Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўднёвакарэйскі K-pop, расейскі інтэрнэт-рэп і Макс Корж: Што зараз слухаюць у Беларусі (+10 вартых увагі беларускіх праектаў)

Канцэрт Макса Каржа ў Варшаве 9 жніўня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Канцэрт Макса Каржа ў Варшаве 9 жніўня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Якіх артыстаў слухаюць у Беларусі згодна з папулярнымі музычнымі сэрвісамі, у якой стылістыцы яны граюць і ці ўплываюць на Беларусь агульнасусьветныя тэндэнцыі ў музыцы. А таксама бонус — што новага, створанага беларусамі варта паслухаць.

На Spotify — сьпевакі з Паўднёвай Карэі і расейскі рэп

Заходні стрымінгавы аўдыя і мэдыя сэрвіс Spotify раз на тыдзень выкладае падборку самых папулярных трэкаў у залежнасьці ад рэгіёну. Ён пакуль працуе ў Беларусі. У апошняй падборцы, датаванай 14 жніўня, у ТОПе як паўднёвакарэйскія музыкі, якія граюць у стылі K-pop, так і расейскія рэпэры і беларускія выканаўцы.

Вось як выгляде ТОП-5:

1. Jimin з трэкам «WHO». Гэта паўднёвакарэйскі выканаўца, сапраўднае імя Пак ЧыМін. Ва ўсім сьвеце гэты музыка вядомы як адзін з танцораў і вакалістаў знакамітага K-pop гурта BTS. K-pop (Korean pop) — гэта гібрыдны стыль, які заснавалі ў Паўлнёвай Карэі, сумесь поп-музыкі, хіп-хопа, R&B, рока, тэхна і складанай харэаграфіі. У адной песьні могуць суіснаваць і рэп-партыя, і опэрны вакал. Асноўная аўдыторыя — падлеткі і моладзь 12-24 гадоў.

2. VILLIAN & madk1d — «Династия». Гэта два маладыя расейскія рэпэры, прадстаўнікі плыні інтэрнэт-рэпа, ці cloud rap, бо музыка прасоўваецца выключна ў інтэрнэце мінаючы такія традыцыйныя пляцоўкі як радыё. Па стылістыцы гэта мрачны, бунтарскі стыль. Пры гэтым madk1d (сапраўднае імя Марк Серков), актыўна агучвае сваю прарасейскую пазыцыю, а ў некаторых сваіх песьнях на прамую кранае тэму вайны. VILLIAN (Андрэй Зялінскі) на гэтую тэму не выказваецца.

3. Ізноў паўднёвакарэйскі выканаўца Jimin з трэкам «Be Mine».

4. lightprey — «Целоваться». Гэта малады расейскі выканаўца Руслан Аўдошчанка, хлопцу толькі 18 гадоў. Ягоны праект па стылістыцы нешта сярэдняе паміж інтэрнэт-рэпам і альтэрнатыўнай поп-музыкай. Першапачаткова гэтая песьня завірусілася ў TikTok, а пасьля стала далей набіраць папулярнасьць. Публічна пра вайну хлопец не выказваўся.

5. Toxi$ & Дора з трэкам «Знак». Toxi$ (Андрэй Смелянскі), малады прадстаўнік trap/hip-hop-сцэны, выступае ў Расеі і мае спэцыфічны высокі вакал. Пра вайну публічна не выказваецца, хаця адразу пасьля пачатку ўварваньня публікаваў у сацыяльных сетках пост за мір. Пазьней вярнуўся да звыкалага кантэнту.

Дора (Дар’я Шыханава) — расейская выканаўца, якая вызначае свой стыль як cute rock: сумесь попа, поп-панка, рока і эмо-эстэтыкі. Дар’я у 2022 годзе публічна асудзіла вайну, з-за чаго трапіла ў пазагалосныя «чорныя сьпісы» і сутыкнулася з праблемамі з правядзеньнем канцэртаў. Працягвае выступаць у Расеі.

У больш шырокай выбарцы таксама паўднёвакарэйскія выканаўцы V & Park Hyo Shin, украінскі гурт «Пошлая Молли» (поп-панк), расейскі выканаўца Ягор Крыд і беларускі сьпявак Макс Корж са старым трэкам «Жить в кайф». Агулам у ТОП-50 за тыдзень трапілі 3 ягоныя трэкі і гэта адзіны беларускі выканаўца ў падборцы.

На Яндэксе — толькі расейская сцэна

Расейскі сэрвіс музыкі «Яндэкс Плюс» не публікуе тыднёвых падборак, аднак на 7-годзьдзе сэрвісу яны апублікавалі сьпіс з 10 самых праслухоўваемых трэкаў за гэты час. У падборцы няма нікога з беларускіх ці заходніх выканаўцаў, толькі расейская сцэна.

ТОП-5 у гэтым сьпісе выглядае так:

1. «Пожары» — XOLIDAYBOY. Сапраўднае імя выканаўца Іван Мінаеў, адзін з самых камэрцыйна пасьпяховых расейскіх артыстаў, які працуе ў стылі поп-рок і сінці-поп. Артыст нарадзіўся ў Севастопалі і стаў папулярным дзякуючы ТікТок. Сьпярша ён не камэнтаваў вайну, аднак пасьля хвалі крытыкі за гэта публічна падтрымаў расейскія ўлады.

2. «Поезда» — Жэня Трафімаў. Гэты выканаўца грае ў стылі індзі-рок і поп-рок з настальгічнымі матывамі. Пра вайну публічна не выказваецца.

Макс Корж адзіны беларускі выканаўца, які трапіў у "беларускія" падборкі ад папулярных стрымінгаў
Макс Корж адзіны беларускі выканаўца, які трапіў у "беларускія" падборкі ад папулярных стрымінгаў

3. «По барам» — ANNA ASTI. Папулярная сьпявачка, сапраўднае імя Ганна Дзюба, родам з Украіны, засьпела пачатак вайны ў Кіеве, але цяпер прытрымліваецца палітыкі маўчаньня, выступаючы на расейскай сцэне, атрымала расейскае грамадзянства. Па стылістыцы гэта сучасны поп.

4. «Шелк» — Ваня Дзьмітрыенка. Гэта расейскі сьпявак, які працуе ў жанрах поп і індзі, здолеў сабраць «Лужнікі». Публічна пра вайну ён не кажа, але актыўна ўдзельнічае ў прадзяржаўных праектах і не мае праблем з уладамі.

5. «Царица» — ANNA ASTI

Таксама ў падборку ўвайшоў стары хіт гурта «Король и Шут» — «Кукла Колдуна», трэк Джигана — «Худи», Jakone — «Асфальт», Жэня Трафімаў — «Самалёты» і White Noise — «Rain and Thunder». Апошняе — гэта не выканаўца, а запіс гукаў прыроды для засыпаньня.

Музычны сэрвіс ад Яндекса займаецца прасоўваньнем расейскіх артыстаў, беларускія артысты на гэтым сэрвісе ці то слаба прадстаўленыя, ці то не прадстаўленыя наогул.

«Сусьветныя трэнды закранулі і Беларусь»

Пра самыя папулярныя трэкі мы пагаварылі на ўмовах ананімнасьці з арганізатаркай музычных квізаў, якая сочыць за музычнай сцэнай, як у Беларусі, так і сьвеце. Паводле яе, трэнд на карэйскую музыку — міжнародны і Беларусь тут не стала выключэньнем.

K-pop гурт NCT Dream, адзін з самых папулярных у сьвеце
K-pop гурт NCT Dream, адзін з самых папулярных у сьвеце

«Манію на карэйскую культуру зараз параўноўваюць з бітламаніяй. Бо гэта не толькі музыка, гэта яшчэ і зьнешні выгляд, фільмы. Самыя яркія прадстаўнікі гэта якраз BTS, Jimin — адзін з удзельнікаў гэтага гурта. Гэта вельмі чаканая тэндэнцыя. Макс Корж, ну таксама папулярны ва ўзроставай катэгорыі 20+, для іх ён сымбаль пакаленьня. „Пошлая Молли“ — гэта супер-трэндавы гурт для людзей, якім зараз каля 30», — кажа суразмоўца.

Аднак яна адзначае, што абмежаваны доступ да канцэртаў у Беларусі ўплывае ў тым ліку і на густы.

«Калі я іду на нейкі фэстываль, я да яго рыхтуюся, слухаю артыстаў, якія там будуць. Пасьля яны трапляюць у маі рэкамэндацыі на Spotify, нешта падобнае ён мне падкідвае. Адпаведна, вакол таго, куды я хаджу фармуюцца мае рэкамэндацыі і мой густ агулам. Калі ў Беларусь цяпер прывозяць розную туфту, то людзі могуць рыхтавацца да іх таксама і гэта ўплывае на іх густ. Аднак, людзі слухаюць і добрую музыку, інтэрнэт ніхто не адмяняў», — гаворыць суразмоўца.

Разам з ёй складаем рознажанравы плэй-ліст з беларускіх выканаўцаў, актуальных для гэтага лета.

Irdorath — фольк-гурт, які зьвяртаецца да тэмаў міталёгіі, каранёў і гісторыі. Сёлета ў красавіку выйшаў іх новы альбом Bestiarium.

Irdorath на Калядным фэсьце ў Менску. Архіўнае фота
Irdorath на Калядным фэсьце ў Менску. Архіўнае фота

Dymna Lotva — Мэтал-гурт, іх альбом Vyraj часопіс Metal Hammer прызнаў адным з лепшых мэтал-альбомаў году.

Nochyіндзі-поп гурт з элемэнтамі фолька і электронікі. У траўні выйшаў альбом «Надоўга», які стаў першым паўнафарматным у творчасьці гурта.

Анастасія Рыдлеўская мультыдысцыплінарная артыстка: мастачка, сьпявачка і кампазытарка, якая працуе на сумесі этна-попа, індзі-рока і змрочнай электронікі. У сваёй творчасьці артыстка зьвяртаецца да тэмаў з беларускага фальклёру і мітаў.

Rel!kt — Беларускі фольк-гурт, сумесь року, прагрэсіва і з аўтэнтычным беларускім фальклёрам. Новы альбом гурта «Ramantyzm» выйшаў сёлета ў лютым.

Гурт Relikt
Гурт Relikt

Сьвета Бень — знакамітая вакалстка гурта «Серебряная свадьба», працуе ў стылі індзі-поп з элемэнтамі размоўнага тэатру. 14 жніўня выйшаў новы альбом «Карова белая».

Iva Sativa этна-хіп-хоп артыстка, сумяшчае аўтэнтычныя матывы з брэйкбітам, попам і Drum & Bass. Сапраўднае імя Яна Смаляга. Улетку мінулага году выйшаў паўнавартасны альбом «Залатыя хіты».

Pazniax малады рэпер з Гародні, які сьпярша пачаў набіраць папулярнасьць у ТІкТок, а пасьля на стрымінгавых сэрвісах. Выглядае ён як студэнт-выдатнік, але вастрыт у трэках як зорка стэндапу, гэта і падабаецца слухачам. Сёлета выйшаў альбом выканаўцы «Хороший день».

Rap&Vogueаўдыёвізуальны поп-арт праект, які працуе на стыку электроннай музыкі, тэатральнага кабарэ і іранічнага абсурда. У 2024 годзе выйшаў іх сінл «berlin i draniki», а ў 2021 дэбютны альбом.

«Борисовский тракт» малады менскі індзі-рок гурт, адно з заўважных адкрыцьцяў на беларускай сцэне апошняга часу. Першапачаткова гралі гаражны пост-панк, але пасьля зьмянілі стыл на больш мэлядычны і лямпавы. У мінулым годзе выпусьцілі міні-альбом «В поисках сюжета».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG