Арганізацыя BelPol пацьвердзіла імя яшчэ аднаго палоненага ва Ўкраіне беларуса. Ён заключыў кантракт з расейскай арміяй у турме, дзе ён адбываў пакараньне за забойства.
Грамадзянін Беларусі Сяргей Г. кажа, што падпісаў кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі ў сьнежні 2025 году.
«Спачатку цябе сьледчы нейкі спрабуе (угаварыць) падпісаць кантракт, потым далей у турме, потым на зоне тым ці іншым спосабам ствараюць умовы, каб ты яго падпісаў. То бок і тэрміны даюць большыя, і ўмовы больш жорсткія. Ну такія маніпуляцыі, старыя схемы», — сказаў Сяргей Г. у інтэрвію BelPol.
Паводле яго, пасьля падпісаньня кантракту судзьдзя на пасяджэньні аб працягу захаду ўтрыманьня паведаміў аб вываленьні, але ўдакладніў, ці добраахвотна ён падпісаў кантракт, а потым па яго прыехалі вайскоўцы і адвезьлі ў вайсковую частку ў Пецярбургу.
Сяргей Г. кажа, што знаходзіўся ў вучэбнай частцы прыблізна два месяцы. Яго пераводзілі з падразьдзелу ў падразьдзел, пакуль ён не апынуўся ў штармавіках у другім армейскім корпусе Калінінградзкай вайсковай акругі. Паводле яго, зь ім падпісалі бестэрміновы кантракт, які можна скасаваць толькі ў выпадку цяжкага раненьня. На фронце ён праваяваў усяго два дні, а потым трапіў ва ўкраінскі палон.
Грамадзянін Беларусі паведаміў, што ў палон ён трапіў падчас выкананьня заданьня ўвайсьці ва ўкраінскі населены пункт, павесіць расейскі сьцяг, сфатаграфавацца і выйсьці.
Сяргей Г. не шкадуе, што падпісаў кантракт з расейскім войскам і зрабіў бы гэта яшчэ раз, каб выйсьці з расейскай турмы. «Безумоўна. Я атрымаў нейкі досьвед. Многія яго проста не атрымалі. [...] Гэта таго варта», — сказаў ён.
У той жа час, ён адзначыў, што тыя, хто разважае над тым, ці падпісваць кантракт з Расеяй на вайну ва Ўкраіну, павінны разумець, што «99,9 адсоткаў на тое, што ты ня вернесься дадому».
«30 дзён пражыць на баявых заданьнях — гэта нерэальна», — падкрэсьліў ён.
Колькі беларусаў знаходзяцца ва ўкраінскім палоне
Сёлета ў ліпені ў Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны назвалі колькасьць грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі і трапілі ва ўкраінскі палон.
«На ліпень 2026 году ў месцах утрыманьня ваеннапалонных ва Ўкраіне знаходзяцца 22 грамадзяніны Беларусі. Пачынаючы з 2022 году, сямёх беларусаў, якія мелі таксама і расейскае грамадзянства, абмянялі на грамадзян Украіны, якія знаходзіліся ў расейскім палоне», — паведаміў кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу Багдан Ахрыменка ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды.
Да гэтага былі вядомыя прозьвішчы 18 беларусаў, якія трапілі ва ўкраінскі палон. З улікам Сяргея Г. цяпер вядомыя 19 прозьвішчаў.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Форум