— Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію расейскаму прапагандысцкаму каналу Russia Today, які вяшчае на замежжа. Інтэрвіюерам выступіў амэрыканскі журналіст Рык Санчэс, які цяпер працуе на Расею. Лукашэнка ў інтэрвію казаў у тым ліку пра рэформу кіраваньня дзяржавай. Чарговым разам ён заявіў, што не чапляецца за ўладу. Складана падлічыць, колькі разоў Аляксандар Лукашэнка казаў, што не чапляецца за ўладу, тады як усё ягоныя дзеяньні сьведчаць абсалютна пра адваротнае. Навошта яму гэта? Каго ён хоча пераканаць?
— На маю думку, усё гэтае інтэрвію — ад пачатку да канца прапагандысцкі прадукт. Гэта прапаганда ў чыстым выглядзе. І чалавек, які браў інтэрвію, Рык Санчэс, паводле якасьці пытаньняў, наўрад ці выглядае як незалежны журналіст. З другога боку, Лукашэнка ў гэтым інтэрвію проста малюе карціну сьвету для аўдыторыі Russia Today. Ён тлумачыць гледачам, як, на яго думку, павінен быць уладкаваны сьвет. І ня больш за тое. Гэтае інтэрвію нічога не гаворыць ні пра ягоныя сапраўдныя пляны, ні пра сапраўдныя думкі. Гэта набор маніпуляцыяў, спэкуляцыяў і прапагандысцкіх пасылаў.
— Аляксандар Лукашэнка разважаў пра тое, што трэба «правесьці рэформу кіраваньня дзяржавай, выкарыстоўваючы досьвед старога». Ігар Лянкевіч з reform.news мяркуе, што Лукашэнка думае пра стварэньне структуры, падобнай да Корпусу вартавых Іранскай рэвалюцыі. Пасьля нападу ЗША і Ізраілю, іранскі рэжым выстаяў, у вялікай ступені дзякуючы Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, створанай для абароны ісламскай рэвалюцыі і яе спадчыны. Ці магчымы беларускі корпус вартавых спадчыны Лукашэнкі?
— Што да развагаў пра «рэформу кіраваньня дзяржавай» і магчымасьць стварэньня структуры, падобнай да Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі ў Іране, то я лічу гэта нерэалістычным. Гістарычны кантэкст і палітычныя абставіны ў Беларусі і Іране абсалютна розныя. Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі — гэта рэвалюцыйныя добраахвотніцкія атрады, створаныя падчас самой іранскай рэвалюцыі ў 1978–1979 гадах. Яны сталі апорай ісламісцкага рэжыму ў Іране і часткай вельмі спэцыфічнай палітычнай сыстэмы, уласьцівай менавіта ісламскай дзяржаве. Таму праводзіць прамыя аналёгіі зь Беларусьсю няма падстаў.
— Паводле аналітыка Свабоды Валера Карбалевіча, «Лукашэнка лічыць, што прыйшоў час, калі можна нават не імітаваць заходнія падыходы да дэмакратыі. І згаданае інтэрвію стала добрай падставай для публічнай прэзэнтацыі на замежжа сваіх ідэяў і дыскрэдытацыі заходніх уяўленьняў пра дэмакратычныя нормы». Ці сапраўды цяпер у сьвеце такі спрыяльны час для такіх аўтарытарных кіраўнікоў як Аляксандар Лукашэнка?
— Што да меркаваньня, што цяпер у сьвеце настаў спрыяльны час для аўтарытарных кіраўнікоў, то часткова з гэтым можна пагадзіцца. Рост аўтарытарызму ў сьвеце сапраўды відавочны. Дэмакратыя і дэмакратычныя каштоўнасьці перажываюць пэўны ціск. Але вельмі часта жаданае выдаецца за сапраўднае. Калі мы кажам, што аўтарытарызм цяпер перамагае і становіцца папулярным, то гэта хутчэй сьведчыць пра стрэсавы стан грамадзтваў у розных краінах.
Сёньняшні сьвет жыве ва ўмовах вельмі хуткіх тэхналягічных і сацыяльных зьменаў. Людзі сутыкаюцца зь няпэўнасьцю, страхам перад будучыняй, адсутнасьцю ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні. І гэта характэрна ня толькі для беларусаў ці расейцаў — гэта характэрна практычна для ўсіх. Менавіта гэтым карыстаюцца папулісты. Яны эксплюатуюць страх і няпэўнасьць, прыходзяць да ўлады і прапануюць ідэю «моцнай рукі». У пэўны момант такая мадэль сапраўды можа стаць папулярнай і прывесьці адпаведныя палітычныя сілы да ўлады.
Але гэта, хутчэй, часовы эфэкт. Каб казаць пра доўгатэрміновую тэндэнцыю, яшчэ прайшло занадта мала часу. Безумоўна, падзеі ў сьвеце, у тым ліку тое, што адбываецца ў Злучаных Штатах, могуць падштурхоўваць да такіх высноваў. Але, на маю думку, рана пагаджацца з Лукашэнкам. Ён проста карыстаецца момантам, каб заявіць: маўляў, ён меў рацыю, а ягоная мадэль кіраваньня і дыктатура — гэта нібыта нармальны шлях палітычнага разьвіцьця. Хаця насамрэч усё якраз наадварот.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум