Яны возьмуць удзел у сустрэчы так званай «Кааліцыі ахвочых», якая перадае Ўкраіне вайсковую дапамогу для абароны ад расейскай агрэсіі.
Зяленскі: трэба садзіць расейцаў за стол перамоваў
Раніцай прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі павіншаваў украінцаў з Днём Незалежнасьці. Ён падзякаваў украінцам за адстойваньне і абарону краіны, дапамогу вайскоўцам і за працу на карысьць Украіны.
«Я ўдзячны вам за ўпэўненасьць ва Ўкраіне, у нашым войску і ў нашай дзяржаве. Моц такой веры — значны здабытак гэтага часу. Не сумнявацца ва Ўкраіне не тады, калі гэта лёгка або ў трэндзе, а таму, што інакш ня можа быць. Я вельмі хачу, каб мы зьбераглі гэта», — сказаў Зяленскі.
Украінскі прэзыдэнт заклікаў міжнародных партнэраў дапамагчы змусіць Расею да перамоваў.
«Мы мусім быць адзінымі і даціснуць іх. Украіна, Эўропа, Амэрыка, сьвет. Я рады, што ў Штатаў зьніклі ўсе ілюзіі наконт таго, ці сапраўды Расея хоча заканчваць гэтую вайну. Я веру, што ў Амэрыкі зьнікнуць усе супярэчнасьці й фобіі наконт Расеі. Трэба садзіць „рускіх“ за стол перамоваў. Трэба нарэшце санкцыі, пасьля якіх яны завыюць. Трэба даць Украіне ўсё, што прымусіць іх закончыць вайну. І гэта магчыма», — перакананы Ўладзімір Зяленскі.
Як павіншаваў Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка традыцыйна з 2021 году віншуе з Днём Незалежнасьці толькі ўкраінскі народ, а кіраўніцтва Ўкраіны ня згадвае.
Як паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі, у віншаваньні адзначаецца, што «будучыя пакаленьні беларусаў і ўкраінцаў захаваюць адвечныя сяброўскія і роднасныя сувязі, а Менск і Кіеў адновяць узаемавыгаднае супрацоўніцтва на прынцыпах даверу, павагі і раўнапраўя».
«Гістарычныя лёсы беларускага і ўкраінскага народу цесна пераплеценыя. Нашыя нацыі зьвязваюць векавыя традыцыі, памяць пра агульныя перамогі і цяжкія выпрабаваньні», — сказана ў Лукашэнкавым віншаваньні.
Амаль празь пяць гадоў пасьля таго, як Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, ён зычыць украінцам «здароўя і працьвітаньня, а іхнай краіне — міру і шчасьця».
Ціханоўская — украінцам: вы ўсяму сьвету паказваеце, што такое мужнасьць
Сьвятлана Ціханоўская, віншуючы Ўкраіну з Днём Незалежнасьці, адзначыла, што ўкраінцы плацяць за сувэрэнітэт сваёй краіны вялікую цану.
«Сваім прыкладам вы паказваеце ўсяму сьвету, што такое мужнасьць. І даяце надзею іншым народам, якія таксама змагаюцца за свабоду. Тры месяцы таму я была ў Кіеве і бачыла вашу сілу на свае вочы. Краіна ваюе — і жыве. Працуе. Вучыцца. Будуе. Плянуе будучыню. І я хачу, каб вы ведалі: беларусы — на вашым баку», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Яна нагадала, што на баку Ўкраіны змагаюцца беларускія добраахвотнікі, а партызаны ў Беларусі спынялі расейскія вайсковыя эшалёны.
«Валянтэры ратуюць жыцьці, зьбіраюць машыны, дроны і мэдычную дапамогу. Беларуская дыяспара дапамагае Ўкраіне па ўсім сьвеце. Журналісты і актывісты выкрываюць расейскую прапаганду і злачынствы рэжыму. А ў беларускіх турмах дагэтуль сядзяць людзі за салідарнасьць з Украінай і супраціў расейскай агрэсіі. Гэта — сапраўдная Беларусь», — падкрэсьліла Сьвятлана Ціханоўская.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум