Гэтым летам гідролягі фіксуюць абмяленьне рэк шмат у якіх краінах. Яно закранула Рэйн, По, Дунай. Мелеюць таксама і беларускія рэкі. Найбольш гэта кранулася Дзьвіны і Прыпяці. Аб’ём вады ў гэтых рэках зьменшыўся ўдвая ў параўнаньні з сярэднегадавымі значэньнямі, хаця звычайна ў гэты час яны паўнаводныя. Пасьля дажджоў у чэрвені сытуацыя на рэках выглядала стабільна, аднак ужо ў ліпені яны абмялелі пасьля анамальнай сьпёкі.
Гістарычны мінімум узроўню вады зафіксавалі таксама ў ніжнім цячэньні Нёмана, і на Шчары. Абмяленьне закранула Мухавец (прыток Заходняга Буга) і тры ракі-прытокі Прыпяці: Піна, Ясельда і Гарынь.
Рэспубліканскі цэнтар па гідраметэраалёгіі, кантролю радыеактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольля Мінпрыроды зьвяртае ўвагу на складаную сытуацыю з судаводзтвам праз нізкі ўзровень вады: гэтыя праблемы закранулі Бярэзіну каля Бабруйска, Сож каля Гомля і Дняпро.
На ліпень стабільнай заставаўся ўзровень вады на Нёмане, Віліі, а таксама ў сярэдніх цячэньнях Дняпра і Бярэзіны.
На пачатак жніўня ўзровень вады ніжэйшы за дазволеную рысу для судаходзтва быў на наступных рэках:
Дзьвіна каля Віцебска
Нёман каля Гародні
Дняпро каля Магілёва, Жлобіна і Лоева
Бярэзіна каля Бабруйску і Сьветлагорску
Сож каля Крычава, Слаўгарада і Гомля
Прыпяць каля вёскі Чэрнічы і Мазыра
«Абмяленьне будзе працягвацца»
Цэнтральны навукова-дасьледчы інстытут комплекснага выкарыстаньня водных рэсурсаў і Берасьцейскі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт ацэньвалі зьмяненьне сьцёку асноўных рачных басэйнаў у Беларусі з 1986 па 2015 гады, а таксама давалі прагноз да 2035 году. Ён апублікаваны ў кнізе «Водныя рэсурсы Беларусі і іх прагноз з улікам зьмяненьня клімату». На гэты прагноз у размове са Свабодай спасылаецца эколяг і экспэртка альянсу «Зялёная Беларусь» Інэса Балоціна.
«У сувязі са зьмяненьнем клімату павялічваецца верагоднасьць таго, што сток па Беларусі будзе мяняцца. Рэкі паўднёвай часткі: Прыпяць, Дняпро, часткова Нёмана, Заходняга Бугу будуць мялець. Паніжэньне гэта будзе для стокаў рэк, якія ўпадаюць у Чорнае мора. У басэйне Дзьвіны засуха і абмяленьне менш верагоднае. Навукоўцы лічаць, што будзе большая дыфэрэнцыяцыя паміж паўднёвымі і паўночнымі рэкамі. Паўднёвыя рэкі будуць часьцей мялець, а на поўначы сытуацыя будзе захоўвацца на ўзроўні. Аднак не выключана таксама, што ў асобныя гады вады будзе шмат недзе, а недзе менш», — кажа эколяг.
На гэта ўплывае зьмена клімату і ранейшая мэліярацыя, якая праводзілася ў Беларусі за савецкім часам. Напрыклад, на Палесьсі там дзе больш мэліярыраваны басэйн ракі, там найбольш верагодныя засухі, працягвае навукоўца.
«Адкаціць назад мэліярацыю мы не можам. Аднак, вядомыя прыклады ў Беларусі, калі праводзілі паўторнае забалочваньне — рэвіталізацыю. Мелеарацыйныя каналы на тарфяніках перагароджваюць, вада перастае сыходзіць. Другое — гэта аднаўленьне натуральных рэчышчаў малых рэк, якія выпрамлялі. Падобны праект пачыналі рабіць у беларускай частцы Белавежскай пушчы. Таксама трэба аднаўляць малыя вадатокі і захоўваць раднікі, не зьнішчаць хаця б тыя, што засталіся. Таксама варыянт — рабіць рэгулятары і плаціны, для затрыманьня паводкавых і ліўневых водаў. Ну і таксама варта не раскідвацца вадой, прымяняць замкнёныя цыклы ў прамысловасьці», — пералічвае Інэса Балоціна.
«На Палесьсі могуць зьнікнуць некаторыя малыя рэкі»
«Стратэгія кіраваньня воднымі рэсурсамі ва ўмовах зьмяненьня клімату на пэрыяд да 2030 года» прадугледжвае аднаўленьне не менш чым 15% парушаных тарфянікаў і захаваньне 7 мільярдаў кубічных мэтраў прэснай вады для ўстойлівага сілкаваньня рэк і азёр.
Інэса Балоціна канстатуе, што на Палесьсі могуць зьнікнуць некаторыя водныя басэйны, аднак, Прыпяць пакуль мусіць захавацца.
«Калі ўсё будзе так, як цяпер, то на Палесьсі найперш зьнікнуць некаторыя малыя рэкі і азёры, застанецца менш вады для сельскай гаспадаркі, зьнізіцца рэкрэацыйны патэнцыял Палесься. Канешне, Прыпяць цалкам не зьнікне, хутчэй за ўсё яна не будзе ўжо такая паўнаводная. Яна не перасохне абсалютна, бо ідуць дажджы, хаця на Палесьсі іх чакаецца менш», — кажа суразмоўца.
Рэкордна цёплым у Беларусі быў 2024 год, калі сярэднегадавая тэмпэратура склала 9,5 градусаў. У 2025 гэты паказчык быў 8,5 градусаў, што на 1,3 градусы вышэй за норму.
Форум