Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На фронце ва Ўкраіне зьнік бязь вестак беларус, які ваяваў на баку Расеі. Яго шукае маці і чакаюць трое сыноў

Беларус, імаверна, зьнік пад Купянскам. Ілюстрацыйнае фота
Беларус, імаверна, зьнік пад Купянскам. Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Беларусі, 32-гадовы ўраджэнец Менску Вараўко Канстанцін Мікалаевіч, які ваяваў на баку Расеі супраць Украіны, зьнік бязь зьвестак праз пяць тыдняў пасьля падпісаньня кантракту зь Міністэрствам абароны Расеі.

Цяпер яго маці Натальля Вараўко выкарыстоўвае ўсе магчымасьці, каб высьветліць ягоны лёс.

У сваім відэазапісе, які распаўсюдзіў расейскі Telegram-канал «Пленные СВО», жанчына паведаміла, што яе сын Канстанцін (нарадзіўся 27 верасьня 1993 году) падпісаў кантракт ва Ўладзіміры 6 кастрычніка 2025 году. Служыў у вайсковай частцы 31135 (першая Таманская дывізія, першая танкавая армія, першы мотастралковы батальён, першая штурмавая рота, другі ўзвод). Апошні раз выходзіў на сувязь 11 лістапада 2025 году, а 13 лістапада 2025 яго прызналі зьніклым бязь вестак.

«ДНК здавала ў горадзе Смаленск, Фонд абароны Айчыны, там жа запаўняла вышуковую карту, чат-бот запаўняла. Нідзе ня знойдзены. Пісала лісты, пасылала на вайсковую частку — на імя камандзіра і начальніка вайсковай часткі, таксама заказнымі лістамі з паведамленьнямі на імя часовага выконваючага абавязкі начальніка вайскова-мэдычнага ўпраўленьня Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі, намесьніку генэральнага пракурора Расеі і начальніку Вайсковай паліцыі. Пакуль нічога няма», — сказала Натальля Вараўко.

Яна адзначыла, што вядзе пошукі свайго сына ўжо паўгоду. «Але сутыкаюся з маўчаньнем і невядомасьцю. Я прашу ва ўсіх неабыякавых, калі нехта можа дапамагчы мне, высьветліць лёс майго сына або пасадзейнічаць у эвакуацыі, адзавіцеся. Мой сын зьяўляецца шматдзетным бацькам. У яго на радзіме чакаюць тры маленькія сыны. Прашу вас: знайдзіце мне майго сына. Вярніце яго на радзіму», — дадала маці зьніклага беларуса.

Што вядома

Падразьдзел, у якім ваяваў Канстанцін Вараўко, уваходзіць у склад расейскай групоўкі «Захад». Ён ўдзельнічаў ў баях у Белгарадзкай вобласьці Расеі, калі яе частку захапілі ўкраінскія сілы, а пасьля перакінулі на харкаўскі кірунак у раён Купянску, дзе адбываліся вельмі жорсткія баі. Менавіта на гэтым кірунку ён мог ўьнікнуць бязь вестак.

Да кантракту з расейскай арміяй Канстанцін Вараўко займаўся ў Менску рамонтам аўтамабіляў. З 2018 году ён быў зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік. Аднак 19 сьнежня 2025 году яго рэгістрацыю скасавалі на зварот кантралюючых органаў. Дакладна невядома, што стала прычынай — адсутнасьць дзейнасьці ці запазычанасьці па падатках і плацяжах у бюджэт.

Хто яшчэ зь беларусаў зьнік на вайне ва Ўкраіне

Сёлета ў красавіку на тэрыторыі Ўкраіны ў раёне сяла Шандрыгалова Краматорскага раёну Данецкай вобласьці, дзе доўгі час ішлі жорсткія баі, бязь вестак зьнік 56-гадовы грамадзянін Беларусі Дзьмітры Аляксандравіч Слоцін. Яго пошукі вядзе дачка Аляксандра Багданава.

У сьнежні 2025 году стала вядома яшчэ пра аднаго беларуса, які ваяваў на баку Расеі і зьнік бязь вестак ва Ўкраіне. Лінкевіча Дзяніса Фёдаравіча праз розныя праекты аб палонных шукала ягоная маці Тацяна. Дзяніс Лінкевіч паходзіць зь Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Нарадзіўся 1 сакавіка 1999 году, апошнім часам жыў у Санкт-Пецярбургу і там падпісаў кантракт з расейскай арміяй. Маці сьцьвярджала (пра гэта яна напісала ў камэнтарах пад публікацыяй пра палоннага Юрыя Шарко), што Дзяніс пайшоў на вайну «не з свайго жаданьня», але ніякіх іншых дэталяў яна не паведаміла.

У баях пад Белагораўкай Луганскай вобласьці ў студзені–лютым 2025 году прапаў бязь вестак дваццацігадовы Раман Карпенка, які ваяваў на баку Расеі.

Раней бязь вестак прапалі грамадзяне Беларусі Яўген Ільін, Андрэй Кулага і Міхаіл Шалгун, якіх пачалі шукаць сваякі. Апошні пазьней знайшоўся ўва ўкраінскім палоне. Яшчэ адзін беларус Ігар Хасанаў, якога таксама шукалі сваякі, апынуўся з раненьнем у шпіталі ў акупаванай частцы Луганскай вобласьці.

Колькі дакладна грамадзян Беларусі ваявалі на баку Расеі і зьніклі бязь вестак, невядома.

Трапілі ўва ўкраінскі палон або здаліся добраахотна сама меней 17 грамадзян Беларусі, якія ваявалі на падставе кантракту з расейскім войскам.

  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG