Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Білборды з прапагандай службы ў войску і танцы з Саладухам: як у Беларусі ўлады мілітарызуюць грамадзтва

Парад на 3 ліпеня, ілюстратыўнае фота
Парад на 3 ліпеня, ілюстратыўнае фота

У Беларусі пад эгідай Міністэрства абароны зьяўляецца рэкляма службы ў войску, у тэлевізіі крытыкуюць войска іншых краін, а для моладзі праводзяць патрыятычныя форумы. Мы паглядзелі, як улады мілітарызуюць грамадзтва і ці ёсьць вынік.

На плякаце мужчына ў вайсковай форме, ягоны твар закрыты, а побач надпіс «Будзь абаронцам. Мужчынам будзь» — такі плякат заўважылі карыстальнікі сацыяльных сетак у Менску. Гэта сацыяльная рэкляма Міністэрства абароны, якая пачынаючы з 2025 году прапагандуе службу ў войску. На сайтах некаторых раённых вайсковых камісарыятаў нават ёсьць асобны разьдзел «сацыяльная рэкляма Міністэрства абароны».

Сацыяльная рэкляма беларускага Мінабароны
Сацыяльная рэкляма беларускага Мінабароны

На сайце Лагойскага райвыканкаму, напрыклад, ёсьць плякаты «Любимую не отдадим», дзе вайсковец абдымае дзяўчыну ў нацыянальным строі, «Гэта наша зямля і я яе буду абараняць», на фота малады хлопец са зброяй і бусел удалечыні.

Сацыяльная рэкляма беларускага Мінабароны
Сацыяльная рэкляма беларускага Мінабароны

Гэта адзін з прыкладаў прапаганды вайсковага ладу жыцьця і войска ўладамі Беларусі.

У дзяржаўнай тэлевізіі Беларусі рэгулярна выходзіць праграма «Па форме» — нібыта вайсковая аналітыка. Калі праграма зьявілася ў 2023 годзе, то там расказвалі ў асноўным пра службу ў беларускім войску, цяпер жа там крытыкуюць суседнія краіны і іхныя войскі з выкарыстаньнем мовы варажнечы.

Для такой прапаганды выкарыстоўваюць артыстаў. Напрыклад, летась курсанты вайсковага факультэту БДУ запісалі сумеснае відэа зь сьпеваком Аляксандрам Саладухам. Там яны разам танчаць пад песьню «Зелёный виноград».

Летась у студзені старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава прыняла ўдзел у вайскова-патрыятычным форуме для моладзі на базе брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС. На яго сабралі каля 400 маладых людзей з вайскова-патрыятычных клюбаў, клясаў, кадэцкіх вучэльняў. Пасьля падзеі Качанава заявіла, што такія форумы стануць штогадовымі і будуць праходзіць у кожнай вобласьці.

У школах Беларусі працуе больш за 330 вайскова-патрыятычных клясаў, 129 клясаў праўнай накіраванасьці пад эгідай Міністэрства ўнутраных справаў, ёсьць адмысловыя клясы «Юны пракурор».

Сёлета ў школах вучэбна-палявыя зборы для дзесяціклясьнікаў сталі абавязковымі, а з новага навучальнага году школьнікаў будуць вучыць кіраваць дронамі. Гэты навык уключаны ў праграму прадмету «дапрызыўная і мэдычная падрыхтоўка».

«Вайсковыя каштоўнасьці інтэрпрэтуюцца як норма»

На думку доктаркі навук, дасьледніцы прапаганды і мэдыяэкспэрткі Ірыны Сідорскай, усякая рэкляма, калі яе шмат, уплывае на сьвядомасьць людзей, асабліва падлеткаў і дзяцей. Пра гэта экспэртка апавядае ў размове з Свабодай.

Ірына Сідорская
Ірына Сідорская

«Дарослыя людзі ўсё ж больш ведаюць жыцьцё, да чагосьці яны ставяцца крытычна. А калі гаворка ідзе пра дзяцей, падлеткаў, яны ўспрымаюць тое, што бачаць, як натуральнае, нармальнае, у іх яшчэ не настолькі разьвіта крытычнае мысьленьне, няма жыцьцёвага досьведу. Калі дарослыя яшчэ могуць параўнаць, што было 6 гадоў таму і што цяпер робіцца, то падлеткі ня могуць. Яны думаюць, што ўсё, што прынята ў краіне, — правільна, гэта аўтарытэт дарослых людзей, аўтарытэт дзяржавы, бо з кожнага праса яны гэта чуюць», — кажа Сідорская.

Але, на думку суразмоўцы, падобнымі захадамі патрыятызм не выхоўваецца. У нармальным грамадзтве могуць папулярызавацца розныя прафэсіі, і прафэсія вайскоўца таксама, у тым ліку з дапамогаю сацыяльнае рэклямы, падкрэсьлівае Ірына.

«Ведаючы беларускі кантэкст, тое, што адбываецца ў Беларусі пасьля 2020 году, — гэта, вядома, не папулярызацыя прафэсіі вайскоўца, а менавіта мілітарызацыя грамадзтва. Мілітарызацыя — гэта ж ня тое, што больш стала вайсковай рэклямы, а тое, што вайсковыя каштоўнасьці, вобразы, спосабы мысьленьня як бы выйшлі за межы войска і дэманструюцца, інтэрпрэтуюцца як норма звычайнага цывільнага жыцьця», — канстатуе экспэртка.

1 верасьня ў школах Беларусі прайшлі «ўрокі патрыятызму»: у навучальныя ўстановы прыходзілі сілавікі і тлумачылі, што такое патрыятызм. І на падлеткаў такая прапаганда можа ўплываць, працягвае суразмоўца.

«Кадэцкія, пракурорскія клясы, вайскова-патрыятычныя клюбы — гэта ўсё стварае сыстэму, дзе людзям, а ў першую чаргу падлеткам і дзецям, дэманструецца, што вайскоўцы, сілавікі — гэта станоўчы сацыяльны ўзор, менавіта такімі патрэбна быць. Гэта найвышэйшая форма — рэалізаваць сябе такім чынам. Такая стылістыка вельмі бачная, заўважная. Падлеткі, магчыма, глыбока не разумеюць, што гэта, але адчуваюць, што гэта сацыяльны ліфт. Школьнікі разумеюць, што калі скончыш гэтую клясу — паступіш ва ўнівэрсытэт, усё ў цябе будзе добра», — мяркуе дасьледніца.

«Патрыятызм зводзіцца да выкананьня загадаў дзяржавы»

Патрыятызм — шырокае паняцьце, працягвае Ірына Сідорская. На яе думку, гэта адказнасьць за сваю краіну, праца, удзел у жыцьці краіны, захаваньне яе культуры і мовы, клопат пра людзей, якія жывуць у гэтай краіне. Аднак аспэкты дзяржаўнай беларускай прапаганды зусім іншыя.

«Патрыятызм — гэта толькі калі ты вайсковец і калі ты „абараняеш“ сваю краіну. А дзяржава можа разумець „абарону“ вельмі спэцыфічна, выгадна для сябе: калі ў цябе ў руках гэтая зброя і ты гатовы выконваць захады, якія дзяржава табе дае, — толькі тады ты сапраўдны патрыёт. Я бачу, што ўвесь патрыятызм зводзіцца да выкананьня загадаў дзяржавы, да таго, каб быць зручным элемэнтам дзяржавы і ня мець самастойнага ўяўленьня пра добрае і злое, правільнае і няправільнае. А ўсё астатняе нібыта не патрыятызм», — выказвае сваю пазыцыю дасьледніца.

А рэкляму службы ў войску на білбордах экспэртка лічыць састарэлай мадэльлю «маскуліннасьці», якая не адпавядае сёньняшняму дню.

«Як быццам быць мужчынам — гэта азначае абавязкова насіць вайсковую форму і мець зброю ў руках. Я ўжо ня буду засяроджваць увагу на тым, што гэты абаронца вельмі лёгка можа стаць нападнікам» — разважае Ірына Сідорская.

На думку дасьледніцы, задачы і вонкавай сацыяльнай рэклямы, і росту колькасьці спэцыялізаваных вайсковых і міліцэйскіх клясаў, і пастаянных візытаў у школы сілавікоў — ня ў тым, каб як мага больш юнакоў налета падалі дакумэнты ў вайсковыя вучэльні, абраўшы прафэсію абаронцы краіны. Яны для таго, каб паказаць, якія прафэсіі ў герархіі дзяржавы найбольш прэстыжныя для ўладаў.

«Галоўная задача, мне здаецца, у рыхтаваньні грамадзтва да таго, што вайсковыя, сілавыя ролі прымаюцца ня проста як натуральныя, створаныя для абароны гэтага грамадзтва, а як маральна правільныя і прэстыжныя. Дзяржава будуе спэцыфічную герархію прафэсіяў, якую ўзначальваюць вайскоўцы, сілавікі. І гэта дэманструюць дзецям і падлеткам», — перакананая Ірына Сідорская.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG