Як паведаміла агенцтва Reuters, у канцы ліпеня кампанія спыніла першы рэактар.
На АЭС у Румыніі працавалі два рэактары магутнасьцю 706 мэгават у Чэрнаводзе на Дунаі, на якія прыпадае пятая частка вытворчасьці электраэнэргіі ў краіне.
Румынія абвясьціла надзвычайнае становішча ў энэргетыцы на жнівень і заклікала кампаніі і хатнія гаспадаркі добраахвотна скараціць спажываньне ў пікавыя вячэрнія гадзіны.
Міністэрства энэргетыкі ўключыла электрастанцыю, якая працуе на бурым вугалі, магутнасьцю 330 мэгават. Апроч таго, у краіне разьлічваюць на павелічэньне вытворчасьці ветравой і гідраэнэргіі, зыходзячы з наяўнасьці вады ў вадасховішчах, каб кампэнсаваць дэфіцыт.
«Нацыянальная энэргасыстэма мае транспамежную магутнасьць каля 4000 мэгават, што дазваляе імпартаваць электраэнэргію. [...] Усе эўрапейскія апэратары ведаюць пра рэгіянальныя крызісныя сытуацыі ў энэргетыцы і каардынуюць свае дзеяньні», — гаворыцца ў заяве міністэрства.
Урад Румыніі падрыхтаваў сыстэму паэтапнага адключэньня электраэнэргіі для прамысловых спажыўцоў і, пры неабходнасьці, з папярэднім паведамленьнем. Улады імкнуліся пазьбегнуць спыненьня атамнага рэактара пры дапамозе падрыву скалы і павелічэньня рэчышча ракі, каб перанакіраваць патокі каля электрастанцыі.
Чаму гэта важна
У жніўні Нямеччына, Аўстрыя, Румынія і Вугоршчына заявілі аб крытычным зьніжэньні ўзроўню вады на рэках Рэйн і Дунай, якія фарміруюць усю энэргетычную сыстэму Эўразьвязу. Празь іх абмяленьне можа паралізавацца дзейнасьць АЭС і гідраэлектрастанцый.
Ва Ўкраіне праз падзеньне ўзроўню вады ў Днястроўскім вадасховішчы і Хатынскім водазаборы абмежавалі спэцыяльнае водакарыстаньне для 92 спажыўцоў у басэйне Днястра. З аналягічнай сытуацыяй сутыкнулася і Малдова. Украіна і Малдова дамовіліся каардынаваць свае дзеяньні, абменьвацца інфармацыяй і супольна рэагаваць на выклікі, зьвязаныя з малаводзьдзем.
У Беларусі празь зьніжэньне ўзроўню вады ўскладніўся рух рачнога транспарту. Паводле эколягаў, працяглыя высокія тэмпэратуры паветра вельмі шкодныя ня толькі для ўзроўню вады ў рэках і іншых вадаёмах — яны істотна пагаршаюць іх якасьць і могуць нават выклікаць небясьпеку для чалавека.
Што папярэднічала
Праз сьпёку ў траўні і чэрвені ў Заходняй Эўропе засуха ахапіла велізарныя тэрыторыі, што зрабіла іх асабліва ўразьлівымі да лясных пажараў.
Дасьледнікі адзначаюць, што сёлетняя сьпёка — адна з самых моцных і пашыраных за ўсю гісторыю назіраньняў. Паводле іх аналізу, падобныя хвалі цяпла амаль немагчымыя без уплыву кліматычных зьменаў, выкліканых выкідамі парніковых газаў.
Асноўныя прычыны гэтага, паводле навукоўцаў: глябальнае пацяпленьне праз спальваньне выкапнёвага паліва; перасушаныя глебы, якія ўзмацняюць награваньне паветра; зьмены ў атмасфэрнай цыркуляцыі, якія «завешваюць» гарачае паветра над Эўропай; памяншэньне воблачнасьці і ахаладжальнага эфэкту аэразоляў.
Паводле Ўсясьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі, сярэдняя тэмпэратура ў Эўропе падымаецца ўдвая хутчэй за сярэдні паказьнік у сьвеце, што робіць працяглыя пэрыяды сьпёкі ўсё больш імавернымі.
Небясьпека цяпер ідзе ня толькі ад максымальных тэмпэратураў, але і ад высокай начной тэмпэратуры (арганізм не пасьпявае астываць), павышанай вільготнасьці, перагрузкі мэдычных установаў і транспарту.
Навукоўцы папярэджваюць, што хвалі сьпёкі будуць часьцейшымі і даўжэйшымі, тэмпэратурныя рэкорды будуць абнаўляцца рэгулярна, цяперашнія экстрэмальныя ўмовы могуць стаць «новай нормай» у Эўропе.
Форум