Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зноў правялі абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, беларусаў сярод іх не было

абноўлена
Украінскія палонныя, якіх Расея вызваліла 26 чэрвеня 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
Украінскія палонныя, якіх Расея вызваліла 26 чэрвеня 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Афіцыйныя крыніцы Расеі і Ўкраіны паведамілі аб парытэтным абмене ваеннапалоннымі.

Як вынікае з афіцыйнага паведамленьня Міністэрства абароны Расеі, цяпер 103 расейскія вайскоўцы, якіх перадала Ўкраіна, знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, дзе зь імі працуе расейская Яна Лантратава. Пасьля атрыманьня псыхалягічнай і мэдычнай дапамогі іх адправяць на рэабілітацыю ў Расею.

Ва ўкраінскім дзяржаўным праекце «Хачу знайсьці», які задзейнічаны ў працэсах абмену палоннымі, пацьвердзілі, што і Расея перадала 103 украінскіх вайскоўцаў. Сярод палонных абодвух бакоў грамадзян Беларусі не было.

«У цяперашні абмен трапілі вайскоўцы Расеі ва ўзросьце ад 35 да 44 гадоў — 73 чалавекі. Таксама сярод перададзеных (Расеі) 50 чалавек былі асуджаныя або знаходзіліся пад сьледзтвам», — сказаў Свабодзе прадстаўнік праекту «Хачу знайсьці» Аляксандар Семянцоў.

Паводле яго, як і ў мінулыя разы, Расея пераважна запытала на абмен тых, хто нядоўга знаходзіўся ў палоне — 67 чалавек былі ва ўкраінскім палоне менш за год, у тым ліку 10 — ня больш за тры месяцы.

Пасярэднікам гэтага абмену сталі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Што вядома пра палонных беларусаў

Сёлета ў ліпені ў Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны назвалі колькасьць грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі і трапілі ва ўкраінскі палон.

«На ліпень 2026 году ў месцах утрыманьня ваеннапалонных ва Ўкраіне знаходзяцца 22 грамадзяніна Беларусі. Пачынаючы з 2022 году, сямёх беларусаў, якія мелі таксама і расейскае грамадзянства, абмянялі на грамадзян Украіны, якія знаходзіліся ў расейскім палоне», — паведаміў кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу Багдан Ахрыменка ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды.

Пакуль што вядомыя імёны 19 з 22 палонных грамадзян Беларусі. Сама меней 7 беларусаў, якія ваявалі на баку Расеі зьніклі бязь вестак.

У расейскім палоне, імаверна, могуць быць сама меней два грамадзяніна Беларусі, якія ваявалі на баку Ўкраіны.

Чаму гэта важна

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.

За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG