Працяглая сьпёка і адсутнасьць дажджоў прывяла да рэкорднага падзеньня ўзроўню на важнейшай воднай транспартнай артэрыі Нямеччыны — рацэ Рэйн.
Як паведаміла выданьне Deutsche Welle, у раёне Кёльна ўзровень вады зьнізіўся да 64-65 сантымэтраў. Папярэдні такі «рэкорд» фіксавалі 23 кастрычніка 2018 году — усяго 67 сантымэтраў. А перад гэтым — 81 сантымэтар у 2003 годзе. Улады Нямеччыны тэрмінова сабралі «тэхнічную канфэрэнцыю» для абмеркаваньня гэтага пытаньня.
Перад гэтым аб пагаршэньні гідралягічнай сытуацыі на раце Дунай паведамілі Вугоршчына і Румынія. Румынскія ўлады, як паведаміла агенцтва Reuters, вырашылі падарваць скалісты выступ, каб дапамагчы перанакіраваць жыцьцёва важную ахаладжальную ваду з ракі Дунай для падтрыманьня работы адзінага рэактара, бо яшчэ адзін спынілі. Абедзьве краіны заклікалі сваіх грамадзян да эканомнага выкарыстаньня электраэнэргіі, некалькі вялікіх аўтамабілебудаўнічых кампаній спынілі сваю вытворчасьць.
Рэйн і Дунай фарміруюць усю энэргетычную сыстэму Эўразьвязу. Празь іх абмяленьне можа паралізавацца дзейнасьць АЭС і гідраэлектрастанцый.
Як паведаміла выданьне Euractiv, у Аўстрыі магутнасьць гідраэлектрастанцый, якія працуюць на Дунаі, зьнізілася на 30 %. Міністэрства энэргетыкі Баўгарыі паведаміла, што атамныя рэактары краіны змогуць працаваць яшчэ як мінімум тры тыдні.
У Беларусі празь зьніжэньне ўзроўню вады ускладнены рух рачнога транспарту
Як адзначаецца ў аглядзе гідралягічнай сытуацыі Белгідрамэту, у Беларусі ў апошні тыдзень ліпеня на рэках узровень вады вагаўся. На Дняпры ў Магілёве і Прыпяці ў вёсцы Чэрнічы ўзроўні зьнізіліся ніжэй за небясьпечныя паказьнікі для суднаходзтва, а на Дняпры каля Рэчыцы ўмовы працы рачнога транспарту палепшыліся.
У апошні дзень ліпеня прырос вады зафіксавалі на Заходняй Дзьвіне каля Вулы, Нёмане ў Горадні, Віліі ў Вілейцы, на Дняпры ў Жлобіне і Рэчыцы, а таксама на Бярэзіне ў Бабруйску. На іншых кірунках гэтых рэк, а таксама на Сажы і Прыпяці адбываецца падзеньне ўзроўню вады з інтэнсіўнасьцю да 17 сантымэтраў за содні.
На прытоку Нёмана — рацэ Рось каля вёскі Студзянец — узровень вады перавышае адзнаку выхаду вады на пойму.
На Нёмане ў Горадні, Дняпры ў Магілёве, Жлобіне і Лоеве, на Бярэзіне ў Бабруйску і Сьветлагорску, Сожы ў Крычаве, Слаўгарадзе і Гомлі, Прыпяці ў вёсцы Чэрнічы і ў Мазыры назіраюцца ўскладненьні ў працы рачнога транспарту.
«У бліжэйшыя дні на рэках будуць назірацца ў асноўным спад узроўняў вады і роўная іхная хада», — адзначаецца ў аглядзе Белгідрамэту.
Улады не паведамляюць, ці паўплывала зьніжэньне ўзроўню вады ў рэках Беларусі на работу Астравецкай АЭС.
Украіна супольна з Малдовай спрабуюць змагацца з малаводзьдзем на Днястры
У Міністэрстве эканомікі Ўкраіны паведамілі, што ўкраінскія і малдоўскія адмыслоўцы наведалі Днястроўскае вадасховішча і Хатынскі водазабор, каб ацаніць гідралягічную сытуацыю і яе ўплыў на водазабесьпячэньне.
Узровень вады ў Днястроўскім вадасховішчы істотна зьнізіўся, і ўлады Ўкраіны абмежавалі спэцыяльнае водакарыстаньне для 92 спажыўцоў у басэйне Днястра.
Украіна і Малдова дамовіліся каардынаваць свае дзеяньні, абменьвацца інфармацыяй і супольна рэагаваць на выклікі, зьвязаныя з малаводзьдзем.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
Праз сьпёку ў траўні і чэрвені ў Заходняй Эўропе засуха ахапіла велізарныя тэрыторыі, што зрабіла іх асабліва ўразьлівымі да лясных пажараў.
Дасьледнікі адзначаюць, што сёлетняя сьпёка — адна з самых моцных і пашыраных за ўсю гісторыю назіраньняў. Паводле іх аналізу, падобныя хвалі цяпла амаль немагчымыя без уплыву кліматычных зьменаў, выкліканых выкідамі парніковых газаў.
Асноўныя прычыны гэтага, паводле навукоўцаў: глябальнае пацяпленьне праз спальваньне выкапнёвага паліва; перасушаныя глебы, якія ўзмацняюць награваньне паветра; зьмены ў атмасфэрнай цыркуляцыі, якія «завешваюць» гарачае паветра над Эўропай; памяншэньне воблачнасьці і ахаладжальнага эфэкту аэразоляў.
Паводле Ўсясьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі, сярэдняя тэмпэратура ў Эўропе падымаецца ўдвая хутчэй за сярэдні паказьнік у сьвеце, што робіць працяглыя пэрыяды сьпёкі ўсё больш імавернымі.
Небясьпека цяпер ідзе ня толькі ад максымальных тэмпэратураў, але і ад высокай начной тэмпэратуры (арганізм не пасьпявае астываць), павышанай вільготнасьці, перагрузкі мэдычных установаў і транспарту.
Навукоўцы папярэджваюць, што хвалі сьпёкі будуць часьцейшымі і даўжэйшымі, тэмпэратурныя рэкорды будуць абнаўляцца рэгулярна, цяперашнія экстрэмальныя ўмовы могуць стаць «новай нормай» у Эўропе.
Форум