі аб неспрыяльных мовах для працы рачнога транспарту на Нёмане ў Горадні, Дняпры ў Магілёве, Жлобіне, Рэчыцы і Лоеве, на Беразіне ў Бабруйску і Сьветлагорску, Сожы ў Крычаве, Слаўгарадзе і Гомлі, а таксама на Прыпяці ў вёсцы Чэрнічы і ў Мазыры.

Як вынікае з апублікаванага на сайце Белгідрамэту агляду гідралягічнай абстаноўкі, на Дняпры ў Жлобіне і на Сожы ў Гомлі зафіксавалі небясьпечна нізкі ўзровень вады для суднаходзтва.

Паводле схемы Белгідрамэту, на большасьці рэк у басэйне Дзьвіны ў Віцебскай вобласьці, а таксама ў басэйне Сожу працягваецца зьніжэньне ўзроўню вады.

У той жа час, паводле гідролягаў, на некаторых адрэзках Прыпяці, Дзьвіны, Сожу, Нёману, Дняпра і Беразіны назіраецца нязначнае павелічэньне ўзроўню вады.

Тэмпэратура вады ў рэках знаходзіцца ў межах 11—21°С, а ў вадаёмах — 16—19°С.

Чаму гэта важна

Сёлета праз анамальную сьпёку ў некалькіх эўрапейскіх краінах — Нямеччыне, Аўстрыі, Румыніі, Вугоршчыне, Малдове і Ўкраіне — адбылося крытычнае зьніжэньне ўзроўню вады на рэках, якія фарміруюць энэргетычную сыстэму. Некаторыя з гэтых краін вымушаныя былі абмежаваць магутнасьць працы атамных і гідраэлектрастанцый, а таксама абмежаваць выкарыстаньне вады для прамысловых спажыўцоў.

Паводле эколягаў, працяглыя высокія тэмпэратуры паветра вельмі шкодныя ня толькі для ўзроўню вады ў рэках і іншых вадаёмах — яны істотна пагаршаюць іх якасьць і могуць нават выклікаць небясьпеку для чалавека.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG