Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка настальгуе па КПСС, але праігнараваў зьезд «партыі ўлады» «Белая Русь»

Зьезд партыі «Белая Русь». Фота: БелТА
Зьезд партыі «Белая Русь». Фота: БелТА

Сьцісла

  • Лукашэнка настальгуе па разбуранай савецкай сыстэмы з кіроўнай роляй КПСС.
  • Былі чаканьні, што IV зьезд партыі «Белая Русь» можа стаць кропкай адліку рэформы палітычнай сыстэмы Беларусі.
  • «Партыя ўлады» ня ўпісваецца ў беларускую палітычную сыстэму.

Развагі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, як захаваць сваю палітычную спадчыну пасьля сыходу, прывялі да высновы аб неабходнасьці рэформы кіраваньня дзяржавай, вяртаньня да савецкай сыстэмы з выключнай роляй адной партыі.

У гэтым сьвятле пэўную інтрыгу выклікаў пазачарговы IV зьезд праўладнай партыі «Белая Русь», які прайшоў 25 красавіка ў Менску.

Развагі пра рэформу дзяржаўнага кіраваньня

IV з’езд партыі «Белая Русь» меў усе падставы стаць шараговай і малазаўважнай падзеяй у грамадзкім жыцьці Беларусі. Палітычную сыстэму краіны можна ацаніць як непартыйную. У тым сэнсе, што партыі не адыгрываюць значнай ролі ў грамадзкім жыцьці краіны, існуюць хутчэй намінальна.

Але цікавасьць да гэтага зьезду выклікалі заявы Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі напярэдадні. Так, 14 красавіка падчас наведваньня Краснапольскага раёну ён з настальгіяй згадаў старую савецкую мабілізацыйную сыстэму, якую, маўляў, сьвядома разбурылі заходнікі: «Райкам партыі, райвыканкам. <...> Ну а можа быць, вернемся ў нейкай ступені да той сыстэмы. Эфэктыўная была сыстэма, і патрабавальнасьць была, як сьлед патрабавалі».

Празь некалькі дзён у інтэрвію расейскаму тэлеканалу RT Лукашэнка вярнуўся да гэтай тэмы. Ён нагадаў, як яшчэ за Савецкім Саюзам «добразычліўцы» з Захаду падбухторвалі да барацьбы з кіроўнай роляй камуністычнай партыі, замацаванай у Канстытуцыі. А потым, пасьля распаду СССР, яны ж вельмі шмат раілі, падказвалі, як далей будаваць жыцьцё. Лукашэнка даводзіў: «А, як сёньня аказалася, усё гэта была хлусьня, заходняя хлусьня. Заходнікі нам рэкамэндавалі перш за ўсё шматпартыйнасьць, плюралізм меркаваньняў і іншае, іншае, іншае. Яны нам рэкамэндавалі, а мы гэтага прытрымліваліся».

То бок разбурэньне савецкай сыстэмы з выключнай роляй КПСС было ня проста памылкай і вераломнай змоваю Захаду. І якія высновы робіць Лукашэнка? Падчас наведваньня Краснапольскага раёну ён казаў: «Нам трэба сыстэму кіраваньня мяняць і рабіць яе сапраўднай». Праз тры дні ў інтэрвію RT ён разьвіў сваю думку: «Я пра гэта шмат думаю і ўжо зь некаторымі спэцыялістамі параіўся, як жыць далей. Забягаючы наперад, скажу, што нам трэба сур’ёзна падумаць над кіраваньнем краінай. Можа, нават правесьці рэформу кіраваньня дзяржавай, выкарыстоўваючы досьвед старога, супраць чаго нам раілі заходнікі змагацца».

Увага да партыі «Белая Русь»

Такім чынам можна было зрабіць выснову, што Лукашэнка марыць вярнуць аднапартыйную палітычную мадэль з кіроўнай роляй адной партыі. А якая арганізацыя можа прэтэндаваць на такі статус? У сёньняшніх беларускіх умовах толькі «Белая Русь», якая ад самага пачатку стваралася як «партыя ўлады».

Хоць рэглямэнт дзейнасьці парлямэнту не прадугледжвае існаваньня партыйных фракцый, тым ня менш, афіцыйна аб’яўлялася, што з 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 51 зьяўляюцца чальцамі «Белай Русі» (46%). Яшчэ тры партыі маюць ад 8 да 4 дэпутацкіх мандатаў. Колькі сяброў «Белай Русі» у верхняй палаце — Савеце Рэспублікі — невядома, хоць «Вікіпэдыя» дае лічбу 46 (з 64 поўнага складу палаты). Аднак спраўдзіць гэта цяжка, бо на афіцыйным сайце Савету Рэспублікі ў біяграфіях яго чальцоў партыйная прыналежнасьць ня ўказваецца.

IV зьезд партыі «Белая Русь» адбыўся літаральна праз тыдзень пасьля гэтых развагаў Лукашэнкі аб эфэктыўнасьці аднапартыйнай сыстэмы. Яго назвалі пазачарговым, што дадавала інтрыгі.

Лукашэнка дэманстратыўна праігнараваў зьезд

Аднак чаканьні ня спраўдзіліся. Зьезд стаў шараговай падзеяй, фармальна-бюракратычным мерапрыемствам. Дэлегаты прынялі зьмены ў праграму і статут партыі. Увогуле рашэньні зьезду ня выйшлі за межы ўнутрыпартыйных праблем. Піяр у дзяржаўных мэдыях вакол гэтай падзеі аказаўся даволі сьціплым.

І самае галоўнае, на зьезд нібыта «партыі ўлады» не прыйшоў сам Лукашэнка. Ён заняты паездкай па Гомельскай вобласьці.

Больш за тое, Лукашэнка нават не даслаў свайго прывітаньня зьезду. Пры тым, што ён віншуе нават ня вельмі вялікія працоўныя калектывы, прафэсійныя супольнасьці. А тут ідзецца пра партыю, якая налічвае 84 тысячы чальцоў. Яна кантралюе абедзьве палаты парлямэнту. Дзяржаўныя мэдыя паведамілі, што ў зьезьдзе бяруць удзел службовыя асобы краіны, чальцы Савету Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, дзяржаўныя і грамадзкія дзеячы. Выступіў з прамоваю першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў. На адрас зьезду паступілі прывітальныя адрасы ад 13 замежных палітычных партый.

А Лукашэнка праігнараваў, нібыта не заўважыў падзею. Здаецца гэты ігнор носіць дэманстратыўны характар. Ён сьвядома і паказальна дыстанцуецца ад партый, у тым ліку, і ад «Белай Русі».

Правадыру не патрэбная «партыя ўлады»

Чаму ня спраўдзіліся здагадкі пра магчымае падвышэньне статусу «Белай Русі», які мог зацьвердзіць гэты зьезд? Бо «партыя ўлады» ня ўпісваецца ў беларускую палітычную сыстэму. У Беларусі зацьвердзілася патрыярхальная мадэль, якая складаецца па вялікім рахунку з двух субʼектаў: правадыр і народ. «Бацька нацыі» апэлюе непасрэдна да народу і атрымлівае ад яго санкцыю на вечнае панаваньне без усялякіх пасярэднікаў у выглядзе парлямэнту, партый, прафсаюзаў і іншых элемэнтаў палітычнай сыстэмы. Фармальна, вядома, яны ёсьць, але іх значэньне набліжаецца да нуля.

У такой мадэлі рутынную функцыю «партыі ўлады» эфэктыўна выконвае кіроўная вэртыкаль. І нейкая фармалізаваная кіроўная партыя ня толькі не патрэбная, а нават шкодная. Бо зводзіць вобраз народнага правадыра да лідэра хай і вельмі масавай, але ўсяго толькі адной партыі — звужае сацыяльную базу.

Да таго ж узьнікала адна важная дылема. Калі рэйтынг самога Лукашэнкі значна вышэйшы за рэйтынг «партыі ўлады» (гэта якраз расейская сытуацыя, дзе рэйтынг Пуціна значна перавышае рэйтынг праўладнай партыі «Адзіная Расея»), то навошта яму патрэбная такая слабая падпорка. А калі раптам здарыцца адваротная сытуацыя, і рэйтынг партыі «Белая Русь» раптам акажацца вышэйшы за лукашэнкавы, то зноў жа: навошта яму канкурэнт на ягоным палітычным полі? Лукашэнка асьцерагаецца зьяўленьня новага цэнтру сілы ў выглядзе кіраўніцтва партыі.

Ці можа партыя быць захавальнікам створанай Лукашэнкам сыстэмы?

Тады што азначаюць гэтыя высновы Лукашэнкі пра неабходнасьць «рэформы кіраваньня дзяржавай, выкарыстоўваючы досьвед старога» савецкага ладу? Падаецца, яны адлюстроўваюць ягоныя пакутлівыя развагі пра тое, як захаваць сваю палітычную спадчыну пасьля ўласнага сыходу. Бо ён сам можа захавацца ў пазытыўным гістарычным вобразе толькі ва ўмовах той сыстэмы, якую стварыў. Падчас цяперашняй паездкі па Гомельскай вобласьці Лукашэнка падкрэсьліваў, што вось, маўляў, мы хутка сыдзем, таму мусім стварыць краіну, якую можна будзе без засьцярогаў перадаць наступным пакаленьням.

То бок «партыя ўлады» не патрэбная, пакуль сам Лукашэнка знаходзіцца на чале дзяржавы. А хто будзе захавальнікам створанай ім сыстэмы, палітычнай спадчыны пасьля ягонага сыходу? Усебеларускі народны сход Лукашэнка сам у яго, падаецца, ня верыць, шукае яму прымяненьня. Партыя?

Таму Лукашэнка прымяраецца да былога савецкага досьведу. У СССР генэральныя сакратары кампартыі паміралі, а сыстэма захоўвалася. Таксама ён прыглядаецца да кітайскага вопыту. Магчыма, у гэтым ракурсе варта разглядаць і ягоны нядаўні візыт у Паўночную Карэю.

Аднак, гледзячы па ўсім, пакуль Лукашэнка не знайшоў прымальнага рашэньня. Калі разглядаць савецкі досьвед, то кампартыя прайшла праз жорсткія выпрабаваньні пакуль існавала ў статусе, які Іосіф Сталін назваў «ордэнам мечаносцаў», то бок як сэкта ідэалягічных фанатыкаў. А ў часы позьняга СССР ідэалягічная машына ўжо працавала ўхаластую, КПСС ператварылася ў бюракратычную структуру, верхні паверх дзяржаўнай улады. Таму ня вытрымала выпрабаваньне гарбачоўскай перабудовай. І Захад тут не пры чым. І калі здарыўся крызіс, то КПСС ня здолела абараніць ні саму сябе, ні створаную ёй сыстэму.

Выпрабаваньне крызісам

Дык нешта падобнае адбылося і ў Беларусі ў крытычныя дні 2020 году. Калі на вуліцы выйшлі сотні тысяч абураных грамадзян, «Белая Русь» (тады яшчэ ў выглядзе грамадзкай арганізацыі), як і іншыя праўладныя інстытуцыі, кшталту ФПБ ці БРСМ, проста зьніклі з палітычнага экрану, іх не было бачна і чутна. Высьветлілася, што яны ніякае не апірышча рэжыму, а проста нахлебнікі дзяржаўнага бюджэту. Лукашэнка некалькі разоў выказваў сваё незадавальненьне, расчараваньне тым, як паводзілі сябе гэтыя арганізацыі падчас масавых пратэстаў. Толькі гвалт сілавікоў выратаваў уладу.

А вось у Іране палітычная сыстэма прайшла выпрабаваньне крызісам, вайной, і захавалася, хоць іранскае кіраўніцтва было зьнішчана падчас атакі Ізраілю і ЗША. Бо існуе ідэалягічны падмурак у выглядзе шыіцкай вэрсіі ісламу і Вартавых ісламскай рэвалюцыі. Але як перанесьці іранскі досьвед у Беларусь, калі тут няма ўцямнай дзяржаўнай ідэалёгіі? Бо пець дыфірамбы Лукашэнку ды лаяць Захад і апазыцыю — гэта не ідэалёгія.

Падобна, уладар Беларусі імкнецца вырашыць невырашальную задачу: захаваць лукашызм без Лукашэнкі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG